Саміт у падтрымку Украіны ў Вашынгтоне

22 – 23 кастрычніка 2023 у Вашынгтоне адбылася неардынарная падзея, там праходзіў саміт у падтрымку Украіны – Ukraine Action Summit (Fall 2023). Арганізатарам выступіла Амэрыканская кааліцыя для Украіны  (American Coalition for Ukraine). Былі прысутныя больш за 500 прадстаўнікоў розных арганізацый – украінскіх, расейскіх, беларускіх, асобныя актывісты, студэнты з 35 амэрыканскіх штатаў.Таксама амерыканскія прадстаўнікі, якія тым ці іншым чынам прымалі ўдзел у баявых ці палітычных дзеяньнях ва Украіне, напрыклад, ветэран, былы амбасадар Амерыкі ва Украіне.

Беларускую прысутнасьць там прадстаўлялі дзьве арганізацыі – Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА) і Асацыяцыя беларусаў у Амэрыцы (АБА). Дэлегатам ад БАЗА была  старшыня Управы Нью-ёрскага аддзелу Аксана Пятрашка.

У першы дзень усе запрошаныя сабраліся ў вялікай залі, дзе выступалі розныя прамоўцы, хто мае дачыненьне да справы дапамогі Украіне. Пачалі з выступаў амерыканскіх кангрэсмэнаў і іншых прадстаўнікоў улады, якія падтрымліваюць пашырэньне фінансавай і ваеннай дапамогі Украіне. Потым выступалі прадстаўнікі вялікіх дабрачынных арганізацый ва Украіне. Асабліва ўразілі аповяды пра рэальных украінскіх ветэранаў і ваяроў, якія пачалі ваяваць яшчэ ў 2014 годзе. Напрыклад, гісторыя жыцьця і змаганьня Адріяны Арехты, якая ўзначальвае жаночы ветэранскі рух ва Украіне, яна ваюе з першых дзен вайны і атрымала цяжкія раненьні..

Вельмі цікавая гісторыя была пра Нэйта Мука (Nate Mook), які працаваў пяць гадоў у якасьці генеральнага дырэктара Цэнтральнай кухні Хасэ Андрэса, ён дапамагаў карміць людзей у зонах бедстваў па ўсім свеце. Зараз ён працуе ва Украіне.

На наступны дзень удзельнікі былі падзелены на группы і сустракаліся з прадстаўнікамі Кангрэса, каб падтрымаць законапраэкты аб павелічэньні фінансавай і вайсковай дапамогі Украіне, каб перапыніць генацыд украінскага народа, папрасіць дапамогі ў справе вяртаньня украінскіх дзяцей, вывезеных  прымусова ў Расею і Беларусь.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары бралі ўдзел у гэтых сустрэчах і атрымалі інфармацыю пра тое, як мы можам удзельнічаць у гэтым шырокім руху дапамогі Украіне. На саміце была магчымасьць пазнаёміцца і ўстанавіць кантакты з рознымі ўдзельнікамі дзеля далейшай сумеснай працы.

Аксана Пятрашка