УГОДКІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ Ў НЬЮ-ЁРКУ

Дзень Герояў вольнай Беларусі адзначылі ў Нью-Ёрку. Гэта адбылося 4 сьнежня ў беларускім цэнтры пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага. Мерапрыемства сабрала як беларусаў з Нью-Ёрка, так і гасьцей з Філадэльфіі, Вірджыніі й іншых мейсц.
Распачаў імпрэзу Міхал Чаропка, заступнік старшыні Нью-Ёркскага адзьдзелу БАЗА. Ён зьвярнуўся да прысутных уганараваць хвілінай маўчаньня памерлага ў суботу, 3 сьнежня, Вітаўта Кіпеля, беларускага патрыёта і дзеяча навукі і культуры ў эміграцыі (1927-2022).
Пасьля Міхал уключыў відэа з гісторыкам Уладзімірам Арловым, які ў некалькіх хвілінах распавёў пра ўзброеную абарону Бацькаўшчыны случчакамі ў лістападзе-сьнежні 1920 года. Потым Міхал засяродзіў увагу прысутных на асобах, беларускіх вайскоўцах, афіцэрах, іх лёсах пасьля збройнага супраціву.

Спадаром Чаропка былі пералічаныя і пададзеная аўтабіяграфічная інфармацыя аб наступных імёнах: Уладзімір Паркулевіч, Павал Жаўрыд, Анастас Анцыповіч, Улас Дубіна, Юры Лістапад, Ян Мацэля, Арсень Паўлюкевіч, Васіль Русак, Юльян Сасноўскі, Павал Чайка, Лукаш Семянюк, Ахрэм Гаўрыловіч, Якуб Гузьней.
У залю вядоўцай было зададзена пытаньне: “Чаму гэтыя людзі вярнуліся ў БССР?”. Адказ прагучаў ад Ганны Сурмач, якая коратка патлумачыла, што яны купіліся на прапаганду бальшавікоў аб тым, што ім нічога не будзе…
Пасьля выступіў ганаровы госьць Зянон Пазьняк, які працягнуў тэму. Ён прывёў жахлівую лічбу ў 1 800 000 тыс. чалавек, зьнішчаных у Беларусі праз рэпрэсіі.
“Ні адзін народ не панёс столькі стратаў, колькі беларусы. У нас было зьнішчана больш за ўсё людзей жахлівым камуністычным рэжымам. Дарэчы, камунізм – гэта форма расейскага імпэрыялізму”, – прамовіў Зянон Пазьняк.
Далей спадар Зянон прывёў факты з гісторыі Слуцкага Збройнага Чыну – рашэньні случчакоў абараняць БНР у гістарычных межах.
Ён распавёў пра тое, што супраць некалькіх тысяч чалавек, якім не хапала зброі, харчаваньня і амуніцыі была брошаная 16-я армія бальшавіцкіх галаварэзаў. Але случчакі на працягу двух месяцаў стрымлівалі іх удары і трымалі фронт даўжынёй ў 100 км.

