У Нью-Ёрку адбылося шэсьце і малебен па Галадамору ва Украіне

У Нью-Йорку ў саборы Сьвятога Патрыка з удзелам розных хрысціянскіх канфесій адбыўся ўрачысты малебен з нагоды 90-годзьдзя Галадамору ва Украіне.

Дзень памяці ахвяр галадамора 1932-1933 гадоў прыпадае на чацвёртую суботу лістапада і адзначаецца з 1998 года ва Украіне.  Лічыцца, што ў выніку яго загінулі сама меней 3,9 млн чалавек. Агульная колькасць ахвяр можа дасягаць да 7-10 мільёнаў.

У суботнім малебне 19 лістапада ў Нью-Ёрку прынялі ўдзел палітыкі, дыпламаты, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, шматтысячная ўкраінская грамада, беларуская дыяспара на чале з Зянонам Пазьняком.

Перад гэтым удзельнікі малебна здзейснілі па Манхэтэну шматкіламетровае шэсьце з украінскімі і беларускімі сьцягамі, плякатамі і банерамі з інфармацыяй пра Галадамор.

Збор стартаваў ля царквы Сьвятога Юра (30 East 7th Street) ў 10 гадзін раніцы. А служба і выступы ў саборы Сьвятога Патрыка пачаліся ў гадзіну дня. Беларусы паўдзельнічалі і ў шэсьці, і ў малебне. 

Цікава, што ўсю працэсію ад пачатку да канца суправаджала ньюёркская паліцыя. А само шэсьце рухалася за аўтамабілем, на якім быў усталяваны вялізны звон. Пэрыядычна па дарозе ў яго званілі, каб ушанаваць памяць загінулых.

У галоўным каталіцкім саборы Нью-Ёрка першым выступіў сэнатар штата Чак Шумэр, які нагадаў, што яго продкі паходзяць з Тэрнопальскай вобласці, і падкрэсліў, што Галадамор быў генацыдам украінскага народа.

«Сталін імкнуўся знішчыць украінскі народ і ўкраінскі дух, але ён і савецкі рэжым загінулі, а ўкраінскі народ жыве. Як сталін пацярпеў крушэнне ў сваіх намерах, гэтак жа церпіць крах і пуцін», – выказаўся Чарльз Шумэр.

Таксама сэнатар зрабіў акцэнт на важнасць узмацнення ваеннай дапамогі Украіне з боку ЗША. 

«Няхай жыве ўкраінскі народ!» – гэтымі словамі завяршыў Чак Шумэр сваю прамову.

Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісьліца адзначыў, што мэтанакіраваны голад застаецца галоўнай зброяй крамля. А ягоная палітыка вынішчэньня не зьмяняецца стагодзьзямі. 

“На гэты раз яго прымяняюць не толькі ва Украіне, але і ва ўсім сьвеце, уключаючы самыя слабыя краіны Афрыкі і Азіі”, – адзначыў дыплямат.

Сяргей Кісьліца нагадаў, што па дадзеных ААН, зараз з праблемай голаду сутыкаюцца  сотні мільёнаў чалавек у сьвеце. Прычым для многіх з іх прычынай пакут стала расейскае ўварванне ва Украіну, якое прывяло да дэфіцыту харчавання.

Напярэдадні Вярхоўная Рада Украіны заклікала парляменты дзяржаў сьвету прызнаць Галадамор генацыдам супраць украінскага народа. 

Па некаторых падліках у галоўным каталіцкім саборы Нью-Ёрка ў суботу на 90-годзьдзе па Галадамору сабралася каля чатырох тысяч украінцаў.

Алесь Пазьняк

Здымкі: Алесь Пазьняк, Dinara Khairova