“Пражская вясна” і атамная зброя

Сёлета ў жніўні споўнілася  55 гадоў,  калі завяршылася адметная  падзея ва Усходняй Эўропе, што атрымала рамантычную назву “Пражская вясна”, але насамрэч сталася трагічнай старонкаю гісторыі. “Пражская вясна” – гэта кароткі перыяд , калі ў колішняй Чэхаславакіі  ў 1968 годзе была зробленая спроба ўстанавіць у краіне дэмакратыю і свабоду. Аднак, Чэхаславакія на той час  была часткаю блёку ўсходнеэўрапейскіх краінаў, які быў створаны па вайне Савецкім Саюзам. Так званы Варшаўскі блёк знаходзіўся пад татальным савецкім кантролем, менавіта ён ствараў буфер паміж СССР і Захадам. Саветы выкарыстоўвалі тэрыторыі краінаў-сатэлітаў дзеля вайсковых мэтаў у сваім супроцьстаяньні з дэмакратычным Заходнім сьветам.

24 сьнежня 1967 году першым сакратаром Камуністычнай партыі Чэхаславакіі  быў абраны славак Аляксандр Дубчэк, які стаў праводзіць палітыку лібералізацыі. Ён прызначыў рэфарматараў на вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Была істотна аслабленая цэнзура, пачалося стварэньне шматпартыйнай сістэмы, дэкляравалася зьніжэньне дзяржаўнага кантроля над вытворчасьцю, было заяўлена аб імкненьні забясьпечыць свабоду слова, сходаў, перамяшчэньня, устанавіць кантроль над дзейнасьцю ворганаў бясьпекі. Афіцыйна было абвешчана пра рэабілітацыю ахвяраў палітычных рэпрэсій. У чэхаславацкім грамадзтве абуджалася грамадзка-палітычнае жыцьцё, вясновы, адраджэнскі настрой панаваў па цэлай краіне.

Палітычныя рэформы Дубчэка і ягоных паплечнікаў, якія імкнуліся стварыць “сацыялізм з чалавечым тварам”, не мелі на мэце поўны адыход ад ранейшай палітычнай лініі. Аднак, савецкім кіраўніцтвам яны трактаваліся, як рэальная небясьпека партыйна-адміністратыўнай савецкай сістэме, а таксама як пагроза існаваньню Варшаўскага блёку. Улады СССР вырашылі брутальна перапыніць гэтыя ліберальныя працэсы, якія маглі стаць прыкладам для іншых краінаў. Была падрыхтаваная адмысловая вайсковая апэрацыя пад кодавай назваю “Дунай”. Войскі краінаў Варшаўскага блёку ў ноч з 20 на 21 верасьня 1968 году масіраванай армадаю перакрочылі граніцы Чэхаславакіі і сталі браць тэрыторыю пад свой кантроль. У аперацыі было задзейнічана 300 тыс. вайскоўцаў і каля 7 тыс. танкаў. Тысячная танкава армада прайшла праз Прагу “як нож праз масла”. Так літаральна сказаў мне аднойчы  адзін з высокапастаўленых асобаў у беларускіх сілавых структурах, які  браў непасрэдны ўдзел у гэтай інвазіі. 

Насельніцтва краіны, якое ўжо адчула прывабнасьць свабоды, аказвала месцамі гераічны супраціў, але сілы былі няроўнымі. Танкі бязлітасна дратавалі ўсё, што пападалася на іх шляху, у тым ліку і людзей.

Такая жорсткасьць расправы нанесла глыбокую рану насельніцтву краіны. Пачуцьцё нянавісьці да ўсяго савецкага выяўлялася яшчэ шмат гадоў. Мне давялося адчуць гэта ў рэальнасьці. Напрыканцы 1982 году я прыехала ў Прагу, каб забраць у Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва, дзе я працавала, асабісты архіў вядомага беларускага сьпевака Міхася Забэйды. Арганізаваць такую паездку на той час было складанай справаю. Мяне ўключылі ў склад дэлегацыі ад дзяржаўных архіваў СССР для абмену вопытам з чэшскімі архівамі. Другога варыянта не было, хаця мы і мелі адпаведныя юрыдычныя дакумэнты на спадчыну. Нас сустрэлі на лётнішчы, завезлі ў шыкоўны гатэль на Вацлаўскай плошчы ў цэнтры Прагі і мы засталіся адныя да заўтрашняга прыёму. Мелі вольны час і вырашылі з яшчэ адной удзельніцаю дэлегацыі прайсьціся па Празе. Вядома ж, у хуткім часе заблудзіліся і сталі пытацца, як дайсьці да нашага гатэлю на расейскай мове, бо чэшскую не ведалі. Ніхто не хацеў дапамагчы, але адзін мужчына паказаў, куды трэба ісьці. Потым выявілася, што паказаў ён нам адваротны накірунак. Калі нарэшце вярнуліся ў гатэль, дзяжурны сказаў, што ад майго пакоя няма ключоў, іх зьвёз папярэдні пастаялец. Але ж я сама раніцаю закрывала гэтыя дзьверы. Не начаваць жа на вуліцы. Давялося паказаць характар і ключ ён палажыў перада мною. Было непрыемна, крыўдна, бо у чым жа я вінаватая. Але, пазьней прыйшло разуменьне, што ёсьць і наша віна ў гэтым, мы ўсе цярпелі гэтую ўладу і кармілі яе.

