Сустрэча са сп. Зянонам Пазьняком

У нядзелю, 29 кастрычніка 2023, беларуская грамада ў Нью -Ёрку мела добрую нагоду сустрэцца з палітычным лідэрам Нацыянальна-вызвольнага руху “Вольная Беларусь” сп. Зянонам Пазьняком у Беларускім цэнтры на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне. Сп. Пазьняк час ад часу наведвае Нью-Ёрк і ніколі не абмінае магчымасьць сустрэцца з амэрыканскімі беларусамі, каб падзяліцца думкамі і абмеркаваць актуальныя беларускія справы.

Гэтым разам сп. Пазьняк распавёў прысутным аб сучасным  палітычным становішчы вакол Беларусі, пра тую сытуацыю, якая сёньня дазваляе спадзявацца, што барацьба за вызваленьне ад дыктатуры нашай Бацькаўшчыны можа завяршыцца посьпехам.  Але, перамога не прыдзе сама па сабе , за лепшую будучыню для нашага народу трэба змагацца як у Беларусі, так і на эміграцыі. Сёньня на выгнаньні апынуліся шмат беларусаў, бальшыня з якіх – гэта найбольш сьвядомая і інтэлектуальная частка нацыі, якая можа шмат карыснага зрабіць дзеля перамогі, карыстаючыся магчымасьцямі жыцьця ў вольным сьвеце. 

Госьць паведаміў таксама пра тое, што канкрэтна робіць заснаваны ім разам з паплечнікамі  Нацыянальна-вызвольны рух “Вольная Беларусь”. Вялікая ўвага ў гэтай дзейнасьці надаецца распрацоўцы праектаў заканадаўчых дакумэнтаў, якія могуць быць пакладзены ў аснову будаўніцтва новай дэмакратычнай Беларусі пасьля зьмены ўлады і перамогі адраджэнскіх сілаў у краіне. Нельга дапусьціць, каб пасьля Лукашэнкі ўладу ў краіне захапілі  антыбеларускія сілы, таму ўжо цяпер трэба рыхтавацца , каб супроцьстаяць ім –  рыхтаваць заканадаўства і адпаведныя кадры.  Вопыт 2020 году паказаў, што дыктатуру нельга перамагчы мірным шляхам.  Верагодна, што трэба рыхтаваца да сілавога варыянта змаганьня з рэжымам, трэба падтрымліваць і рыхтаваць сілы для гэтага. Рух “Вольна Беларусь” у гэтай сытуацыі лічыць важным падтрымаць рэальную вайсковую сілу – Полк Каліноўскага, які цяпер ваюе за свабоду Украіны і тым самым і за свабоду Беларусі. Рух аказвае не тольку палітычную падтрымку беларускім ваярам ва Украіне, але і рэальную дапамогу – зьбірае сродкі, набывае і адпраўляе каліноўцам парэбную амуніцыю і  вайсковае абсталяваньне. На сустрэчы быў прысутны ваяр  Палка Каліноўскага сп.Павал Шурмей, які атрымаў раненьне  і цяпер знаходзіцца на рэабілітацыі. Сп. Пазьняк зьвярнуўся да прысутных з прапановаю ўнесьці  кожнаму жадаючаму свой асабісты ўклад  у скарбонку дапамогі каліноўцам. На гэтай сустрэчы была распачатая акцыя збору ахвяраваньняў для Палка Каліноўскага, якая працягнецца да канца лістапада.

Сёлетняя сустрэча мела свой прыемны працяг. У другой частцы сустрэчы сп. Пазьняк прэзэнтаваў сваю новую кнігу пад назваю “Грааль”. Гэта зборнік пьесаў, якія адлюстроўваюць вечныя тэмы рэлігі і грамадзкага быцьця, агульначалавечых каштоўнасьцяў,  што не трацяць актуальнасьці ні ў якім часе. Але, ёсьць і канкрэтная прывязка да сёньняшніх беларускіх рэаліяў. У зборнік увайшла адна вялікая пьеса пра апостала Пааўла – гэта пятая частка цыклю “Эвангельскія дзеі” (папярэднія выдадзены раней), а таксама дзьве пьесы для дзяцей і падлеткаў.

Аўтар зачытваў сцэнкі з пьесаў і выявілася, што сп. Зянон мае адмысловы акторскі талент, дзеючыя асобы пьесаў як бы ажывалі перад намі ва ўсім сваім рэальным ўвасабленьні. Адчувалася, што ўсе гэтыя вобразы былі да драбніц прадуманыя аўтарам. Яны надзеленыя некаторымі тыповымі, пазнавальнымі рысамі, але і маюць свае спецыфічныя адметнасьці і тым самым усе яны выглядаюць пераканаўчымі і запамінальнымі. Хацелася б, каб знайшліся прафесіяналы ці аматары, што маглі б паставіць некаторыя з гэтых твораў на рэальнай сцэне.

Ганна Сурмач