Салідарнасьць

“За невядомасьці парог,
Прыняўшы тысячы абліччаў,
Іду я безьліччу дарог
І – гэтым дух свой узьвялічыў.”
Майсей Кульбак
“Артур Талент прыехаў да Масквы ў 1920-х сямігадовым дзіцём з яго сям’ёю з Бостана. Сарамязлівы хлапчук быў таленавітым скрыпачом, якога залічылі да прэстыжнай Маскоўскай Кансерваторыі… 28 студзеня, Артур Талент быў арыштаваны НКВД і знік назаўсёды.” (ст. 95)
Tim Tzouliadis.The Forsaken.
Што раз распавядаючы ў Амэрыцы аб трагедыі расстраляных паэтаў, я згадваю жахі, якія адбыліся ў 1937. Звычайна, тутэйшыя людзі шчыра спачуваюць і падзяляюць жалобу аб ахвярах несправядлівага рэжыму, як тое і павінна быць у сыстэме сучасных каштоўнасьцяў дэмакратычнай дзяржавы. Калектыўная памяць – дзіўная зьява, якая можа абьядноўваць людзей і, з іншага боку, ствараць паміж імі прорву.
Калі камусьці не журботна за беларускую расстраляную інтэлігенцыю – нам крыўдна. Але ці баліць нам, напрыклад, за масавае вынішчэньне кітайскага цывільнага насельніцтва падчас Нанькінскай разьні? 13 сьнежня, таго ж жахлівага 1937 году, японскім бокам было вынішчана каля 300 тысяч мірных жыхароў гораду. Пазьней, у 1948, двое камандуючых афіцэраў, былі павешаныя за ваенныя злачынствы, але ж сёньня мы добра ўсьведамляем, што 80 тысяч згвалтаваных дзяўчынак і жанчын – справа, у якой прымала ўдзел куды большая колькасьць вайскоўцаў. Ці нам баліць?
Салідарнасьць (выдае мне англамоўны тлумачальны слоўнік) – гэта адзінства ці згода пачуцьцяў або дзеяньняў, асабліва паміж людзьмі з агульнымі інтарэсамі; узаемная падтрымка ў групе. Дык якім чынам расстрэлы 37 года могуць адгукнуцца ў пачуцьцях амэрыканскіх грамадзян? Перад тым як распавядаць амэрыканцам пра лёс беларускай інтэлігенцыі, я прапаную разварушыць іх унутраную гісторыю і перанесьціся ў 1931 год, калі плыня амерыканскай іміграцыі адштурхнулася ад усходняга берагу ЗША і панеслася ў накірунку «новага свету» – СССР.
This Photo by Unknown Author is licensed under CC BY-SA
Гаворка не аб рэпатрыянтах, якія, захапіўшыся ўзьнёслымі ідэямі перабудовы, паляцелі да бацькаўшчыны, а аб звычайных амэрыканскіх сем’ях, рознага паходжаньня, з маленькімі і вялікімі дзецьмі, якія не вытрымаўшы Вялікай Дэпрэсіі і страціўшы надзею на капіталізм, вырашылі злавіць за хвост шматабяцаючую ўдачу.
Сёньня, гледзячы на фатаздымкі шчасьлівых людзей, якія адбывалі да СССР, хочацца крыкнуць ім «супыніцеся!», зараз там раскулачваюць маю прабабуля, праз год пачнецца галадамор, праз восем – Другая Сусьветная Вайна, але гісторыю не перапішаш і лайнэр Левіяфан ці Гамбург у далёкім мінулым адбывае з Нью-Йорку назьбіраўшы тысячы вачэй, якім наканавана пабачыць усё нажыва, але толькі адзінкі з тысяч змогуць аб гэтым распавесьці.
Амбасады ЗША на тэрыторыі СССР доўгі час не было, а ўся карэспандэнцыя праходзіла праз пільную цэнзуру НКВД. На «новай зямлі» знаходзіліся некалькі амэрыканскіх журналістаў. Частка з іх вырашыла супрацоўнічаць з рэжымам, каб захаваць узровень жыцьця і магчымасьць штоноч забаўляцца ў гатэлі Мetropole, а іншая была вымушаная моўчкі аддаваць свае артыкулы на прымусовую карэкціроўку без праву абскарджаньня. Гэтак у сакавіку 1933, у «Нью-Йорк Таймс» з’явіўся тэкст амэрыканскага журналіста Волтэра Дзюранта наконт галадамору ва Украіне пад назвай « Рускія галодныя, але ад голаду не паміраюць». Ужо па назове можна зразумець, якой інфармацыйнай ежай кармілі заакіянскую аўдыторыю. Тым не меней, некалькі пасьпяховых «вырванцаў» з СССР давезьлі сапраўдныя зьвесткі. Два інжынэры паведамілі аб масавых сьмярцях ад галадаваньня і аб тым як савецкія памежнікі расстрэльвалі тысячы ўкраінскіх сялян у іх спробе перайсьці заледзянелую раку Днястро. Супрацоўнік заводу, 44-гадовы інжынэр Пітэр Сузэрлэнд, вярнуўшыся да ЗША, з жахам узгадваў рабства амэрыканцаў у СССР, канфіскацыю пашпартоў і шматлікіх амэрыканскіх калег, якія зьніклі без зьвестак. Частку людзей падманвалі і фактычна прымусова штурхалі на пераход да савецкіх пашпартоў нібыта для атрыманьня лепшых заробкаў, кватэр і талёнаў на ежу. Гербэрт Льюіс, заарыштаваны і дэпартаваны з СССР за бойку, прывёз зьвесткі аб тым што 450 чалавек (з іх 80 жанчыны і дзеці) знаходзіліся ў закладніках без права пакінуць краіну і пакутавалі з-за тубэркулёзу і дызэнтэрыі. Тут ён даведаўся, што грошы якія яму абяцалі аўтаматычна пераводзіць на амэрыканскі рахунак (150 даляраў на месяц) ніколі не былі пералічаныя.