Назаўтра раніцаю ў гатэль мяне прыйшлі сустракаць Надзея Кастэцкая з мужам і д-р Міласлаў Зіма,  той дзяжурны пабачыў, што мяне так добра прывіталі чэхі і ставіўся далей з павагаю.

“Пражская вясна” была жорстка задушаная, сацыялістычны строй быў цалкам адноўлены і трываў да новага ўздыму – “Аксамітнай рэвалюцыі” у 1989 годзе, якая назаўсёды прынясла свабоду чэшскаму і славацкаму народам.

І вось цяпер пытаньне – чаму такая вялікая збройная сіла была тады ўжытая? Якая была патрэба  кінуць у невялікую краіну цэлую вялікую армію і тысячы танкаў, самалётаў, які высадзілі дэсанты на чэшскіх лётнішчах?  Гэтае пытаньне цяпер дасьледуецца і самімы чэхамі, якія хочуць ведаць сваю сапраўдную гісторыю. Я кожны дзень гляджу сайты з чэскімі навінамі і нядаўна натрапіла на перадачу, дзе якраз і быў дадзены адказ на гэтыя пытаньні.

Ядзерная зброя – вось што, найперш, займала савецкае кіраўніцтва. На тэрыторыі Чэхаславакіі, Польшчы і інш. краінаў Варшаўскага блёку, якія мяжуюць з заходнімі краінамі, размяшчаліся савецкія атамныя ракеты. 

У 1965 годзе прэзыдэнт Чэхаславакіі Антанін Новатны падпісаў сакрэтную дамову з Савецкім Саюзам, дзе гаварылася, што СССР размяшчае ў Чэхаславакіі ядзерную зброю. Прага ўзяла на сябе абавязак пабудаваць за свае сродкі тры сховішчы. Устаноўка ядзерных боегаловак і размяшчэньне абслугі  павінен быў забясьпечыць савецкі бок. Служыць на гэтых абьектах павінны былі савецкія вайскоўцы. На той час Чэхаславакія была адзінаю краінаю Варшаўскага блёку, дзе не былі прысутныя савецкія войскі.

Улады СССР і Чэхаславакіі дагадзіліся, што дамова заастанецца ў абсалютным сакрэце. Пра існаваньне ядзерных сховішчаў у краіне ведалі толькі 12 асобаў – прэзыдэнт, кіраўнік кампартыі, премьер-міністр і вышэйшыя афіцэры. Афіцыйна лічылася, што гэта толькі абьекты сувязі, так гэта прадстаўлялася і будаўнікам, якія там працавалі і ўсім астатнім. Будоўлі вяліся ва ўмовах самай строгай сакрэтнасьці.

