СЬВЯТА ЗАЛАТАВУСНАГА АДЗНАЧЫЛІ Ў ДЗВЮХ ЦЭРКВАХ

Два дні запар, 13 і 14 траўня, у Нью-Ёрку сьвяткавалі Парафіяльнае сьвята ў двух цэрквах сьвятога Кірылы Тураўскага. Першае прайшло ў Квінсе, па адрасе 104-29 Atlantic Ave, другое ў Брукліне на Atlantic Ave, 401. Цікава, што абезьве маюць аднолькавую назву і знаходзяцца на адной вуліцы шмат год, але аб’ядналіся толькі пару месяцаў назад.

Царква, што на Atlantic Ave 104-29 у Квінсе ў 1972 годзе была пабудаваная беларусамі і доўгі час належала да Карпата-Русінскай праваслаўнай епархіі ЗША. У гэтым годзе вернікі выказалі жаданьне далучыцца да БАПЦ. Айцец Васіль з УПЦ ня так даўно стаў сьвятаром гэтай царквы. 

Сама асоба Кірылы Тураўскага, які жыў у XII стагодзьдзі, займае выключнае месца ў беларускай духоўнай гісторыі. Ён вядомы, як манах-аскет, шчыры пастыр, выбітны пісьменьнік і прапаведнік Слова Божага. Яго называюць «другім Залатавусным», па прыкладу Яна Залатавуснага, за красамоўства і царкоўна-літаратурныя творы. 

11 траўня адзначаецца дзень памяці гэтага сьвятога беларускай зямлі. Трэба адзначыць, што ў Амэрыцы й Канадзе існуе тры беларускія праваслаўныя царквы названые ў гонар Кірылы Тураўскага. І дзьве з іх знаходзяцца непадалёк адна ад адной. 

Набажэнствы ў Нью-Ёрку узначаліў Высокапрывялебны Сьвятаслаў, архіяпіскап БАПЦ, які завітаў з Канады сьпецыяльна з гэтай нагоды. Архіяпіскапу саслужылі настаяльнік Парафіі Сьвятой Жыровіцкай іконы Божае Маці мітрафорны пратаярэй айцец Зіновій, пратаярэй айцец Іван і дыякан Мікола – сьвятарства Катэдральнага сабору БАПЦ у Нью-Ёрку, а таксама айцец Васіль.

Багаслужба ў царкве сьвятога Кірылы Тураўскага ў Квінсе праходзіла на некалькіх мовах – царкоўнаславянскай, беларускай і украінскай. Такое сталася праз рознасьць сьвятароў, якія служылі ў царкве. Але пры гэтым не было ніякага разладу і дысананса. 

Хор, які прыехаў з Катэдральнага сабору БАПЦ, цудоўна сьпяваў і скончыў набажэнства духоўным гімнам «Магутны Божа». 

У сваёй прамове на сьвяце ў Квінсе архіяпіскап БАПЦ прывёў некаторыя зьвесткі пра жыцьцё і творчасьць Кірылы Тураўскага. Таксама ён адзначыў, што хрысьціянства прынесла на зямлю любоў да бліжняга, ласку Божую ў перамозе над злом Сына Божага Ісуса Хрыста.

«Хрысьціянства перайшло межы класавыя і нацыянальныя, таму мы служым на розных мовах аднаму Богу ў братэрскай любові і павазе адзін да аднаго», – адзначыў архіяпіскап Сьвятаслаў. 

Сьвята ў Квінсе працягнулася пачастункам у грамадзкай залі ў бэйсманце царквы. 

Вернікі з Катэдральнага сабора ў Брукліне падарылі аднайменнай царкве ў Квінсе ікону з выявай Кірылы Тураўскага. На само сьвята, якое праходзіла ў Брукліне 14 траўня, сабраліся людзі з дзьвюх цэркваў. Службу вёў архіяпіскап Сьвятаслаў, якому дапамагалі тыя ж сьвятары.

Пратаярэй айцец Зіновій падчас службы нагадаў пра Дзень маці, які шырока адзначаецца ў сьвеце і ЗША. Стараста царквы Аляксандр Хомчанка з гэтай нагоды раздаў кожнай жанчыне па чырвонай ружы і павіншаваў іх ад царквы з гэтым сьвятам. 

Пасьля архірэйскай багаслужбы адбылася сяброўская сустрэча ў грамадзкай залі сабора. 

Алесь Пазьняк

Здымкі аўтара

Discover more from Газэта Беларус

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading