ВІТАЎТ КІПЕЛЬ (1927-2022)

3 сьнежня 2022 году адыйшоў у вечнасьць сп. Вітаўт Кіпель, выдатны навуковец, грамадскі дзеяч, дасьледчык гісторыі беларускай эміграцыі, бібліёграф і адданы беларускі патрыёт. 

Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 траўня 1927 году ў Менску, у сям’і Яўхіма Кіпеля і Марыі Зубкоўскай. Бацька Вітаўта Кіпеля быў мовазнаўцам, сябрам Тэрміналягічнай камісіі й актывістам беларусізацыі ў 1920-я гады. Маці скончыла Менскую гімназыю, была ўдзельніцай хору Ўладзімера Тэраўскага, пазьней скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне Менскага педінстытуту. У чэрвені 1930 году бацька, Яўхім Кіпель быў арыштаваны ГПУ, і праходзіў па сфальсыфікаванай справе “Саюзу Вызваленьня Беларусі”, што была выкарыстаная для зьнішчэньня беларускіх нацыянальных сілаў, такзваных “нацдэмаў”, а затым быў высланы ў Налінск у Расеі. Жонка з малым Вітаўтам перабралася да мужа. 

У высылцы Кіпелі сябравалі з “нацдэмамі” Міколам Азбукінам, Антонам Адамовічам, Міколам Улашчыкам і паэтам Уладзімерам Жылкам. Кіпелі перахоўвалі апошні твор паэта, “Тэстамэнт”. Пасьля пераезду сям’і ў Арол Яўхім Кіпель быў зноў арыштаваны ў сьнежні 1935 году, і жонка засталася зноў адна з сынам і сваім паралізаваным бацькам, Васілём Зубкоўскім. Пасьля пачатку вайны сям’і ўдалося ўзьяднацца, і затым у 1942 годзе пераехаць ў Менск. Да гэтага часу Вітаўт быў зарэгістраваны пад прозьвішчам маці. Бацька стаў працаваць у навуковым і мэтадычным аддзеле, і быў рэдактарам газэты “Голас Вёскі”. Маці працавала ў школьным інспэктараце, Вітаўт хадзіў у школу, дзе ўсё выкладалася па-беларуску, і дадаткова займаўся з Антонам Лёсікам, захапіўся беларусаведай, і далучыўся да Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ). 

Бацька займаў пасады ў БЦР, і калі сталі набліжацца савецкія войскі, 1 ліпеня 1944 году сям’я эвакуявалася на Захад. Такім чынам, Вітаўт пражыў на Бацькаўшчыне ўсяго 8 год. Затым былі Познань, Бэрлін і Карлсбад. Канец вайны сустрэлі ў Гармішы, які апынуўся ў амэрыканскай зоне акупацыі Нямеччыны. Затым Вітаўт стаў вучыцца ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу, супрацоўнічаў у часапісе літгуртка гімназіі “У выраі”. Падчас палітычных закалотаў сярод уцекачоў у ДП-лягерах, Вітаўт імнуўся заставацца ўбаку ад спрэчак. Ён сур’ёзна заняўся скаўтынгам, скончыў курсы скаўцкіх кіраўнікоў, і потым стаў кіраўніком (штандаровым) беларускіх скаўтаў у Міхельсдорфе. Істотнай часткай падрыхтоўкі скаўтаў было беларусаведнае навучаньне. Бацькі ў гэты час былі ў Бакнангу, а пасьля, у 1949 годзе перабраліся ў Амэрыку. 

У 1948-1949 гадах Вітаўт вучыўся на мэдычным факультэце Цюбінгенскага ўнівэрсытэту ў Нямеччыне (Француская зона), а ў 1949-1953 гадах на геалягічным факультэце Лювэнскага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі.  В. Кіпель быў актыўны ў студэнцкім згуртаваньні і ў Саюзе беларусаў Бэльгіі, быў заступнікам старшыні гэтай арганізацыі, праводзіў культурную і асьветніцкую працу, рыхтаваў даклады, канцэрты, заняткі беларусаведы.

