У Нью-Ёрку на акцыі “Свабодная Беларусь” ушанавалі палітвязьняў

У суботу, 20 жніўня, ў Вашынгтон-сквэр-парку было горача ня толькі ад сонца, але і ад канцантрацыі беларусаў. Тут а 13-ай гадзіне пачалася акцыя “Support Freedom In Belarus”.

Ганна Шарко, арганізатар мерапрыемства, напачатку акцыі адзначыла важнасьць беларускай салідарнасьці, а таксама падзякавала ўсім, хто ахвяраваў часам і прыйшоў. Актывістка раздала прысутным фатаздымкі палітвязьняў, каб была магчымасьць распавесьці амэрыканскім і замежным наведвальнікам парка пра дыктатуру ў Беларусі. Яна зьвярнула ўвагу, што цяпер рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае каля 1500 палітычных зьняволеных.

Ганна прызвала прысутных уганараваць хвілінай маўчаньня загінулых на пратэстах у 2020 годзе. І тых беларусаў, хто ахвяраваў сабой, баронячы Ўкраіну. Таксама яна распавяла пра двух сваіх сяброў, юрыстаў Яўгена Бабака і Яўгена Юшкевіча. На сёньняшні дзень абодва з’яўляюцца палітвязьнямі.

У працягу сваёй прамовы Ганна акцэнтавала ўвагу на дапамозе Ігару і Дар’е Лосікам, маёмасць якіх хочуць выставіць на продаж і заклікала падтрымаць іх фінансава, каб гэтага ня здарылася. 

“У Беларусі сёньня людзі нічога ня могуць сказаць. І мы павінны выказвацца за тых, хто зараз ня можа гаварыць. Мы павінны падтрымаць палітвязьняў і голасна заяўляць пра тэрарыстычны рэжым у Беларусі. Кожны беларус павінен усьвядоміць, што мая хата ня з краю!” – выказалася Ганна.

Акцыя сабрала каля сотні беларусаў. Некаторыя прыйшлі на яе толькі ўчора апынуўшыся ў Нью-Ёрку пасля перасячэньня мэксыкана-амэрыканскай мяжы. Людзі прынесьлі з сабой бел-чырвона-белыя сьцягі. Некаторыя трымалі плякаты.

Падзея была адзначана тым, што кожны жадаючы мог выказацца і распавесьці ўласную гісторыю перасьледу.

Адзін з прысутных, супрацоўнік часапіса “Беларус” Міхал Чаропка, заклікаў беларусаў прытрымлівацца салідарнасьці і ня кідацца ў сваркі. Ён выказаўся пра важнасьць таго, што нельга спыняцца ў пашырэньні інфармацыі пра злачынствы рэжыму. Таксама ён заўважыў, што беларусы гэтым разам на акцыі пачалі выказвацца і прагучала некалькі добрых сьведчаньняў аб перасьледзе.

“Трэба паказваць, што ў Беларусі ёсьць голас і ён не задушаны. Яны закапалі нас у зямлю, але яны ня ведалі, што мы – бульба. Беларусы няскораныя і будуць змагацца паўсюль, дзе яны ёсьць. Сёньня гучалі добрыя прамовы. Жыве Беларусь!” – сказаў Міхал Чаропка.

Андрэй Малецкі, які прыйшоў з сям’ёй, распавёў, што знаходзіцца ў вышуку за палітычную дзейнасьць у Беларусі. Ён два тыдні як прыехаў у ЗША. Аднак мужчына ўпэўнены, што вернецца, бо рэжым ня вечны. А пакуль трэба жыць у новых варунках.

Старшыня беларуска-амэрыканскага згуртаваньня “Пагоня” Віталь Зайка зрабіў акцэнт на дапамозе палітвязьням. Ён адзначыў, што яна можа быць рознай – ад сумесных дзеяньняў беларусаў за мяжой да матэрыяльных ахвяраваньняў.

Спадар Зайка распавёў пра свайго знаёмага, палітвязьня Яўгена Афнагеля, які быў затрыманы ў 2020 годзе ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (“Удзел у масавых беспарадках”). Сілавікі тады выламалі дзьверы кватэры, у якой ён пражываў.

“У 2020 годзе адбылася нацыянальная самаідэнтыфікацыя. Трэба падтрымліваць кожнага, хто змагаецца супраць дыктатуры і памятаць пра палітвязьняў. Гэта вельмі важна”, – адзначыў старшыня “Пагоні”.

Спадарыня Жэня распавяла, што ўжо шэсць год жыве ў ЗША, але ёй неабыякавы лёс Беларусі, бо гэта яе Радзіма. Па гэтай прычыне яна прыйшла на акцыю “Свабодная Беларусь”.

Мерапрыемства скончылася сумесным пікніком з піцай і кавай ў Вашынгтон-сквер-парку. Тут прысутныя маглі бліжэй пазнаёміцца і абмяняцца кантактамі. Цікава, што толькі што апынуўшыхся ў ЗША беларусаў турбавала прысутнасьць амэрыканскай паліцыі ў месцы адпачынку. Аднак тыя, хто жыве ў Амэрыцы працяглы час, патлумачылі, што паліцыя нікога ніколі не чапае бяз пэўных прычын, асабліва калі людзі сабраліся, каб спакойна выказаць свае думкі і погляды.

Вокліч “Жыве Беларусь!” шмат разоў гучаў у Вашынгтон-сквер-парку і прыцягваў увагу нью-ёркцаў.

Алесь Пазьняк

Фатаздымкі з акцыі прадстаўлены Yurii Eber, Hanna Sharko, Віталь Зайка