ВЕЛІКОДНАЕ  АРХІПАСТЫРСКАЕ  ПАСЛАНЬНЕ

Годнаму сьвятарству й вернікам

Беларускае  Аўтакефальнае  Праваслаўнае  Царквы,

якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы.

“Што шукаеце жывога сярод мёртвых?

Яго няма тут: Ён Уваскрос…” 

 (Дабравесьце паводле Лукаша 24:5-6)

Любыя вялебныя айцы, браты й сёстры ў Хрысьце!

Мінае літургійны год і Царква, праходзячы гадавое кола Набажэнстваў, вяртаецца да сьвяткаваньня галоўнага сьвята – Уваскрасеньня Хрыстовага – падзеі, якая адбылася дзьве тысячы гадоў таму і ёсьць сутнасьцю Хрысьціянскае веры, дзякуючы якому мы атрымалі жыцьцё вечнае для нашае душы. Таму гэтае сьвята называем – Вялікдзень. Без любові, якую прынёс нам Хрыстос, не магчыма пераадолець свае грахі й быць у яднаньні з Госпадам, бо сьвятое Дабравесьце вучыць нас: “Па тым пазнаюць усе, што Вы мае вучні, калі будзеце мець любоў паміж сабою.” (Ян. 13:35). І ў сёньняшні смутны час, наша вера дае нам сілы і патрэбу змагацца за праўду й дабро, за свабоду свае Радзімы.

Віншую зь Велікоднем ўсіх беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне, асабліва палітычных зьняволеных і перасьледаваных, і тых, што знаходзячыся ў Замежжы, змагаюцца за Вольную Беларусь, у тым ліку й беларускіх жаўнёраў, што дапамагаюць братняй Украіне абараняцца ад агрэсіі маскоўскае імперыі зла. Зычу ўсім суайчыньнікам напоўніць свае сэрцы любоўю да Госпада і сваіх блізкіх, да роднае Беларусі і ўсяго ейнага духоўнага скарбу, які захавалі й перадалі нам нашыя продкі. Молімся таксама за ўсіх хрысьціянаў, каб кожны народ быў вольным і мог славіць Бога у сваёй Царкве, у сваіх традыцыях і абрадах, на сваёй роднай мове.

Ласка ўваскрослага Госпада нашага Ісуса Хрыста, любоў Бога Айца й супольнасьць Сьвятога Духа хай будуць з усімі вамі!

Хрыстос Уваскрос!  Сапраўды Ўваскрос!

Зь любасьцю й малітвамі,

☨Сьвятаслаў, архіяпіскап БАПЦ.   

     Вялікдзень, 2023 лета Божага.

Крыніца: https://www.facebook.com/belapc.org