Урок гісторыі

Нядаўна натрапіла ў інтэрнэце на інфармацыю пра адметны факт гісторыі Амэрыкі, які набывае актуальную значнасьць для нашага часу. Сёньня варта нагадаць пра гэту павучальную падзею.
14 кастрычніка 1912 году (якраз 110 гадоў таму) адзін звычайны амэрыканскі грамадзянін зьдзейсніў напад на Тэадора Рузвельта. Пад час сустрэчы палітыка з выбаршчыкамі нехта Джон Шранк выстраліў з рэвальвэра проста ў сэрца Рузвэльта.
Тэадор Рузвельт быў адным з самых папулярных амэрыканскіх прэзыдэнтаў, ён выконваў гэты абавязак цягам двух дазволеных Канстытуцыяй тэрмінаў з 1901 па 1909 год. Потым яго замяніў новабраны прэзыдэнт Уільям Тафт. Сытуацыя ў ЗША пачала імкліва мяняцца да горшага, новы прэдыдэнт аказаўся не падрыхтаваным да такой высокай пасады.
У грамадзтве пачаліся забурэньні, усе пачалі ўспамінаць, што пры Рузвельту было лепш, ягоная папулярнасьць узрасла да 80 %. Шырока выказваліся прапановы, каб запрасіць Рузвэльта балятавацца на трэйці тэрмін. Група рэспубліканцаў падтрымала гэтую ідэю і ўрэшце Рузвельт пагадзіўся ісьці на трэйці тэрмін і пачаў перадвыбарчую кампанію. Краіна была ахоплена эйфарыяю, пачалі выказвацца новыя прапановы – газэты пачалі пісаць, што прэзыдэнты павінны кіраваць не два, а тры тэрміны, некаторыя нават дагаварыліся да таго, што Рузвельта трэба надзяліць паўнамоцтвамі Вярхоўных суддзяў (яны назначаюцца пажыцьцёва).
Мудры палітык і разумны чалавек Тэадор Рузвельт ведаў, што гэта будзе парушэньне Канстытуцыі. Але, не вытрымаў спакусы “усенароднай любові” і пагадзіўся на гэты крок. “Калі народ зробіць на мяне стаўку, я не адмоўлюся ад службы” – заявіў ён. Сталі мяняцца і ягоныя паводзіны, ён станавіўся папулістам, слава, як выглядала, прыходзілася Рузвельту да спадобы.
Рэвальвэрны выстрал у Мілуокі, куды палітык прыехаў на сустрэчу з выбаршчыкамі, да якой падрыхтаваў выступ на 50 старонках, прыпыніў увесь гэты небясьпечны працэс.
Нападнік быў арыштаваны, грамадзтва патрабавала расправы над ім. Сьледчыя спрабавалі высьветліць прычыны ягонага ўчынку, яны не маглі ўцяміць, чаму ён хацеў забіць такого ўсенародна любімага палітыка, які, як выглядала, не зрабіў нічога злачыннага за сваю палітычную карьеру.
У адказ на абвінавачваньні Джон Шранк сказаў і ўвесь час паўтараў адну фразу: “Кожны чалавек, які пажадае балатавацца на трэйці прэзыдэнцкі тэрмін, павінен быць забіты”. Урэшце, Шранка адправілі ў закрытую псіхіятрычную клініку, дзе ён і памёр у 1943 годзе.
Прызнаны варьятам чалавек аказаўся самым цьвярозым сярод экзальтаванага папулісцкімі ідэямі грамадзтва. Гэта быў просты чалавек, які не мог палумачыць свой учынак высокімі словамі, але ён глыбока ўцяміў усю небясьпеку сытуацыі для краіны. Ён ніяк не мог перапыніць гэтыя падзеі і выбраў такі брутальны спосаб змаганьня, каб ахвяраваць двума жыцьцямі – Рузвельта і свайго асабістага.
А што магло б быць, калі б Рузвельт у трэйці раз стаў прэзыдэнтам?
Можна паразважаць з улікам абставінаў. Калі Рузвельт быў амаль гатовы пераступіць праз Канстытуцыю і пачаў адчуваць сябе ўсенародным любімцам, то гэта ўжо ёсьць падстава абаўляцца, што палітык далей мог паступова і нават незаўважна для самога сябе ісьці па шляху да шырокай і абсалютнай улады, мог і на чацьвёрты тэрмін пайсьці, калі б “народ пажадаў”. Ні ён сам, дык ягоныя наступнікі маглі б уважаць, што можна пераступаць праз Канстытуцыю, а некаму захацелася б, можа, і пяты тэрмін адолець. Дастаткова разагрэць грамадзтва папулісцкімі ідэямі. Як паказвае сусьветная гісторыя, так адкрываюцца шляхі да самых жорскіх дыктатураў.
