У вянок доктару Вітаўту Кіпелю

3-га сьнежня пайшоў з жыцьця выбітны беларус і грамадзкі нацыянальны дзеяч Вітаўт Кіпель (1927-2022). Я ведаў спадара Кіпеля з 1991-га года і, калі сказаць коратка, — гэта быў вельмі каштоўны для беларускай нацыі і для беларускай культуры чалавек. Ён жыў у жыцьцёвай парадыгме свайго пакаленьня беларусаў-адраджэнцаў, лёзунг якога быў: “Як жыць, дык жыць для Беларусі”.
За сваё доўгае жыцьцё ён якраз гэты лёзунг і рэалізаваў. Зроблена вельмі шмат для беларусаў, для Бацькаўшчыны і культуры. Гэта набытак, і ён застаецца.
Я б найбольш адзначыў яго навукова-выдавецкую дзейнасьць. З 1982 года ён быў дырэктарам БІНІМ (Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва), заснаванага ў 1951 годзе ў ЗША (Нью-Ёрк). Выдадзена мноства кніг беларускіх паэтаў, вучоных, пісьменьнікаў на эміграцыі, слоўнікаў, бібліяграфічных даведнікаў, архіўных матар’ялаў пазнаваўчай літаратуры пра Беларусь. Гэта цэлы пласт беларускага жыцьця, адлюстраваны ў друку, што вельмі важна для гісторыі і культуры. Акрамя таго рэгулярна выдаваліся салідныя навукова-бібліяграфічныя “Запісы” БІНІМ. Будучая Вольная Беларусь будзе вельмі ўдзячная людзям, якія стваралі, множылі і захоўвалі беларускую культуру ў замежжы.
Доктар Кіпель найбольш цаніў у культуры друкаваную кнігу і стараўся гэтую кніжную культуру ўздымаць у гару, разумеючы, што кніга зьберагае для народа вечнасьць. Жыцьцё пражыта годна.
Вечная памяць.

Зянон Пазьняк
6 сьнежань 2022 г. Нью-Ёрк