Свабода прэсы і Закон

Свабода выказваньняў і свабода прэсы – неад’емная частка Дэмакратыі. Праз данясеньне праўдзівай інфармацыі да грамадзянаў, выбарнікі могуць уплываць на сваіх абраных прадстаўнікоў. Ведаючы, што праўда пра неправавыя дзеяньні службовых асобаў будзе паказана й данесена да людзей, прадстаўнікі ўладаў вядуць сябе больш адказна на сваіх пастах.

Своечасовае данясеньне рэальнага стану рэчаў можа прадухіліць катастрафічныя вынікі для здароўя й жыцьця людзей. Адсутнасьць свабоднай прэсы ў Савецкім Зьвязе паставілі пад пагрозу страты здароўя мільёны людзей падчас Чарнобыльскай катастрофы. І ў той жа час свабодная прэса на Захадзе змагла дабіцца ад сваіх урадаў неадкладных дзеяньняў каб мінімізаваць шкоду ад аварыі.

Каб максымальна прадухіліць распаўсюд інфармацыі аб неправых дзеяньнях сілавікоў падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, улады максымальна процідзейнічалі прадстаўнікам прэсы. Напрыклад, не працаваў інтэрнэт. Шматлікія заходнія журналісты былі затрыманыя ў аэрапорце Менск-2 і адпраўлены самалётамі назад. Як гэта адбылося з Вадзімам Каменка – журналістам францускага выданьня L’Humanіté. Гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў – чарговы доказ, што яны ажыцьцяўляюць антыдэмакратычную палітыку, дзе няма месца свабодзе прэсы й тым больш – свабодзе слова.

На гэтым тыдні, я прыняў удзел у сустрэчы амэрыканкскіх журналістаў, якую ладзіў Knіght Fіrst Amendment Іnsіtute at Columbіa Unіversіty, New York. Удзельнікі абмяркоўвалі неправамоцныя дзеяньні паліцыі ў дачыненьні да журналістаў, якія асьвятляюць пратэсты ў ЗША. Размова была вельмі цікавая, асабліва для мяне – чалавека з краіны дзе адсутнічае дэмакратыя й трыццаць тры журналісты знаходзяцца за кратамі (інфамацыя ад ПЦ “Вясна” станам на 3 траўня 2023 году).

Галоўнай тэмай дыскусыі была Папраўка нумар Адзін да Канстытуцыі ЗША: “Congress shall make no law respectіng an establіshment of relіgіon, or prohіbіtіng the free exercіse thereof; or abrіdgіng the freedom of speech, or of the press; or the rіght of the people peaceably to assemble, and to petіtіon the Government for a redress of grіevances.” (Я спецыяльна не перакладаю гэты закон на беларускую мову, бо перакладам законаў лепш займацца адмысловым прафэсыяналам, а беларусам ЗША і так павінна быць усё зразумела. Спасылку на Закон і тлумачэньні да яго я прывяду ніжэй).

Як потым адзначыў у гутарцы са мной Alі Velshі з MSNBC, які быў мадэратарам падчас размовы, Папраўка нумар Адзін – гэта тое, што абараняе журналістаў у ЗША. А што яшчэ больш важна – іх абараняе Закон, які працуе, і справядлівы Суд, які кіруецца Законам, а не палітычным момантам.

Увогуле, як адзначылі ўдзельнікі сустрэчы, такой абароны прэсы няма больш нідзе ў сьвеце. Нават у Канадзе ці якой іншай сапраўды дэмакратычнай дзяржаве.

А што ёсьць у Беларусі?

Па інфармацыі таго ж ПЦ “Вясна” Беларусь знаходзіцца на 157 месцы са 180 дзяржаваў па ўзроўню свабоды прэсы. Журналісты падвяргаюцца перасьледу, арыштам, ператрусам. Беларускія мэдыя прызнаюцца “экстрэмісьцікмі” фармаваньнямі за тое, што яны робяць сваю справу – даносяць праўду пра стан рэчаў і падзеі ў краіне.

Вось сьпіс прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці, якія зараз адбываюць пакараньне:

Кацярына Бахвалава, Ігар Лосік, Ксенія Луцкіна, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Валерыя Касьцюгова, Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко, Ірына Леўшына, Дзьмітрый Наважылаў, Генадзь Мажэйка, Ірына Слаўнікава, Андрэй Кузьнечык, Сяргей Сацук, Юрый Ганцарэвіч, Дзьмітрый Лукша, Канстантын Залатых, Алесь (Аляксандр) Любянчук, Юлія Мудрэўская, Юрый Гладчук, Іван Мураўёў, Павел Мажэйка, Яўген Меркіс, Дзьмітрый Семчанка, Іна Можчанка, Андрэй Фамін, Ларыса Шчыракова, Павел Падабед, Вячаслаў Лазараў, Аляксандар Манцэвіч.

У дэмакратычнай краіне ўсе гэтыя людзі былі б на свабодзе й рабілі б сваю справу. Нажаль, Беларусь сёньня – гэта краіна рэпрэсыяў і адсутнасьці правоў чалавека.

Артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кажа:

“Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне.

Ніхто ня можа быць прымушаны да выказваньня сваіх перакананьняў альбо адмовы ад іх.

Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, арганізацыямі альбо асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца.”  

Але што такое канстытуцыя ў краіне, дзе воля аднаго чалавека – гэта загад на выкананьне любымі сродкамі й без усялякіх абмеркаваньняў? Тут ужо не да чытаньня й выкананьня законаў.

Пасьля скрадзеных выбараў 2020 году, новыя лідары апазыцыі заяўляюць пра іх галоўную мэту – правядзеньне “новых справядлівых выбараў”. Але ці будзе яно таго вартае, калі нават пасьля гэтага беларусы, якія прывыклі, што закон не працуе, ня будуць ім кіравацца? Я бачу галоўнай мэтай – аднаўленьне вяршынства права й разгалінаваньня ворганаў улады.

Айцы-заснавальнікі ЗША былі вельмі разумнымі й прагрэсыўнымі людзьмі. Яны стварылі збалянсаваную сыстэму, дзе ў судзе можна аспрэчыць прынятыя законы ці адстаяць праўду. У Беларусі ж, пакуль людзі будуць дбаць пра замену аднаго правадыра на другога, а не пра Закон і роўнасьць усіх перад ім, мы так і будзем заставацца на адхоне цывілізацыі. І нашыя галасы праўды так і надалей будуць безабаронныя, а разам зь імі безабароннымі будзем і мы.

Міхась Чаропка

Спасылкі:

Першая папраўка да Канстытуцыі ЗША

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Артыкул пра журналістаў за кратамі на сайце ПЦ “Вясна”

Covering Democracy. Knight First Amendment Institute