У Нью-Ёрку адбыўся Марш паняволеных народаў

Бел-чырвона-белыя сьцягі 17 ліпеня залуналі над Мангэтанам. У гэты дзень у Амэрыцы распачаўся Тыдзень паняволеных народаў.
У ЗША гэты тыдзень праводзіцца з 1959 года Камітэтам паняволеных народаў. Першапачаткова ён быў скіраваны на падтрымку народаў, якія апынуліся пад камуністычнымі рэжымамі.
У бягучым годзе прэзідэнт Джо Байдэн афіцыйна абвесьціў дні з 17 па 23 ліпеня Тыднем паняволеных народаў. Напярэдадні Белы дом апублікаваў заяву, дзе Байдэн разважае пра трывожныя тэндэнцыі ў сьвеце.
«Рэпрэсіўныя рэжымы ў Расеі, Іране, Беларусі, Сырыі, Кубе, Вэнэсуэле, Нікарагуа, Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы, Кітайскай Народнай Рэспубліцы і іншых краінах усё часьцей імкнуцца падпарадкаваць сабе ня толькі тых, хто знаходзіцца ў іхных уласных межах, але і тых, хто знаходзіцца ў іншых краінах. Яны перасякаюць межы, каб сачыць, турбаваць, пагражаць і нават забіваць праваабаронцаў, работнікаў СМІ і цывільных асоб у іншых сувэрэнных краінах. Дэмакратыі сьвету павінны аб’яднацца і прадэманстраваць сілу нашай рашучасьці пакласьці канец гэтай несправядлівасьці», – заяўлена на сайце Белага дома.
Удзельнікі Марша, касьцяк якога склалі беларусы, ў нядзелю 17 ліпеня ў Нью-Ёрку сабраліся а 9-й раніцы каля гатэлю Плаза (Plaza Hotel, at 5 Ave and 59th Street) на Мангэтане. Адтуль вырушылі да Катэдры Сьвятога Патрыка, дзе адбылася імша за Паняволеныя Народы. Затым у 11 гадзін актывісты рушылі маршам па 5-й эвэню і 59 вуліцы да Сэнтрал Парку. Тут а 12-ай гадзіне каля Мэйн-манумэнту (Maine Monument, near Columbus Circle) адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Тыдня Паняволеных Народаў.
Адзін з удзельнікаў і актывістаў Марша, які прыехаў з Філадэльфіі Вадзім Васільеў распавёў, што ўжо шосты раз бярэ удзел у гэтай акцыі.
«Прыехаў у Нью-Ёрк разам з сябрамі, бо адчуваем важнасьць таго, каб паказаць у якой небяспецы знаходзіцца наша краіна. Я заўсёды імкнуся браць удзел у Маршы. Прапусьціў Марш толькі раз, калі быў пік пандэміі каранавіруса. Мы мусім падтрымаць таксама і Ўкраіну, частка якой акупавана расейскімі агрэсарамі. Крыўдна, што ў гэтым годзе беларусаў было няшмат. Колькі ў Амэрыку перайшло беларусаў праз Мэксіку? Тысячы людзей! І дзе яны? Чаму не прыйшлі паўдзельнічаць?» – задаецца пытаньнямі Вадзім Васільеў.
Па словах удзельніка Марша беларусы зноў засьведчылі аб тым, што наша краіна знаходзіцца ў цісках дыктатуры і паняволеньня.
Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і ўдзеле ў Маршы таксама ўзяло згуртаваньне “Пагоня”.
Алесь Пазьняк



