РАЗВІТАЛІСЯ З ЗАГІНУЛЫМ ВАЯРОМ МІРАСЛАВАМ ЛАЗОЎСКІМ

У Кіеве 26 траўня беларускія жаўнеры развіталіся з адным з заснавальнікаў «Белага легіёну» Міраславам Лазоўскім. А 28 траўня паніхіду па забітым беларускім ваярам правялі ў Нью-Ёрку.
Аб сьмерці Міраслава Лазоўскага ў палку Каліноўскага было вядома яшчэ 17 траўня, але пра гэта афіцыйна не паведамлялася.
Разам з Міраславам Лазоўскім ў той дзень пад Бахмутам загінулі яшчэ чацьвёра беларускіх ваяроў.

Пра Лазоўскага вядома, што ён быў з 1995 года ў «Беларускім згартаваньні вайскоўцаў». Пасьля прычыніўся да заснаваньня спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён». У 2013 годзе Міраслаў стаў заснавальнікам таксама і кніжнай сэрыі «Беларусь у войнах», мэтай якой было распаўсюджваньне навукова-папулярных выданьняў пра гісторыю Беларусі. Таксама ён працаваў у выдавецтве «Кнігазбор».
Некалькі разоў Міраслаў затрымліваўся за сваю дзейнасьць беларускімі праваахоўнікамі. На яго ўзбуджаліся крымінальныя справы. Пасьля падзей 2020 года ён пераехаў ва Украіну. Там пасьля расейскага ўварваньня ў лютым 2022 года далучыўся да палка Каліноўскага. Аб сваім удзеле ў баявых дзеяньнях ён публічна не інфармаваў.
Рада БНР за праяўленую адвагу ў баях у лютым гэтага года ўручыла Міраславу Лазоўскаму Мэдаль БНР за баявыя заслугі. Ён быў адным з першых узнагароджаных такой баявой узнагародай, але ягонае імя было засакрэчана.
Па інфармацыі Парафіяльная Рады ў саборы Сьв. Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на Атлантык Авэню ў Брукліне, 28 траўня, прайшла паніхіда па загінулых беларускіх ваярах ва Украіне і Міраславу Лазоўскаму, якога асабіста ведалі нядаўна пераехаўшыя ў ЗША беларусы.

Пасьля службы ў царкве яны распавялі пра ягонае жацьцё і супрацу на карысьць Бацькаўшчыны.
Ён не дажыў меньш за два месяцы да свайго пяцідзесяцігадовага юбілею, які павінен быў адбыцца 10 ліпеня. Сьветлая памяць герою Беларусі і палеглым абаронцам Украіны…
Алесь Пазьняк
Здымкі: Аляксандра Станкевіч, Андрэй Малецкі







