У НЮ-ЁРКУ ПРАТЭСТАВАЛІ СУПРАЦЬ ЯДЗЕРНАЙ ЗБРОІ

Акцыя супраць размяшчэньня ядзерной зброі ў Беларусі адбылася ў Ню-Ёрку ў суботу, 24 чэрвеня, у 12.30 ля будынка ААН. Яна была арганізаваная BAZA (Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне). На акцыю перад галоўным офісам ААН выйшла некалькі актывістаў з бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі на ангельскай мове. Падтрымаць беларускую супольнасьць прыйшлі нават нарвэжац і полька.
Удзельнікі акцыі выступілі з прамовамі і прайшліся з лёзунгамі супраць расейскай агрэсіі і ядзернай зброі ў Беларусі па Плошчы Абъяднаных Нацый.
Вось, што сказалі некаторыя з удзельнікаў дадзенага мерапрыемства.

«Размяшчэньне ядзернай зброі цалкам ставіць Беларусь пад магчымы ўдар, калі Расея вырашыць прымяніць гэтую зброю пад час канфлікта ва Украіне. Мы не можам стаяць у баку і ня выказаць нашу волю. Беларусь была бязядзернай дзяржавай і павінна ёй застацца. Нам ня трэба ніякай пагрозы», – сказаў Міхал Чаропка, заступнік старшыні Нью-Ёркскага аддзела BAZA.

«Мы абавязаны выходзіць і паказваць усяму сьвету, што мы супраць гвалту, агрэсіі і вайны. Беларусы ва ўісм сьвеце павінны быць салідарныя і змагацца з рэжымам», – выказаўся атывіст Андрэй Малецкі.
«Мы супраць таго, каб Беларусь заставалася пад уладай Расейскай імпэрыі. Беларусь, якая пацярпела ад наступстваў Чарнобыля, не павінна мець чарговы ядзерны цень. Таму мы перад ААН. І таму мы гаворым сваё НЕ!», – заявіў Віталь Зайка, кіраўнік Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня «Пагоня».
«Навіны з сёньняшняй Расеі кажуць аб тым, што сітуацыя можа кардынальна зьмяніцца ў рэгіёне. Таму нам трэба пратэставаць і каб беларускія войскі не ўдзельнічалі ў канфлікце ўнутры Расеі. У гэтай сітуацыі нам трэба патрабаваць вываду ўсіх расейскіх войскаў з Беларусі. Беларусь павінна захаваць незалежнасьць у гэтай складанай сітуацыі», – сказала Ганна Сурмач, дзяячка Рады БНР.
«Менавіта зараз важна аб’яднацца ўсім. Гісторыя паказвае, што нам не патрэбны такі «брат», якім ёсьць Расея для нашай краіны. Беларускі народ – гэта не Лукашэнка. Мы мусім самі вырашаць свой лёс, а не дыктатары», – падкрэсьліла Аксана Пятрашка, старшыня Ню-Ёрскага аддзела BAZA.
Таксама да акцыі далучыўся прадстаўнік калмыкаў, намесьнік старшыні Кангрэса айрат-калмыцкага народа, спадар Байрат. У сваім выступе ён распавёў пра заявы Кангрэса калмыцкага народа, якія асудзілі захопніцкую палітыку Расеі ў дачыненьні Украіны, а таксама прызывах да калмыцкага народа не ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны.
Байрат падкрэсьліў: «На тэрыторыі Беларусі і за яе межамі ёсьць свабодалюбівыя людзі, якія выступаюць супраць улады, што здае нацыянальныя інтарэсы краіны імпэрскай Расеі».

Ядзерную зброю Беларусь вывела са сваёй тэрыторыі яшчэ 30 гадоў таму. Тагачасны беларускі кіраўнік, Станіслаў Шушкевіч, лічыў гэта вялікім дасягненнем. Цяпер жа гэты від узбраенняў вяртаецца ў краіну. Пуцін і Лукашэнка дамовіліся аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі.
25 траўня адпаведная дамова была падпісаная міністрамі абароны абедзвюх краін. У той самы дзень Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што перасоўваньне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь ужо пачалося. Раней расейскі кіраўнік заяўляў, што будаўніцтва сховішча для ядзернага ўзбраеньня ў Беларусі павінна быць завершана да ліпеня.
Міністр абароны Расеі Шайгу сказаў, што гэтая зброя не перадаецца Беларусі, а будзе размешчана на яе тэрыторыі. Значыць, сама тэрыторыя гэтых сховішчаў будзе лічыцца тэрыторыяй РФ. Інакш будзе парушана міжнароднае права.

За савецкім часам на тэрыторыі Беларусі была размешчана вялізная колькасць такой зброі. Беларусь была рэкардсменам сьвету па колькасці вайскоўцаў (на 100 тысяч насельніцтва. – рэд.). Мы далёка апярэджвалі Казахстан, РФ і ўсе іншыя тэрыторыі па гэтаму паказчыку. Ядзерны арсенал, які існаваў у Беларусі більш за 30 гадок назад, па заявах палітыкаў, вяртаецца ў Беларусь. Праўда, неведома ў якой колькасьці і дзе ён будзе размешчаны.
Амэрыканскі прэзідэнт Джо Байдэн у сувязі з гэтым падкрэсліў “абсалютную безадказнасьць” намераў расейскіх улад размясьціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі.
Кіраўнік НАТА сказаў, што краіны, якія ўваходзяць у альянс «пастаянна абмяркоўваюць, якія меры мы павінны прыняць». Вышэйшы орган ядзернай палітыкі НАТА, Група ядзернага плянаваньня, “таксама разглядала гэтае пытаньне”, дадаў Столтэнберг.
Алесь Пазьняк
Здымкі аўтара











