Сустрэча з “Каліноўцам”

У нядзелю 6 жніўня 2023 у Беларускім цэнтры пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне адбыліся адметная падзея.
Пасьля ранішняй багаслужбы ў царве была адпраўлена паніхіда па загінулых беларускіх ваярах ва Украіне. А пасьля ў грамадзкай залі прысутныя маглі непасрэдна пазнаёміцца з ваяром Палка імя Каліноўскага Паўлам Шурмеем, які мае там пазыўны “Дзядзька”, што вельмі адпавядае ягонай саліднай постаці.
Павал родам з Ліды, ён вядомы беларускі спартоўца ў галіне веславаньня, удзельнік Алімпійскіх гульняў. Калі пачалася вайна ва Украіне, Павал на гэты дзень быў у Нью-Ёрку і часова прыпыніўся ў будынку нашага Сабору. Ужо на другі дзень ён быў у дарозе ва Украіну, каб ваяваць супроць расейскіх захопнікаў. Пазьней далучыўся да Палка імя Каліноўскага, стаў куляметчыкам і прымаў удзел у ваенных дзеяньнях на пярэдняй лініі. Пад час адной баявой апэрацыі атрымаў раненьні абедзвюх рук. Лячыўся ў шпіталі і цяпер праходзіць рэабілітацыю, каб аднавіць разарваны нэрв і дзеяздольнасьць левай рукі. У Нью-Ёрк разам з Паўлам прыехала і ягоная жонка – украінка, сп. Алена таксама спартоўка- веславальшчыца.
Напачатку сп. Павал коратка распавёў пра свой вайсковы досьвед, а потым большай часткаю адказваў на шматлікія пытаньні прысутных. Вядома, усім хацелася пачуць з першых рук інфармацыю пра “Каліноўцаў”, пра іх змаганьне, пра тое, што сёньня патрэбна нашым ваярам і як мы ўсе можам ім дапамагчы.
На сустрэчы быў арганізаваны збор грошай дзеля падтрымкі беларускіх ваяроў ва Украіне.
Ганна Сурмач
Фота Алесь Пазняк