Падчас сэсіі ААН беларусы выступілі супраць расейскай агрэсіі

Акцыя “Stop Russian Invasion” адбылася 24 верасьня на Таймс-сквэр у Нью-Ёрку, дзе гэтымі днямі праходзіць сэсія ААН.
На мерапрыемства сабраліся беларусы Нью-Ёрка, Філадэльфіі і Таронта.
Беларускія актывісты выступілі супраць расейскай агрэсіі ва Украіне і Беларусі. Арганізатар акцыі Ірына Хадарэнка прынесла 10-метровы бел-чырвона-белы сьцяг, які разгарнулі прысутныя. Людзі трымалі плякаты і скандавалі “Жыве Беларусь! Слава Украіне!”
Цікавасьць да акцыі выказалі мінакі, якія ў выходны дзень шпацыравалі па Таймс-сквэр. Мерапрыемства, якое зладзілі беларускія актывісты прайшло падчас правядзеньня 77-ай сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН, якая сёлета прысьвечана вайне Расеі супраць Украіны. Гэтым самым беларусы Амэрыкі прыцягнулі ўвагу да пытаньня расейскага ўварваньня ва Украіну і акупацыю Беларусі.
Мерапрыемства было анансавана праз Facebook.
Вось, што сказалі некаторыя ўдзельнікі акцыі “Stop Russian Invasion”:
“Гэта акцыя прысьвечаная прыцягненьню ўвагі да сітуацыі ва Украіне і Беларусі, якая акупавана. Мы б хацелі, каб больш беларусаў усьвядомілі, хто ёсьць сапраўдны вораг. Расея з’яўляецца тэрарыстычнай краінай. Беларусы павінны дбаць пра тое, каб вярнуцца ў сям’ю еўрапейскіх народаў. Змены надыдуць, калі прыйдзе ўсьведамленьне таго, што Расея – наш вораг”.
Ірына Хадарэнка, Беларуская Асветніцкая Ліга Амэрыкі (BELA)

“Для мяне заўсёды сьвята, калі беларусы выходзяць пратэставаць. Я бываю амаль на кожнай акцыі, калі магу хадзіць. Мне хацелася, каб мы пратэставалі не толькі тут, але і каля будынку ААН, дзе сабраліся прадстаўнікі краін сьвету на паседжаньне. Людзі сёньня падыходзяць, цікавяцца, бачаць гэтае пудзіла, якое абазначае зразумела каго… Агрэсія з боку Расеі накіравана не толькі на Украіну, але і на нашу Бацькаўшчыну. І яна павінна быць спынена. Жыве Беларусь! Слава Украіне!”
Ганна Сурмач, рэдактар часопіса “Беларус”

“Я прыехаў сюды для таго, каб падтрымаць Украіну і выказаць сваю пазыцыю супраць расейскіх улад і тых, хто іх падтрымлівае. Ад Украіны залежыць і лёс Беларусі. Веру ў перамогу Украіны і ў будучыню вольнай Беларусі”.
Павел Стэльмах, Філадэльфія

“Я тут, бо я жадаю, каб вайна найхутчэй скончылася. Каб Украіна перамагла ў гэтай вайне і вярнула ўсе страчаныя землі. Каб расейскія злачынцы на ўсіх узроўнях панеслі адказнасць за свае дзеянні ва Украіне. Каб Беларусь вызвалілася ад расейскай акупацыі і стала сапраўды незалежнай краінай”.
Віталь Зайка, Беларуска-Амэрыканскае згуртаваньне “Пагоня”

“Ад любой акцыі ёсьць карысьць, бо так мы паказваем сваю салідарнасьць. Людзі павінны ведаць, што ёсьць беларусы, якім баліць, якія выказваюць сваю пазыцыю ў сьвеце апошніх падзей. Беларуская сымболіка вельмі прыгожая і яна павінна лунаць на ўсіх важных мерапрыемствах, якія адбываюцца ў сьвеце. Беларусы павінны змагацца за свабоду Беларусі і падтрымліваць Украіну”.
Міхась Чаропка, намесьнік рэдактара часопіса “Беларус”

Да пратэстуючых беларусаў падыходзілі амэрыканцы, артысты з Таймс-сквэр, уйгур, грамадзяне Украіны і Расеі, якія зьбеглі ад пуцінскага рэжыму. Людзі выказвалі салідарнасьць і падтрымку свабоднай Беларусі.
Алесь Пазьняк
Здымкі: Міхась Чаропка, Павел Стэльмах, Ірына Хадарэнка, Алесь Пазьняк
Фота з акцыі “Stop Russian Invasion”































