Набажэнства да 100-годзьдзя БАПЦ адбылося ў Гайлянд Парку

У Нядзелю, 4 верасьня, у царкве Сьв. Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў Гайлянд Парку (Нью Джэрзі) адбылося адзначэньне 100-годзьдзя Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
Набажэнства ўзначаліў Высокапрывялебны Сьвятаслаў, архіяпіскап БАПЦ, які завітаў з Канады ў ЗША на 34-ю Сустрэчу беларусаў Паўночнай Амэрыкі.
У Гайлянд Парку сабраліся як парафіяне, так і беларусы, якія прыехалі на Сустрэчу. Архіяпіскапу Святаславу саслужылі настаяльнік Парафіі Мітрафорны пратаярэй айцец Зіновій, пратаярэй айцец Іван і дыякан Мікола – сьвятарства Катэдральнага сабору БАПЦ у Нью-Ёрку, а таксама сьвятарства Украінскай і Грузінскай Цэркваў.
Падчас набажэнства архіяпіскап Сьвятаслаў зачытаў ўрывак пра маладога чалавека з Евангельля паводле Мацьвея, які меў вялікае багацьце. Яму Хрыстос адказаў, што «лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
Тэрмін «іголкавая вушка» выкарыстоўваецца як метафара для вельмі вузкай адтуліны. Сьвятаслаў патлумачыў, што так і чалавеку складана ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае. Для гэтага шмат ад чаго трэба адмовіцца і пайсьці за Богам.
“Кожны чалавек можа прысьвяціць сябе Богу і ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае. Галоўнае, каб ён набываў багацьце духоўнае. Людзі рэдка задумваюцца пра вечнае жыцьце. Усе заклапочаныя зямнымі справамі. Але чалавек павінен знайсьці час, калі ён будзе раздумваць над сваім жыцьцём. І пачне імкнуцца да Бога. Хрыстос прыходзіў, каб чалавек мог быць разам з Богам”, – сказаў у прамове архіяпіскап Сьвятаслаў.
Уладыка ўзгадаў, што працягваецца сьвята Успеньня Божай Маці. Таксама ён заклікаў не спыняцца маліцца за рэпрэсаваных рэжымам беларусаў і правёў такую малітву. Сьвятар нагадаў, што ў Беларусі тысячы людзей пазбаўлены волі за свае перакананьні і пазыцыю.
Пасьля Службы адбыўся сьвяточны абед, а таксама збор сродкаў на дапамогу братэрскай Украіне.
Падчас абеду архіяпіскап БАПЦ Сьвятаслаў распавёў пра трагічную гісторыю Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на Беларусі. Пасьля прамовы людзі зьвярталіся да яго з пытаньнямі і маглі даведацца шмат цікавых фактаў пра БАПЦ.
Алесь Пазьняк









