Прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага ў Нью Ёрку

У нядзелю першага кастрычніка 2023 году ў Нью-Ёрку адбылася прэзэнтацыя кнігі Алеся Бяляцкага. Імпрэзу праводзіла старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Тацьцяна Нядбай пры падтрымцы фундацыі Крычэўскага (Нью-Ёрк) і Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі.
Гэта была першая сустрэча зь беларусамі ЗША, якая прайшла ў беларускай праваслаўнай царкве імя сьвятога Кірылы Тураўскага ў Куінс. На прэзэнтацыю сабралося каля трыццаці чалавек. Падчас размовы Тацьцяна Нядбай расказала пра пераадкрыцьцё беларускага ПЭН-цэнтру ў Польшчы, а таксама пра сытуацыю ў Беларусі.
У гэты дзень лёс выбітнага беларускага праваабаронцы й Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага параўноўваўся зь лёсам краіны. Шмат распавядалася пра станаўленьне асобы Бяляцкага й пра яго актыўнасьць.
Слова таксама ўзяла Валянціна Трыгубовіч з фундацыі Крычэўскага. Яна ўзгадала, якім далікатным і прыемным чалавекам быў Алесь Бяляцкі падчас іх знаёмства. Але пры гэтым, зьяўляючыся дэпутатам, ён мог спакойна ўваходзіць у кабінэты чыноўнікаў і рашуча дамагацца свайго. Па яе словах, праваабаронца мог выехаць за мяжу, але лічыў, што павінен быць са сваім народам і застацца своеасаблівым сымбалем. Алесь Бяляцкі змагаўся за самастойнасьць Беларусі, але не заклікаў да варажнечы з суседзямі ці да нейкіх радыкальных крокаў.
Са словам выступілі прыхаджане беларускай царквы імя сьвятога Кірылы Тураўскага. Яны былі ўражаныя колькасьцю прысутных беларусаў.
Прысутныя таксама задавалі пытаньні. Паднялі праблему палітвязьняў. Тацьцяна Нядбай выказала меркаваньне, што гэта вельмі складанае пытаньне. Дакладна зразумела адно, што ўсе мусяць быць вызваленыя.
Пра самога Алеся Бяляцкага няма зьвестак з чэрвеня гэтага году. Такая інфармацыйная блякада таксама зьяўляецца своеасаблівым спосабам катаваньня.
Прысутныя ўспомнілі й параўналі апошнія словы, якія прамовіў Алесь Бяляцкі падчас сваіх першага й апошняга прысудаў. Калі ў першым слове было больш пра барацьбу, дык другое ўжо было прасягнутае думкамі пра нацыянальнае прымірэньне. Важна разумець, што гэтыя словы гучалі ад Бяляцкага як ад экспэрта нумар адзін па катаваньнях грамадзянаў Беларусі рэжымам Лукашэнкі. Яму адказвалі, што такое немагчыма, але праваабаронца глядзеў праўдзе ў вочы й разумеў моц рэжыма, і як надоўга ён яшчэ застанецца зь беларусамі. Словы Бяляцкага пра нацыянальнае прымірэньне – гэта пра тое, што мы павінны жыць не эмоцыямі, а згодна Праву. І вінаватыя абавязкова будуць пакараныя, але не заўтра, і нават не пасьлязаўтра.
Думкі пра нацыянальнае прымірэньне могуць здавацца дачаснымі, але апошняе слова Алеся Бяляцкага – гэта думкі ў будучыню. “Беларусь будуецца людзьмі, якія зараз жывуць у краіне. Мы, як дыяспара ў вольным сьвеце, можам дапамагчы толькі фінансава ці праз лаббаваньне інтарэсаў будучай дзяржавы ў міжнародных арганізацыях”, – падсумавала Валянціна Трыгубовіч.
Тацьцяна Нядбай дадала, што Бяляцкі застаўся й таму, што ўлады ў Беларусі маглі б скарыстаць яго ад’езд у прапагандысцкіх мэтах, для падрыву аўтарытэту арганізацыі. Алесь Бяляцкі пабудаваў шмат у чым эталённую арганізацыю, якая працавала як якасны гадзіньнік. Яна ёсьць эфэктыўнай і выконвае свае функцыі нават зараз. У Беларусі застаюцца людзі, якія працягваюць рабіць сваю справу. Таму, магчыма, Алесь Бяляцкі бачыў, што стаецца з рухамі й арганізацыямі лідары, якія зьяжджаюць за мяжу, і гэта таксама ўплывала на яго рашэньне застацца.
Пасьля прэзэнтацыі гасьцей запрасілі да сталу, дзе прысутныя змаглі падзяліцца ўражаньнямі й набыць кнігі.
Міхась Чаропка