Справаздача пра ўдзел у праграме Дня Праваабарончай Дзейнасці ў Кангрэсе ЗША

26 красавіка 2023 г. сябры Вашынгтонскага аддзела Беларуска-Амерыканскага Задзіночаньня Алеся Сёмуха і Яўген Барысевіч бралі ўдзел ў Дні Адвакатаваньня (Дні Праваабарончай Дзейнасці) ў Кангрэсе ЗША), арганізаваны прадстаўнікамі арганізацый дыяспараў з краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. 

Акцыя плянавалася цягам амаль двух месяцаў і ў выніку 40 прадстаўнікоў этнічных арганізацый з СЕЕС правялі 20 сустрэчаў у Кангрэсе.

У дадатак да агульнага праграмнага дакумента, у кожнай арганізацыі быў свой парадак дня і праблемы, якія яны жадалі ўзняць ці вырашыць.

Пытаньне пра патрэбу даўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны  ўздымалася на ўсіх сустрэчах. Прадстаўнікі БАЗА сканцэнтравалі свой час на абмеркаваньні пытаньняў беларускага суверэнітэту, санкцый, вызваленьня палітвязьняў і падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці.
Прадстаўнікі Кангрэса дадавалі і новыя тэмы — аднаўленьне Акта аб Дэмакратыі, Правах Чалавека і Суверынітэце ў Беларусі 2020 года H.R.8438 (116 Кангрэс) і заклік да кансалідацыі лідэраў беларускай апазіцыі.

Алеся і Яўген прынялі ўдзел у наступных сустрэчах з  прадстаўнікамі розных структураў Кангрэсу, з супрацоўнікамі офісаў кангрэсмэнаў:

–  Сустрэча з супрацоўнікамі офіса кангрэсмэна Мікса (Gregory Meeks), які займаецца замежнымі справамі

У сустрэчы прынялі ўдзел Яўген Барысевіч і прадстаўнікі ўкраінскіх і польскіх арганізацый. Яўген распавёў пра цяжкую сітуацыю з палітвязьнямі, санкцыі і неабходную фінансавую і вайсковую падтрымку Ўкраіны. Пэрсанал офіса быў асабліва зацікаўлены ў праблемах, з якімі сутыкаюцца ўкраінцы, якія прыбылі па праграме «Аб’яднанне для Украіны» і сутыкнуліся з заканчэньнем 2-гадовага ўмоўнага знаходжаньня ў ЗША. Яўген выказаў занепакоенасьць цяжкасьцямі, з якімі сутыкаюцца беларускія грамадзяне, якія зьбеглі ва Украіну і зараз жывуць там, не маючы магчымасьці вярнуцца на Радзіму, або паехаць у ЗША па аналягічнай праграме.

Офіс прапанаваў нам і ўкраінцам ідэю зладзіць вечарыну ў Нью-Ёрку,  ў  Кўінсе ці Фар-Рокавеі,  і запрасіць выбаршчыкаў са сваякамі, каб сустрэцца з кангрэсмэнам Міксам, каб падзяліцца сваімі гісторыямі. 

–  Сустрэча ў Гэльсінскай Камісіі

На сустрэчы з чатырма дарадцамі па пытаньнях палітыкі і прадстаўніком Дзярждэпартамента прысутнічалі Яўген Барысевіч, Міхаіл Савків (UNIS), прадстаўнікі армянскай і польскай дыспараў. Большую частку нашага часу мы прысьвяцілі абмеркаваньню праблемы і складанасьцямі прызнаньня ЧВК «Вагнер» тэрарыстычнай арганізацыяй.

Яўген гаварыў пра важнасьць вызваленьня беларускіх палітвязьняў і прадстаўнік Дзярждэпартамента запэўніў нас, што Беларусь і вызваленьне палітвязьняў застаюцца для іх галоўным прыярытэтам. Мы атрымалі таксама  інфармацыю аб плянах іх дзейнасьці ў гэтым накірунку. Мы таксама абмяркоўвалі нашу пазіцыю што да прызнаньня Беларусі акупаванай краінаю, каб можна было б гэта ўлічыць у абноўленай вэрсіі BDA (Акт аб Дэмакратыі, Правах Чалавека і Суверэнітэце ў Беларусі). 

