Сяброўская дапамога чарнагорцам

16 кастрычніка, у суботу, будынак нашага Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню быў адчынены для незвычайных гасьцей. У гэты дзень ў нашай царкве прадстаўнік Чарнагорскай праваслаўнай царквы япіскап Барыс адпраўляў багаслужбу для сваіх суродзічаў, якія жывуць у Нью-Ёрку.
Япіскап знаходзіўся з візытам у Амэрыцы і вельмі хацеў сустрэцца з суродзічамі, аднак чарнагорцы не маюць у Нью-Ёрку свайго памяшканьня. Давялося шукаць дапамогу ў іншых брацкіх цэркваў. З гэтай мэтаю япіскап Барыс прыйшоў у наш Сабор і прысутнічаў 9 кастрычніка на Багаслужбе, а потым вёў перамовы пра магчымасьць правесьці ў нас Багаслужбу для ягоных вернікаў. Просьбу япіскапа падтрымаў былы генеральны консул Рэспублікі Чарнагорыя ў ЗША сп. Стаматавіч, які ад свайго імя накіраваў ліст да нашай Парафіі з просьбаю дазволіць чарнагорскай грамадзе памаліцца ў нашым Саборы.
Япіскап Барыс вучыўся ў Духоўнай акадэміі ў Кіеве, добра валодае украінскаю і расейскай мовамі. Больш за 70 адсоткаў насельніцтва Чарнагорыі, якое налічвае больш за 620 тыс.чалавек, вызнаюць сябе праваслаўнымі хрысьціянамі і ім таксама даводзіцца, падобна беларусам, змагацца за сваю незалежную царкву. У перыяд з 1992 году па 2006 год гэтая балканская краіна знаходзілася ў адной саюзнай дзяржаве з Сэрбіяй, дзе перавагу мела сэрбская праваслаўная царква, якая панавала над Чарнагорыяй ужо з 1918 году. 3 чэрвеня 2006 году Чарнагорыя правяла рэфэрэндум і абвесьціла аб сваёй дзяржаўнай незалежнасьці. Краіна вядомая ў сьвеце таксама пад назваю – Монтэнегро. Яна уваходзіць у склад Эўразьвязу і НАТА. Аднак, да сёньня Чарнагорская праваслаўная царква яшчэ не можа цалкам вызваліцца ад уплыву сэрбскай царквы і знаходзіцца ў сытуацыі будаўніцтва сваёй незалежнай царкоўнай структуры і арганізацыі дапамогі сваім суайчыньнікам у замежжы. Спадзяемся, што і наша царква сваёй сьціплаю дапамогаю паспрыяе адраджэньню гэтай братэрскай нам царквы.
На Багаслужбе прысутнічала блізу чатырох дзесяткаў вернікаў. Адчувалася, што яны былі вельмі ўсьцешаныя такой магчымасьцю памаліцца разам. Напрыканцы Багаслужбы адбыліся хрэсьбіны, двое вернікаў, ужо дарослых людзей, далучыліся ў гэты дзень да веры Хрыстовай.
Наш Сабор даў магчымасьць чарнагорцам не толькі памаліцца, але і пабыць разам у сяброўскай бяседзе. Пасьля Багаслужбы яны сабраліся ў грамадзкай залі і яшчэ доўга абмяркоўвалі свае праблемы, дзяліліся думкамі і прапановамі.
Япіскап Барыс і консул сп. Стаматавіч сардэчна дзякавалі нашай Парафіі. У сваім лісьце падзякі дыплямат згадаў, што гэта была для іх першая Багаслужба ў Амэрыцы пасьля 1923 году. А нам застаецца толькі цешыцца, што беларусам удалося адрадзіць і захаваць сваю царкву на эміграцыі і цяпер мы можам і павінны дапамагаць іншым. Мы запрасілі чарнагорцаў наведваць нашы Багаслужбы па нядзелях, пакуль у іх тут няма сваёй царквы.
Ганна Сурмач