У 1953 годзе атрымаў ступень магістра, а ў 1955 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю па мінэралёгіі, і тады-ж выехаў Амэрыку, дзе ў 1956 годзе ажаніўся з Зорай Савёнак, што стала ягонай калегай і сябрам у далейшай навуковай і грамадскай дзейнасьці.

Пасяліліся перш у Пасэйку, пасьля ў Балтыморы. Сталая праца ў галіне геалёгіі, прафэсіі Вітаўта, была адкрытая толькі для грамадзянаў ЗША. Пакуль тое грамадзянства, трэба было падтрымліваць растучую сям’ю, і ён з Зорай абраў новую прафэсію–скончыў бібліятэчны факультэт і быў прыняты на працу ў навуковым аддзеле Нью Ёркскай Публічнай Бібліятэкі. Ён аддаў шмат часу і працы на разбудову і каталягізацыю навуковай і беларускай калекцыяў, падрыхтоўваў мноства выставаў, сярод якіх пярлінай стала “450-годдзе Беларускага Друку”. Кіпель доўгі час працаваў  выканаўчым дырэктарам Даследчага цэнтру навукі й тэхналёгіі Нью Ёркскай Публічнай Бібліятэкі.

Вітаўт Кіпель таксама супрацоўнічаў у Нью Ёрскай філіі  беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, дзе пераважна насьвятляў беларускае жыцьцё ў ЗША, публікацыі і розныя аспэкты беларусаведы. Шматгадовае сяброўства зьвязвала Вітаўта Кіпеля з Янкам Запруднікам, дырэктарам Нью Ёрскай філіі Радыё Свабода, значным беларускім грамадскім дзеячам і навукоўцам, што пайшоў з жыцьця ў адзін год з Кіпелем. 

У Амэрыцы  Вітаўт Кіпель далучыўся да беларускай грамадскай працы, і таксама актыўна наладжваў кантакты з амэрыканскімі палітыкамі. Ён браў удзел у працы структураў Рэспубліканскай партыі, і міжэтнічных арганізацыяў, інфармуючы  амэрыканскую грамадзкасьць пра Беларусь і яе стан пад камуністычным панаваньнем, дапамагаючы вывесьці беларускае пытаньне на парадак дня Сэнату і Кангрэсу ЗША.  У 1972-1982 гадах ён займаў пасаду старшыні Федэрацыі рэспубліканскіх клюбаў, быў абраны старшынём Рэспубліканскай федэрацыі штата Нью Джэрзі. У 1978-1982 гадах В. Кіпель быў старшынём Этнічнай рады штата Нью Джэрзі. У 1975 годзе ён быў узнагароджаны мэдалём Айзэнгаўэра для Вызваленьня Паняволеных Народаў. 

Грамадзкая актыўнасьць Вітаўта Кіпеля была зьвязаная і з амэрыканскім скаўтынгам, у якім ён быў актыўны некалькі дзясяткаў гадоў у якасьці скаўт-майстра і дырэктара падрыхтоўкі скаўт-майстраў у Нью Джэрзі. 

Ад самага заснаваньня Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (БІНіМ) Вітаўт Кіпель браў удзел у працы гэтай установы, а з 1982 году стаў дырэктарам БІНіМу, пашырыў навуковую і выдавецкую дзейнасьць Інстытуту, спрычыніўся да выхаду амаль усіх кнігаў у яго выдавецкай сэрыі, зборнікі твораў Натальлі Арсеньневай, Алеся Салаўя, Міхася Кавыля, Аляксандры Саковіч, Юркі Віцьбіча. Зь ягонай дапамогай быў дапрацаваны і апублікаваны Ангельска-беларускі слоўнік Валянціны Пашкевіч, выйшаў зборнік “Беларуская Дзяржаўнасьць” пра часы БНР.

