Сьветлай памяці Алены Міхалюк

Адыйшла ў вечнасьць сп. Алена Міхалюк, без якой немагчыма ўявіць беларускую грамаду ў Ангельшчыне. Ангельцы сёлета страцілі сваю каралеву, а беларусы ў Брытаніі – сваю каралеву. Сп. Алена сапраўды пражыла падобнае годнае і доўгае жыцьцё ў служэньні. свайму народу. Розьніца ў тым, што жыць і працаваць дзеля Беларусі яна вымушаная была на эміграцыі. Можа некаму падасца і блюзьнерствам такое параўнаньне, але ў мяне асабіста ўзьнікла менавіта такая асацыяцыя. І не без падставы. Я добра ведала сп. Алену і яе мужа Янку Міхалюка. Была ў іх дома, пазьней рабіла пра іхную сямью шчырых беларускіх патрыётаў адмысловую перадачу на Радыё Свабода. Сустракаліся і яшчэ некалькі разоў з розных нагодаў.

Сп. Алена (нар. Марцінкевіч) нарадзілася 15 траўня 1930 году ў в. Лонскія, сёньня Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобласьці Беларусі. Падчас вайны была вывезена на працы ў Нямеччыну, як, дарэчы, і мая маці. 

Пасьля вайны апынулася ў лягэры ДП ў Ватэнштэце (Нямеччына), дзе вучылася ў беларускай гімназіі і была актывісткаю скаўцкага беларускага руху. У 1947 годзе разам са сваёй маці прыехала ў Вялікабрытанію, дзе прыпыніліся ў горадзе Брэдфардзе (Цэнтральная Англія), бо там была праца ў лёгкай прамысловасьці. У гэты горад трапіла шмат іншых беларусаў і з цягам часу яны набылі там свой Беларускі дом, дзе мне некалі давялося пабыць. 

Беларусы стварылі свае арганізацыі, пачалі праводзіць зборкі. Так на адной з іх Алена пазнаёмілася з Янкам Міхалюком родам з вёскі з пад Лунінца. У час вайны ягоная вёска была спаленая акупантамі. У 1949 годзе Алена і Янка пабраліся шлюбам, гэта было першае беларускае вясельле ў Англіі.

Потым адзін за адным у іх нарадзілася трое сыноў. І вось з трыма малымі дзецьмі яны абодва бралі самы актыўны ўдзел у беларускім жыцьці, дзеці былі прысутныя на ўсіх імпрэзах.

У 1965 годзе сямья пераехала ў Лёндан, дзе ўжо таксама віравала беларускае жыцьцё. У хуткім часе Янку Міхалюка абралі старшынём Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі, Гэтую пасаду ён ачольваў цягам 21 году. І Алена заўсёды была побач з ім у грамадзкім жыцьці, сямья жыла беларускімі клопатамі і не губляла надзеі вярнуцца на Бацькаўшчыну. Сп. Алена ўспамінала, што яны літаральна «сядзелі на чамаданах» доўгі час, прыгатаваныя вырнуцца ў Беларусь. Зразумелі, што вяртаньня не будзе, толькі тады, калі ўжо вырасьлі дзеці і самыя пастарэлі ў гэтым доўгім чаканьні. Бацькаўшчына пад савецкай ўладаю не выяўляла ніякага жаданьня клапаціцца пра замежных беларусаў, нават лічыла іх ворагамі.

Іхная мара пабачыць Беларусь павінна была ажыцьцявіцца ў ліпені 1993 году..У Менску меў адбыцца Першы зьезд беларусаў сьвету ва ўжо незалежнай Беларусі. Спадарства Міхалюкоў з вялікім хваляваньнем рыхтавалія да паездкі на Радзіму. Але, лёс пакіраваў інакш і сп. Янку не суджана ўжо было пабачыць беларускія краявіды. Ён цяжка захварэў, меў тры цяжкія апэрацыі і яму ампутавалі абедзьве нагі. Ён пражыў з гэтай інваліднасьцю яшчэ два гады і да сьмерці быў старшынём Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. 

Я пабывала ў доме Міхалюкоў у Лёндане вясною 1994 году, у той час, калі сп.. Янка ўжо сядзеў у інвалідным вазку. Я запісала з ім вялікае інтэрвю. Сп. Янка вітаў новае Беларускае адраджэньне, абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі. Але, ён застаў яшчэ і тыя перамены, якія пачыналіся пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Ён адчуваў, што справа ідзе не да таго ладу, які мусіў бы быць у незалежнай Беларусі, ён моцна трывожыўся за будучыню сваёй Радзімы. У наступным 1995 годзе яго не стала.

Праз тры гады, у 1998 годзе, сп. Алена , перажыўшы гэтую цяжкую страту, працягнула справу мужа. Яна была абраная старшынёю Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі і выконвала гэты абавязак да 2013 году, а пасьля засталася ганаровым сябрам Управы Згуртаваньня да апошніх дзён жыцьця. Пры ёй выхаваліся новыя пакаленьні патрыятычных беларусаў, якія прадоўжылі справу Алены і Янкі Міхалюкоў і ўтрымліваюць беларускае жыцьцё ў Вялікай Брытаніі да сёньняшняга часу.

Сп. Алена была  адданай верніцаю Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, брала ўдзел у працы Англа-Беларускага Таварыства, была сябрам рады Беларускага Дабрачыннага Фонду ў Брытаніі. Ад 1982 году была сябрам Рады БНР, узнагароджаная ў 2018 годзе Мэдалём да 100-годдзя БНР.

Сьветлае аблічча сп. Алены стаіць у мяне перад вачыма. Незабыўныя для мяне яе заўсёды прыязная ўсьмешка, яе годнае, шляхетнае захаваньне, яе адданасьць беларускай справе, прынцыповасьць і высокая адказнасьць у грамадзкіх справах.. Яна была ўзорнаю патрыёткаю свайго народа, узорнай жонкаю і жыцьцёвай паплечніцай для свайго мужа, узорнаю маці для сваіх трох сыноў. Простая і вялікая Беларуская Жанчына!.

Вечная і сьветлая памяць сп. Алене!

Ганна Сурмач