Сябры БАЗА адзначылі Дзень Зямлі валянтэрскай працай

22 красавіка ва ўсім сьвеце адзначаецца Дзень Зямлі.
У гэты дзень праводзяцца мэрапрыемствы па ахове нашай плянэты ад забруджваньня і скарачэньня колькасьці лясоў.
Сябры Ньюёркскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) не засталіся ў баку ад праблемаў навакольнага асяроддзя. Тым больш, што 26 красавіка беларусы будуць адзначаць сумную гадавіну Чарнобыльскай трагедыі.
У гэтым годзе беларускія валянтэры далучыліся да арганізацыі Gowanus Canal Conservancy, якая займаецца ператварэньнем каналу Гаванус у Брукліне ў парк.
Канал знаходзіцца на мейсцы саляных балотаў, якія існавалі там да прыходу эўрапейцаў. Соль у канале з’явілася ад перамешваньня вады з крыніцаў і акіянскіх прыліваў. Каланісты, якія пасяліліся на берагох каналу, адразу зразумелі яго патэнцыял і пачалі выкарыстоўваць у камэрцыйных мэтах. Гаванус быў зручным шляхам вывазу тавараў з заводаў і фабрык, якія былі разьмешчаныя на яго берагох. Цягам часу паабапал ад каналу з’явіліся нафтаперапрацоўчыя заводы, якія і прывялі да асноўнага забруджваньня. Выкіды фабрык прапіталі зямлю пад каналам і вакол яго на 100 футаў. Зараз канал Гаванус – самая забруджаная водная артэрыя ў ЗША.
Другая праблема – гэта сцёкавыя воды. Яны слаба затрымліваюцца ў грунце пад вуліцамі суседніх кварталаў Брукліну і нясуць увесь бруд у канал. Адзін са спосабаў затрымліваць такую ваду – гэта пабудова водных садзікаў (як на фота). Такія садзікі на ўзбочынах вуліц могуць затрымліваць да 2240 галонаў дажджавой вады.

І менавіта для такіх садзікаў беларускія валянтэры рыхтавалі і высаджвалі расьліны.
Суботняй раніцай на перасячэньні 9-й авеню і Сміт стрыт сабралося з дзясятак людзей, у якіх ёсьць жаданьне аднавіць дадзены куток прыроды. У асноўным гэта былі мясцовыя жыхары, а таксама беларусы.
Па словах каардынатара з беларускага боку, Міхася Чаропкі, ўдзел у такіх мерапрыемствах вельмі важны для беларусаў у Нью Ёрку.

“Мы паказваем, што мы ня проста жыхары гораду, ці краіны, а актыўныя ўдзельнікі ў справах мясцовых кам’юніці. Нам ня ўсё роўна і мы зацікаўлены, каб сьвет вакол нас станавіўся лепшым. Праз такія мэрапрыемствы мы наладжваем стасункі з горадам і робім свой унёсак у справу выратаваньня навакольнага асяроддзя. Напярэдадні трыццаць сёмай гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, хто як не беларусы разумеюць важнасць экалагічных праблемаў і іх наступастваў?” – рассказаў Міхась Чаропка.
Усе ўдзельнікі мэрапрыемства атрымалі вялікую асалоду ад працы на адкрытым паветры. Ладзілася шмат гутарак і адбываўся сапраўдны нэтворкінг. З расьлінамі прыйшлі папрацаваць і рэдактар спартыўнага часопісу, і мэнаджары з Заходняга ўзьбярэжжа Мангэтану, і рэжысэр-дакумэнталіст, і шмат іншых цікавых людзей.
Наступны раз беларусы прыйдуць валянтэрыць сюды ўжо ў чэрвені месяцы.
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне і надалей плянуе прымаць удзел у розных валянтэрскіх праграмах. Сябры БАЗА запрашаюцца да актыўнага ўдзелу, а таксама чакаюцца прапановы па арганізацыі сваіх падобных мерапрыемстваў.
Калі ласка, зьвяртайцеся са сваімі прапановамі да нас праз форму звароту на нашым сайце.
Рэдакцыя газэты “Беларус”
Фота – Міхась Чаропка






