Беларусы ЗША праводзяць Дзень Годнасьці

Мытынгі і шэсьці ў памяць аб падзеях жніўня 2020 году ўжо адбыліся ў Вашынгтоне, Філядэльфіі, Бостане, Сан-Францыску, Троі, Чыкага, Шарлаце.

Адна з актывістак і арганізатараў Дня Годнасьці ў Шарлаце (Паўночная Караліна) Аляксандра Шырокава распавяла, што беларусы сабраліся 14 жніўня ўжо ў традыцыйным месцы – парку Рамар Бірдэн, каб нагадаць аб фальсіфікацыі і гвалце пасьля т.зв. “выбараў” 2020 году.

“У гэтым парку беларусы пачалі зьбірацца яшчэ ў ліпені 2020. А пасьля гэта ўжо стала знакавым месцам і фактычна кожная палітычная акцыя адбываецца тут. Гэтым разам мы правялі Дзень Годнасьці, як напамін пра фальсіфікацыю выбараў і гвалт, які ўсчыніўся пасьля іх. Тым хто прыйшоў, распавядалі пра важнасьць падтрымкі палітвязьняў і беларусаў, якія выехалі з-за палітыкі з краіны. А таксама пра дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне”, – распавяла Аляксандра.

Падчас акцыі хвілінай маўчаньня ўдзельнікі Дня Годнасьці з Шарлата ўшанавалі ўсіх загінулых ад рэжыму ў Беларусі і беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Таксама прагучала прапанова аб стварэньні беларускамоўнай школкі для маленькіх. Усе прысутныя падтрымалі гэтую ідэю.

Аляксандра Шырокава лічыць, што такія акцыі павінны быць сьведчаньнем для іншых беларусаў аб тым, што трэба падтрымоўваць адзін аднаго і не мірыцца з існуючым рэжымам у Беларусі.

“Ніхто ня вырашыць наш лёс за нас. Нам трэба вырасьці і зразумець гэта. Беларусам трэба пашыраць сувязі паміж сабой і трымацца прынцыпаў салідарнасьці і ўзаемадапамогі”, – кажа актывістка.

На акцыі беларусы Шарлата зьбіралі грошы для дапамогі тым, хто вымушаны быў пакінуць краіну і тым беларусам, хто змагаецца цяпер са зброяй ў руках за Ўкраіну. Усе грашовыя сродкі былі пералічаны ў фонд “INeedHelpBy”.

20 жніўня Дзень Годнасьці запланавана пройдзе ў Нью-Ёрку. Дакладнае месца і час можна спраўдзіць па спасылцы ТУТ. Заяўку на правядзеньне падавала “Асацыяцыя беларусаў Амэрыкі”.

Алесь Пазьняк