Амэрыканская выведка атрымала рапарт з Нямеччыны, які паведамляў аб масавым выкраданьні і канфіскацыі пашпартоў ЗША, якія ў вынятку перапрадаваліся за вялікі кошт. Фатаздымкі падмяняліся і выкарыстоўваліся ўжо немаведама кім, а людзі, чые імёны і дакумэнты выкрадалі, станавіліся небясьпечнымі і непатрэбнымі сьведкамі, ад якіх часьцей за ўсё пазбаўляліся.Колькі іх было? Мы не ведаем, але толькі ў першыя восем месяцаў 1931 года афіцыйная савецкая агенцыя Амторг у Нью -Йорку атрымала 100.000 заявак на іміграцыю ў СССР. Вядома, што частка людзей, якія не змаглі атрымаць прапанову на працу загадзя, зьвярнуліся да агенцыі падарожжаў Інтурыст. Колькасьць квіткоў у адзін канец таксама застаецца невядомай.
Прапаганда працавала напоўніцу. Пераклад «Гісторыі пяцігодкі», якую запрапанаваў Сталін, стаў бэстсэлерам і самым папулярным выданьнем сярод амэрыканцаў. Вярнуўшыся з СССР Джордж Бэрнард Шоу выступаў з лекцыямі па радыё сьцьвярджаючы, што Расея – гэта краіна надзеі. Пакуль наш карабель тоне, казаў ён, Расейскі карабель становіцца адзіным бясьпечным і ўстойлівым чоўнам, які не пасылае сыгналы SOS. Шмат інтэлектуалаў і вядомых фігур, адной з якіх быў Генры Форд, актыўна агітавалі амэрыканскае насельніцтва да іміграцыі ў СССР.
Ахвяры сталінскага рэжыму – тысячы грамадзян ЗША, сотні дзяцей, якія без права выбару былі вывезены бацькамі-летуценьнікамі. Дзьве споведзі дзяцей, якія перажылі ГУЛАГ і вярнуліся на сваю сапраўдную бацькаўшчыну можна прачытаць і сёньня. З гісторыяй Маргарэт Вернэр, якую бацька вывез у адзінаццаць гадоў можна азнаёміцца ў кнізе напісанай яе сынам Карлам Тамбьенам. Аўтабіяграфія Віктара Германа, падлетка, а пазьней «савецкага» скайдайвэра, які пабіў рэкорд свабоднага палёту, таксама захоўваецца ў продажы і на паліцах бібліятэк (спасылкі ніжэй). Насамрэч, такіх гісторый безьліч. Таму, калі вы хочаце, каб гісторыя расстраляных паэтаў знайшла водгук у вашых мясцовых сяброў і знаёмых – пачніце з амэрыканскай гісторыі, праявіце салідарнасьць першымі, бо толькі такім чынам можна падтрымліваць адзінства і згоду пачуцьцяў і дзеяньняў паміж людзьмі з агульнымі інтарэсамі і…
Часьцей за ўсё, з агульнай калектыўнай памяцьцю.
Марына Кражова
Спіс літаратуры:
Dancing under the red star, The extraordinary story of Margaret Werner, the only American woman to survive Stalin’s Gulag. Karl Tobien.
“ Мы былі адзінымі закапцаванымі жанчынамі ў раёне Інты. Наш лагер складаўся з, прыблізна, 60 адсоткаў украінак, па большасці родзічак ваяроў з войску Сцяпана Бандэры” (ст. 220)
The Forsaken, An American Tragedy in Stalin’s Russia. Tim Tzouliadis.
“Артур Талент прыехаў да Масквы ў 1920-х сямігадовым дзіцём з яго сям’ёю з Бостана. Сарамязлівы хлапчук быў таленавітым скрыпачом, якога залічылі да прэстыжнай Маскоўскай Кансерваторыі… 28 студзеня, Артур Талент быў арыштаваны НКВД і знік назаўсёды.” (ст. 95)
Black on Red. Robert Robinson.
Біяграфічная кніга афра-амерыканца. (Паглядзіце караценькае відэа з ім ад BBC):
https://www.bbc.com/news/av/stories-47657670
Coming out of the ice, An unexpected life by Victor Herman. Victor Herman. “ Хто выбірае за цябе? Ці выбраў?
Мой бацька выбраў за мяне і, таму што я любіў яго, я дазволіў яму. “
A question of trust. The origins of U.S – Soviet Diplomatic Relations. The
memoirs of Loy W. Henderson. Edited with an introduction by George W. Baer.
“ Сярод найбольш складаных праблем, з якімі сутыкнулася амерыканская амбасада ў Маскве, была цяжкасць у забяспечанні абароны грамадзянаў ЗША на тэрыторыі Савецкага Саюза”. (ст. 366)