–  Сустрэча з прадстаўнікамі Камітэта Сэната па замежных справах – Дэніэлам Лангенкампам (Daniel Langenkamp, Legislative Fellow) і Дэніэлам Гатфрыдам (Daniel Gottfried, Legislative and policy Analyst).

Прысутнічалі армянскія, беларускія, грузінскія, польскія, украінскія прадстаўнікі. На сустрэчы гаворка ішла пра  далейшую ваенную падтрымку Украіны,  неабходнасць выпрацоўкі канкрэтных мэханізмаў прыняцьця Украіны ў НАТА, а таксама пра прызнаньне расейскай ЧВК «Вагнэр» тэрарыстычнай арганізацыяй.

Грузінскія прадстаўнікі ўзьнялі праблему інфармацыйнай вайны з боку Расеі і неабходнасьць большага супрацьдзеяньня гэтаму з боку ЗША. Грузінская дэлегацыя выказалася супраць жорсткіх санкцый ў дачыненьні да Грузіі і за падтрымку грамадзянскай супольнасьці.

Алеся Сёмуха таксама  ўзьняла пытаньне санкцый адносна Беларусі і сказала, што цяперашнія шырокія эканамічныя санкцыі пагражаюць стратай Беларусі сувэрэнітэту і спрыяюць татальнаму зьбядненьню грамадзян. Алеся патлумачыла, што санкцыі ў цяперашнім стане не прынесьлі хуткай зьмены рэжыма Лукашэнкі і прывялі да таго, што Беларусь раўняюць з Расеяй па ступені адказнасьці. У выніку санкцыі вядуць да фінансавага, эканамічнага і палітычнга каляпсу дзяржаўнасьці і поўнай залежнасьці ад Расеі. Калі Беларусь страціць незалежнасьць, межы Расеі пасунуцца да Польшчы і Расея зойме стратэгічную ядзерную пазіцыю для далейшых нападаў. Пазіцыю Алесі падтрымалі прадстаўнікі грузінскай і польскай арганізацый.

–  Сустрэча ў офісе сэнатара Кэйна (Tim Kaine, VA) – Маха Саед (Maha Syed, Legislative Correspondent).
Сустрэча была кароткая і пераважна гаворка ішла пра падтрымку сэнатарам Акту аб Дэмакратыі, Правах Чалавека і Суверэнітэце ў Беларусі і фундаваньне падтрымкі Ўкраіны.

–  Сустрэча з прадстаўнікамі офісаў кангрэсмэнаў Майкла Маккола (Michael McCaul, TX-10) , Майкла Калесэна (Michael Callesen) і Біла Кітынга (Bill Keating, MA-9).
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі грузінскай і польскай дэлегацый. Алеся і Яўген прадстаўлялі беларускую дэлегацыю. Алеся закранула тыя самыя пытаньні сувэрэнітэту і эканамічных санкцый, якія цалкам прывязваюць Беларусь да Расеі і могуць прывесьці да поўнай страты сувэрэнітэту. Алеся зьвярнула ўвагу на адсутнасьць выразнай стратэгіі да Цантральнай і Ўсходняй Эўропы. Яна  падкрэсьліла, што беларускае пытаньне пакуль ня мае, але мусіць мець больш стратэгічны характар з увагі на важнае геапалітычнае становішча Беларусі паміж Расеяй і краінамі НАТА. Прывязка Беларусі да Расеі і паглынаньне яе створыць пастаянную стратэгічную небяспеку для краін Эўропы.

Алеся таксама казала пра неабходнасьць большай большую падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і па-за яе межамі, а таксама пра вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў.

Алеся Сёмуха, Яўген Барысевіч