“Восеньню 1920 году, у час вайны Польшчы і савецкай Расеі, ваюючыя бакі падпісалі мірнае пагадненьне. Дэмаркацыйная лінія і нэйтральная зона прайшлі якраз цераз Случчыну. Сытуацыю выкарысталі случчакі. Быў скліканы Першы беларускі зьезд Случчыны, які абраў часовы ўрад – Беларускую раду Случчыны. Пры падтрымцы сялянства і месьцічаў Рада за тры дні сфармавала з добраахвотнікаў 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі з двух палкоў. Узброеная барацьба пачалася 27 лістапада 1920 году. Баі з Чырвонай арміяй працягваліся да канца сьнежня 1920 году. Спроба стварыць незалежную беларускую дзяржаву была гераічнай”.
Таксама Зянон Пазьняк зьвярнуў увагу прысутных, што супраць балшавікоў, калектывізацыі і савецкай ўлады ў Беларусі на працягу 20-ых гадоў было больш за 500 паўстаньняў. Дакумэнты аб гэтым засакрэчаны. Дадзеных ніякіх няма. Але ў адпаведны час праўда ўсё роўна пральецца ў грамадзтва.
“З ворагам трэба змагацца. Мы маем працяг Слуцкага Збройнага Чына ў палку Каліноўскага. Я размаўляў з прадстаўнікамі палка і запэўніваю, што беларусы ваююць добра. Да палка ёсьць давер з боку ЗСУ. Каліноўцы даказалі крывёй сваю годную справу па вызваленьні Украіны і ў будучым Беларусі ад ворага”, – працягнуў Зянон Пазьняк.
На сёньня палітык стварае суполкі нацыянальна-вызвольнага руху “Вольная Беларусь”. Яны прадстаўлены найбольш у Польшчы, Летуве, але ёсьць і ў Нарвэгіі, Чэхіі, Нямеччыне, Каліфорніі і і ншых мейсцах.
Падчас імпрэзы былі паказаны ўрыўкі з фільма “На Чорных Лядах” па матывах аповесьці Васіля Быкава пра паўстанцаў-случчакоў. Таксама быў зачытаны зварот Івонкі Сурвіллы, старшыні Рады БНР, Натальляй Федарэнка, старшынёй БАЗА. Спадарыня Івонка распавяла пра мэдаль “Пагоня”, якая будзе ўручацца за выбітныя заслугі перад Бацькаўшчынай тым беларусам, якія змагаюцца за яе волю і незалежнасьць.
Віталь Зайка, кіраўнік Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня” таксама ўспомніў добрым словам Вітаўта Кіпеля і заклікаў працягваць справу нашых папярэднікаў.
Расціслаў Гарошка, распавёў, што першы сьвятар Сабора Сьв. Кірылы Тураўскага быў слуцкі ваяр Хведар Данілюк. Спадар Гарошка зьяўляецца актыўным парафіянінам БАПЦ з 1949 года, а ягоныя бацькі былі фундатарамі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. Рукамі спадара Гарошкі зроблена шмат працы ў саборы, і ён працягвае займацца ёю, нягледзячы на паважны узрост.

Стараста царквы, спадар Аляксандр Хомчанка, заклікаў прысутных ахвяраваць на дрон для палка Каліноўскага. Ён падзяліўся інфармацыяй, што частку грошай беларусы Амэрыкі ўжо ахвяравалі ў мінулую нядзелю. Але гэтага недастаткова, бо ён каштуе 12 тысяч даляраў. Таму збор працягваецца і ён папрасіў не быць абыякавымі да агульнай справы па барацьбе супраць ворага.
Таксама на царкоўным ганку Спадарыні Людміла Хомчанка і Валянціна Бардакова прадавалі украінскі хэнд мэйд. Жанчыны робяць гэта на працягу некалькіх месяцаў, каб падтрымаць ЗСУ.
Пасьля афіцыйнага івэнту ўсіх прысутных чакаў сьвяточны абед, прыгатаваны гасьціннымі беларускамі Нью-Ёрка. А пасьля яго была яшчэ неафіцыйная чатска – круглы стол, арганізаваны старшынёй Нью-Ёрксага адзьдела БАЗА Аксанай Пятрашка.

За ім Галіна Пазьняк узьняла пытаньне русіфікацыі Беларусі і стане мовы. Яна на вершах класікаў паказала прыгажосьць, тэмп, моц і калярыт беларускай мовы. Таксама спадарыня Галіна заклікала прысутных рабіць такія круглыя сталы часьцей і зьбірацца разам тэматычна.
Аляксандр Хомчанка за круглым сталом паказаў памятныя манеты, якія выпусьціў Белы Дом. На іх выгравіраваны надпіс “Moskva Russian Warship go f**k yourselves”. Гэта словы, якія былі сказаныя ўкраінскім ваенным у адказ на запыт расейцаў на востраве Зьмяіны. Гэтыя манэты маюць лімітаваную сэрыю і карыстаюцца попытам у пакупнікоў “гіфт шопа” Белага Дома.


Беларусы Нью-Ёрка маглі яшчэ доўга паразмаўляць і падзяліцца ўласным досьведам выкарыстаньня мовы і прагнозамі на будучыню Беларусі. Размова закончылася цудоўным баршчом і салатам ад Галіны Пазьняк.
Алесь Пазьняк