Лёс захаваў жыцьцё Тэадору Рузвельту, бо, напэўна, ён не заслугоўваў такога прысуду і шмат добрага зрабіў для Амэрыкі. У той драматычны дзень ён быў апрануты ў тоўстае паліто, ва унутранай кішэні якога, якраз насупроць сэрца, ляжаў мэталёвы футарал для акуляраў і там жа былі складзеныя ўдвая 50 лістоў з тэкстам ягонай прамовы. Куля прайшла праз гэтыя перашкоды, але толькі падрапала скуру, а палітык застаўся жывым.
Якая была рэакцыя Рузвельта? Ён не стаў выстаўляць сябе ахвяраю, не стаў падыгрываць натоўпу, бо тады ягоны рэйтынг, напэўна, наблізіўся б да 100% і перамога ў выбарах была б яму гарантаваная. Ён асэнсваў гэты ўрок вельмі адказна, зразумеў, што ледзь не перайшоў тую “чырвоную лінію”, якая падзяляе закон і беззаконьне. Рузвэльт згарнуў сваю перадвыбарчую кампанію і не быў абраны прэзыдэнтам. Паступова адыйшоў ад палітыкі і памёр у 1919 годзе.
Але, другі прадстаўнік роду Рузвельтаў – Франклін Дэлано Рузвельт стаўся адзіным амэрыканскім прэзыдэнтам, які адслужыў тры тэрміны і быў нават абраны на чацьвёрты, аднак ў хуткім часе памёр. Ён узначальваў амэрыканскую выканаўчую ўладу ў самыя складаныя часы новай амэрыканскай гісторыі – Вялікай дэпрэсіі і Другой сусьветнай вайны (ад 4 сакавіка 1933 да 12 красавіка 1945). Здолеў вывесьці краіну з крызісу і ўнесьці свой важкі ўклад у перамогу над гітлераўскай Нямеччынаю і яе саюзьнікамі. Апраўдаў давер амэрыканскага народу, ніяк не выяўляў дыктатарскіх схільнасьцяў і не дапускаў краіну да сытуацыяў, якія нясьлі б рагрозу амэрыканскай дэмакратыі.
Будучы выхаваныя ў амэрыканскай дэмакратычнай палітычнай сыстэме, абодва Рузвельты паказалі, якой можа быць роля асобаў у палітыцы. Абодва былі назвычай папулярнымі ў грамадзтве, карысталіся высокім даверам, усенароднай славаю, але не скарысталі гэта дзеля ўмацаваньня сваёй абсалютнай улады.
Аднак, цяпер варта сказаць і пра ролю грамадзтва ў палітыцы. Усеагульнае ачмурэньне папулісцкімі ідэямі адкрывае дарогу да дыктатуры і безадказныя палітыкі заўсёды могуць гэта скарыстаць. У выпадку з Тэадорам Рузвельтам мы бачым, што грамадзтва было гатовым да гэтага і што магло здарыцца далей з Амэрыкаю?
Грамадзтва, якое не мае адказнасьці за сваю будучыню і лёгка паддаецца папулізму, вырошчвае дыктатарў. Адна вядомая беларуская журналістка выказала сваю думку пра сытуацыю ў сёньняшняй Расеі: калі б расейскаму народу далі ў прэзыдэнты анёла, ён усёроўна зрабіў бы з яго дыктатара.
З-за безадказнасьці грамадзтва і палітыкаў вырастаюць самыя брутальныя дыктатуры. Як правіла, пачынаецца з парушэньня Канстытуцыі, існуючых законаў. Чаму ж “добраму цару “ не даць магчымасьці яшчэ паваладарыць, калі нам пры ім добра жылося? – так думаюць, на жаль, многія.
Канешне, цывілізаванае грамадзтва не можа прыняць метад, які выкарыстаў некалі Джон Шранк. Але, як паказвае гісторыя і сёньняшняя сытуацыя ў Расеі, Беларусі, Венесуэле, Паўночнай Карэі і іншых дыктатрскіх краінах, авалодаўшы абсалютнай уладаю дыктатары заўсёды самі пачынаюць забіваць спачатку сваіх апанентаў, а потым і цэлыя народы – прыклад вайны ва Украіне.
Грамадзтва кожнай краіны павінна клапаціцца пра тое, каб пабудаваць сістэму процідзеяньня дыктатуры, каб гэтая сістэма, а не фізічнае забойства парушальнікаў законаў – будучых патэнцыяльных дыктатараў, папярэджвалі станаўленьне дыктатарскай улады.
Пазбаўленье ад дыктатуры каштуе шмат даражэй, чым яе папярэджаньне.
Ганна Сурмач
Photo via Good Free Photos