Разам з жонкай Зорай Вітаўт Кіпель правёў вялізную справу па выданьні бібліяграфічных даведнікаў, бібліяграфіі “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе”, бібліяграфіі па энцыкляпэдыях і слоўніках, і даведніка “Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе”, была завершаная і выдадзеная праца Вітаўта Тумаша “Пяць стагоддзяў Скарыніяны”. Рэгулярна выдаваліся “Запісы БІНіМ”.  

В. Кіпель актыўна выступаў як грамадзка-палітычны публіцыст як на беларускай, так і на ангельскай мовах. Шмат артыкулаў пра беларусаў у Амэрыцы Кіпель зьмяшчае ў квартальніку The Heritage Review, які ў 1970-х гадох выходзіў у штаце Нью Джэрзі. Вітаўт Кіпель браў удзел у шматлікіх сходах беларускіх агранізацыяў, такіх як БАЗА, Згуртаваньне Беларускай Моладзі ў Амэрыцы, Беларускі Кангрэсовы Камітэт, беларускія парафіі БАПЦ, зрабіў, шмат дакладаў і выступленьняў, напісаў сотні мэмарандумаў і артыкулаў.

Асобнай галіной дзейнасьці Вітаўта Кіпеля стала падрыхтоўка гісторыі беларускай грамады ў Амэрыцы. Першыя артыкулы былі падрыхтаваныя ў рамках дзейнасьці Этнічнай Рады пры губэрнатары Нью Джэрзі, і на адставе скрыптаў для Радыё Свабода. Затым буў удзел у працы “Этнічны Досьвед Нью Джэрзі”, і “Беларускія амэрыканцы ды іхныя грамады у Кліўландзе”. Падрыхтоўвалася да выданьня таксама і мангаграфічная праца па гісторыі беларусаў у Амэрыцы.

У 1991 годзе Вітаўт Кіпель разам з Зорай пасьля доўгага расстаньня наведаў родны свой горад, Менск, прыняўшы ўдзел у Першым кангрэсе беларусістаў, і навязаў шмат кантактаў з рознымі беларускімі культурніцкімі арганізацыяі й дзеячамі. Пазьней Кіпелі яшчэ некалькі разоў наведвалі Бацькаўшчыну. Калі Беларусь атрымала незалежнасьць, у Менску выйшла кніга Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША”, плён ягоных шматгадовых навуковых досьледаў. Праз некалькі год пашыранае выданьне гэтай працы выйшла па-ангельску ў ЗША. 

Вітаўт Кіпель быў у шчыльным кантакце з прадстаўніком Беларусі ў ААН і паэтам Генадзем Бураўкінам, і з міністрам замежных справаў Беларусі Пятром Краўчанкам, калі ствараліся першыя прадстаўніцтвы незалежнай Беларусі за мяжой. Кіпель працягваў удзел у працы ў Рэспубліканскай партыі, прыцягваючы ўвагу да пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі з прыходам Лукашэнкі, і аднаўленьні шавіністычнай палітыкі Расеі. 

Працягвалася праца па гісторыі беларусаў у Амэрыцы, і ў 2017 годзе выйшла другое выданьне кнігі “Беларусы ў ЗША”, а ўсяго праз два гады–і трэцяе. Працаздольнасьці й энэргіі Вітаўта Кіпеля можна было толькі пазайздросьціць. 

Але гады і час бяруць сваё. Вітаўт Кіпель памёр пасьля непрацяглай хваробы 3-га сьнежня 2022 году, і пахаваны на беларускіх могілках у Іст Брансвіку, Н.Дж. 

Дзеці Вітаўта і Зоры Кіпеляў, Юрка Кіпель і Алеся Кіпель, таксама зьяўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі грамадзкага жыцьця беларусаў у ЗША, і працягваюць справу бацькоў.

Памяць пра Вітаўта Кіпеля застанецца ў ягоных кнігах, і ў сэрцах усіх, хто ведаў яго і працаваў зь ім. 

Віталь Зайка