Сьв. памяці Аляксея Каўкі

21 сакавіка 2024  памёр Алякснй Каўка – дысідэнт, дыплямат, гісторык, доктар філялагічных навук і грамадзкі дзеяч

Было яму 87 гадоў. Нарадзіўся 20 верасня 1937 года на Чэрвеньшчыне, у 1961 годзе скончыў БДУ, але ад 1965 года жыў у Маскве, працаваў у Інстытуце сусьветнай літаратуры імя Горкага АН СССР і Інстытуце эканомікі сусьветнай сацыялістычнай сістэмы АН СССР. Быў некаторы час  галоўным рэдактарам часопіса “Савецкае славяназнаўства”, таксама працаваў дарадцам амбасады СССР у Польшчы.

Напрыканцы 1970-х гадоў пачаў займацца праблемаю адраджэння і станаўлення нацыянальнай беларускай самасвядомасці – даследаваў творчасць Францішка Скарыны, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага і Мікалая Улашчыка. 

У 1976–1977 гадох Аляксей Каўка напісаў ананімны “Ліст да рускага сябра”, палемічны твор, у якім выкрывалася палітыка русіфікацыі БССР. “Ліст да рускага сябра” распаўсюджваўся ў выглядзе самавыдату, трапіў у Польшчу, а адтуль у Лёндан, дзе быў выдадзены таксама і па англійску ў 1979 годзе, атрымаў вельмі вялікі розгалас.

 Маючы дыпламатычны пашпарт, Аляксей Каўка перапраўляў на Захад беларускія творы, якія не маглі быць надрукаваныя ў БССР, у тым ліку вядомую паштоўку Яўгена Куліка да 1000-годдзя Беларусі. Сп. Аляксей таксама дапамог перадаць на Захад знакаміты рукапіс кнігі сацыёлага Алега Бембеля “Родная мова і сацыяльны прагрэс”, прысвечаны праблеме моўнай асіміляцыі беларусаў, які быў выдадзены кнігай ў Лёндане ў 1985 годзе. 

Аляксей Каўка адыграў вялікую ролю ў арганізацыі Таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны ў Маскве, першай афіцыйна ўтворанай суполкі беларускай дыяспары ў Расіі (заснаваная ў 1988 годзе), быў яе першым старшынём. Ад 1991 года ўкладаў створаны на базе ТБК імя Францыска Скарыны літаратурнанавуковы альманах “Скарыніч”, друкуючы ў ім навуковыя артыкулы і раней невядомыя архіўныя дакументы і рукапісы Мікалая Улашчыка, Язэпа Лёсіка, Аркадзя Смоліча, ІванаЛуцкевіча, Адама Бабарэкі, ЯзэпаВаронкі, ЯзэпаДылы ды іншых дзеячаў беларускай навукі і культуры. Акрамя навуковых публікацый Аляксей Каўка выдаў некалькі цікавых зборнікаў эсэістыкі, якія дапаўняюць яго навуковыя даследаванні дзейнасці беларускіх гістарычных асобаў аўтарскімі рэфлексіямі, а таксама ўтрымліваюць успаміны,з якіх, сярод іншага, можна дазнацца шмат цікавага пра жыццё беларускай дыяспары ў Маскве. Гэта ўмоўная трылогія “Жывом!” (1997), “Будам жыць!” (1998) і “Каб не забыцца” (2006), а таксама выдадзеная адмыслова да юбілею Таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны ў Маскве “Мае беларусы” (2013). 

Аляксей Каўка быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і медалём да 100-годдзя БНР.

Discover more from Газэта Беларус

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading