ЦІ СТАНЕ БЕЛАРУСЬ НОВАЙ ХІРАСІМАЙ?

Такое пытаньне прагучала падчас акцыі памяці 37-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі.
Беларусы Нью-Ёрка на бягучым тыдні правялі два мерапрыемства прымеркаваных да атамнай катастрофы ў Беларусі.
У сераду, 26 красавіка, ля будынку штаб-кватэры Аб’яднаных Нацыяў на Мангэтане апоўдні адбыўся мітынг, арганізатарм якога выступіла Беларуска-Амэрыканскае Згуртаваньне «Пагоня».
Па словах Віталя Зайкі, старшыні Згуртаваньня, штогадовая акцыя зьбірае беларусаў не толькі з Нью-Ёрку, але і з іншых эрый, якія паказваюць сваёй прысутнасьцю неабыякавасьць да падзей, якія адбываюцца ў Беларусі.

«Кожны год мы зьбіраем землякоў, каб правесьці акцыю памяці і салідарнасьці з пацярпелымі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ахвярамі палітыкі рэжыму да жыхароў радыяцыйна забруджаных тэрыторыяў, і да пратэсту супраць разьмешчаньня расейскай атамнай зброі ў Беларусі», – выказаўся спадар Зайка.
Актывісты сабраліся трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі і плякаты з надпісамі, якія тлумачылі сітуацыю на Беларусі.
Спадар Зайка распавёў, што ААН як арганізацыя апынулася ў разгубленасьці пасьля пачатку вайны ва Украіне і не выконвае сваё прызначэньне. «Пагоня» неаднаразова падавала заявы ў структуры ААН аб узьдзеяньні на рэжым у Беларусі па спыненьні будаўніцтва новай АЭС і вынішчэньні беларускага народа праз наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.

Таксама ў нядзелю, 30 красавіка, у саборы сьв. Кірылы Тураўскага на Атлянтык Авэню адбыўся малебен аб абароне Беларусі. Сьвятар БАПЦ Іван Кухар узгадаў наступствы аварыі на ЧАЭС і стварыў малітву прашэньня і заступніцтва за Беларусь у сувязі з чарговай атамнай пагрозай.
«Бєларусь шмат адпакутвала і працягвае несьці свой крыж перад Богам таксама ў пакутах і несвабодзе, атамным шантажы і дыктатуры», – прамовіў сьвятар.

У грамадзкай залі сабора BAZA правяла імпрэзу «Не – расейскай атамнай зброі ў Беларусі». У залі не было шматлюдна. Відаць дождж, які ішоў двое содняў, унёс свае карэктывы ў чалавечыя пляны. Аднак тут гучала шмат цікавай і грунтоўнай інфармацыі пра Чарнобыльскую катастрофу і будучыню Беларусі. З дакладамі і аповядамі па тэме выступілі Віталь Зайка, Міхал Чаропка, заступнік старшыні нью-ёркскага адзьдзела BAZA, Натальля Федарэнка, старшыня Галоўнай управы BAZA, а таксама сябра Рады БНР Ганна Сурмач.
Прысутныя паглядзелі фільм BBC аб аварыі на ЧАЭС і генацыдзе беларусаў праз сакрэтныя распыленьні радыёактыўнага дажджу пасьля аварыі.
Зьміцер Левіт, сябра BAZA і амэрыканскі вайсковец падзяліўся ўспамінамі пра Чарнобыльскую трагедыю. Таксама ён распавёў пра бліжэйшыя пляны паездкі ў Нямеччыну для супрацоўніцтва і навучаньня вайскоўцаў ЗСУ.

Нагадаем, што Расея мае намер размясьціць сваю ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі. Зараз праводзіцца будаўніцтва сховішча, якое плянуецца сконьчыць 1 ліпеня.
Па словах Віталя Зайкі, гэта можа прывесьці ў выпадку пашырэньня ваенных дзеяньняў, да новай Хірасімы, але ўжо на тэрыторыі Беларусі.
Алесь Пазьняк
Здымкі: Алесь Пазьняк, Віталь Зайка











