Як беларусы ЗША сьвяткавалі Дзень Волі 60 гадоў таму

У 2023 годзе сьвяткаваньне Дня Волі адметнае сымбалічнай падзеяй. У сталіцы ЗША Вашынгтоне – мэр Мёрыель Боўзэр абвесьціла 25 сакавіка – Днём Волі Беларусі.

Кіраўнікі гарацкіх адміністрацый, а таксама губэрнатары розных штатаў ужо некалькі дзясяткаў гадоў робяць праклямацыі з нагоды Дня Волі.

Я пралістаў падшыўку старых эмігранцкіх выданьняў, каб знайсьці прыклады і даведацца, як беларусы ЗША сьвяткавалі Дзень Волі ў розныя гады.

Так, у нумары 75 газэты “Беларус” за сакавік 1962 году расказваецца пра сьвяткаваньне сорак чацьвёртых угодкаў абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі. У 10 гадзін раніцы ў Катэдральным саборы сьв. Кірылы Тураўскага правілася Сьвятая Літургія з Малебнам за Беларусь. А ўжо а трэцяй гадзіне папаўдні ў музычнай залі гатэлю Білтмор пачлося сьвяточнае мерапрыемства.

У самім Нью Ёрку мэр гораду Робэрт Ф. Вагнэр абвесьціў дзень 25 сакавіка – Беларускім Днём Незалежнасьці. Згодна паведамленьню ў газэце, праклямацыя была “выдадзеная 20 сакавіка й даручаная прадстаўніком беларускіх арганізацыяў у меставой ратушы (Сыты Гол)”. Праклямацыю з рук мэра атрымалі Ю. Станкевіч, В. Кіпель, Я. Каханоўская, В. Юрцэвіч, Яра Тумаш, К. Марляк, А. Шукелойць, М. Казьлякоўскі.

У 76-77 нумары “Беларуса” за красавік-травень 1962 году расказваецца пра візіт беларускай дэлегацыі на аўдыенцыю да віцэ-прызыдэнта ЗША.

Ліндан Б. Джонсан прыняў у сваім габінеце Архіепіскапа Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Уладыку Васіля й старшыню Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сп. Кастуся Мерляка. Пасьля ў Сэнаце Уладыка Васіль памаліўся за Беларусь стоячы за трыбунай віцэ-прэзыдэнта.

Там жа на Капіталійскім халме 20 сэнатараў і кангрэсмэнаў выступілі з прамовамі і асьветчаньнямі з нагоды сорак чацьвёртых угодак абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі.

У тым жа годзе ўрачыстыя сьвяткаваньні адбыліся ў Ню Брансвіку (Ню Джэрзі), Кліўлендзе, Лос Анджэлесе, Чыкага, Дэтройце.

Мэр гораду Пассэйк у Ню Джэрзі Пол Г. дэ Маро абвясціў 25 сакавіка 1962 году – Днём Незалежнасьці Беларусі.

У другім нумары газэты “Беларускае слова” за 1958 год таксама знаходзім згадку, што губэрнатары штатаў Ню Ёрк (Авэрэль Гарыман), Ню Джэрзі (Робэрт Мэйнэр), Огайо (Вільямс О’Ніль) абвесцілі 25 сакавіка 1958 году – Днём Незалежнасьці Беларусі.

Дык што гэта за “праклямацыі” ад мэраў і губэрнатараў і як яны выдаюцца?

Праклямацыя – гэта не юрыдычны, а сымбалічны зварот да грамацкасьці, абвяшчэньне, якое робіць мэр ці губэрнатар датычна нейкай значнай падзеі. Тэкст такога звароту павінны быць дасланы ў офіс мэра ці губэрнатара за пару тыдняў. Пасля абвяшчаецца дата, калі падпісаная праклямацыя будзе перададзеная прадстаўнікам арганізацыі, якая яе даслала.

Такія праклямацыі ня могуць быць абвешчаныя з нагоды юбілеяў, альбо, напрыклад, вясельляў. Павінны быць значныя для горада ці штата і групы іх насельнікаў падзеі. У 2023 годзе, як і ў папряэднім, у Вашынгтоне такое абвяшчэньне адбылося па замове Вашынгтонскага аддзела Беларуска-Амерыканскага Задзiночання (БАЗА).

Унізе я даў спасылку на старонку офісу мэра Ню Ёрку, дзе падрабязна апісваецца працэдура і ёсць адпаведная форма для запаўненьня.

З вывешваеньнем сьцягоў крыху іншая справа. На сваёй прыватнай уласнасьці ў межах закону і здаровага сэнсу можна вывесіць любыя сьцягі. Але перад будынкамі афіцыйных уладаў дэманстрацыя розных сымбаляў вельмі рэглямантаваная.

Як мы бачым, беларусы ЗША надавалі і надаюць вялікую важнасьць сьвяткаваньню Дня абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі. Актывісты пры любой магчымасьці абазначалі і абазначаюць сваю прысутнасьць у ЗША, расказваюць пра Беларусь і праз сымбалічныя ўчынкі не даюць забыцца на інсаваньне краіны, якая марыць аб Свабодзе і Незалежнасьці.

Жыве Беларусь!

Зпрашаем далучацца да сьвяткаваньня Дня Волі – 2023!

Дзе і што адбудзецца ў Ню Ёрку і ЗША глядзіце па спасылцы:

Форма для падачы звароту на падпісаньне праклямацыі мэрам Ню Ёрку:

https://www.nyc.gov/office-of-the-mayor/mayoral-greeting-request.page

Старыя газэты:

Старыя газэты лістаў

Міхась Чаропка