Тры сховішчы ядзернай зброі пад кодавай назваю “Явар” былі пабудаваныя ў 1966-69 гадох у заходняй Чэхіі. Кожнае з іх мела два бункеры, дзе павінны былі захоўвацца 120 ядзерных баегаловак. Такім чынам, гэтыя тры абьекты мелі разам захоўваць 360 ядзерных зарадаў. Кожны з абьектаў меў сваю ўласную кодавую назву: “Явар-50” быў пабудаваны каля горада Біліна (Bílinа, на поўнач ад Прагі),  “Явар-51” паміж гарадкамі Бароўна і Мішаў (Borovno, Míšov, 70 км на паўднёвы захад ад Прагі), “Явар-52” побач з горадам Бела пад Бездезем (Bělá pod Bezdězem, на паўночны ўсход недзе 70 км ад Прагі). Я асабіста магу часткова падцьвердзіць гэту інфармацыю, бо тое месца, дзе размяшчаўся “Явар -52 “, я бачыла ўласнымі вачыма. Менавіта ў ваенным гарадку, дзе некалі знаходзілася абслуга гэтага абьекту, я сустрэла 2000 год і правяла там зіму, вясну і частку лета таго году. На той час абьект ужо быў закінуты, але ў ваенным гарадку размясьцілі лягер для ўцекачоў. Пасьля прымусовага адьезду з Беларусі я папрасіла палітычны прытулак у Чэхіі і жыла ў тым лягеры ў чаканьні вынікаў разгляду маёй просьбы. Ад горада Бела пад Бездэзем да былога вайсковага гарадка – 4 км., вузкая асфальтаваная шасейка глухім лесам. Аднойчы мне давялося прайсьці гэтую дарогу пешкі ўзімку, позьнім вечарам у кампаніі з трыма аўганцамі-уцекачамі. У гарадку там было пабудавана ўсё неабходнае  для жыцьця семьяў савецкіх вайскоўцаў. Разам з групай іншых беларусаў-уцекачоў мы абсьледавалі наваколье. Не хапала ежы і мы перабіваліся падножным кормам, лавілі рыбу ў невялікім азярцы, зьбіралі грыбы. З наступленьнем лета зьбіралі ў лесе чарніцы і прадавалі іх закупшчыкам, якія прыязджалі пад вечар да брамы лягера, каб мець хоць нейкія свае грошы. У нашых вандроўках па лесе  бачылі гэтыя былыя сакрэтныя збудаваньні. Асабліва ўразіла вялізнае сховішча, напоўненае вайсковай амуніцыяй, якая там дагнівала. Было цяжка на гэта глядзець. Вось гэта нашыя грошы, наша праца так званага савецкага народу, які па вайне жыў у беднасьці, а тут укладаліся вялізныя сродкі ў гэтыя цяпер нікому не патрэбныя агромістыя бетонныя збудаваньні. 

Зразумела, што калі ў Чэхаславакіі зьявілася пагроза “Пражскай вясны”, кіраўніцтва Савецкага Саюза было ўстрывожана далейшым лёсам гэтых важных для іх ядзерных абьектаў, дзе, як ужо адзначалася, да таго часу не стаялі савецкія войскі. Апошнім сыгналам для іх быў магчымы намер новых чэхаславацкіх уладаў паставіць пытаньне пра захаваньне далей гэтых сховішчаў на тэрыторыі краіны, бо гэта несла вялікую пагрозу для Чэхаславакіі на выпадак вайны, краіна магла б быць цалкам зьнішчаная.. Групаю афіцэраў Пражской ваенна-палітычнайй акадэміі ў складзе 42 чалавек быў тады падпісаны Мемарандум-68, дзе яны выступалі супроць вайсковай наступальнай дактрыны Варшаўскага блёку, якая прадугледжвала выкарыстаньне ядзернай зброі. Гэты факт канчаткова раззлаваў савецкіх маршалаў. Рашэньне аб брутальнай інвазіі супроць Чэхаславакіі было прынята не столькі для перапыненьня працэса лібералізацыі, колькі для таго, каб выкарыстаць гэтую нагоду для ўвода савецкіх войск, якія да таго не былі там масава прысутныя, і ўзяць поўны кантроль над ядзернымі сховішчамі, пабудаваць там вайсковыя  палігоны і базы, як у Мілавіцах пад Прагаю. Усяго ў Чэхіі былі разьмешчаны 83 савецкія вайсковыя часткі.  Саветам ўжо не патрэбна была маскіроўка, як раней, калі  вайсковы персанал з СССР прыязджаў туды толькі пад выглядам турыстаў. 

Лібералізацыя магла б лёгка быць прыпыненая меньш брутальнымі сродкамі, простай зьменаю улады, так, як гэта сталася, калі пад час інвазіі Аляксандр Дубчэк і ягоныя паплечнікі былі арыштаваныя і вывезеныя ў Маскву.  У выніку, да ўлады ў Чэхаславакіі былі прыведзены абсалютна прасавецкія кіраўнікі.  

 Аўтар  згаданай вышэй перадачы на чэшскай тэлевізіі  адназначна трактаваў прычыны савецкай інвазіі 1968 году менавіта наяўнасьцю арсеналаў ядзернай зброі ў Чэхаславакіі, якую саветы такім чынам бралі пад свой абсалютны кантроль шляхам увядзеньня войскаў. У гэтай перадачы былі паказаны відэаздымкі гэтых ядзерных бункераў, дакладней сховішча “Явар-51”, дзе зараз адчынены адмысловы музэй. Менавіта гэтае сховішча захавалася ў пачатковым выглядзе, бо там быў зроблены склад.

Астатнія бункеры праекта «Явар» былі разграбленыя пасьля таго, як савецкія войскі ў 1990 годзе пакінулі Чехаславакію. Савецкая ракетная брыгада пакінула Чэхаславакію раней, у 1988 годзе, пасьля таго як ЗША і СССР падпісалі дамову аб узаемнай ліквідацыі ракет сярэдняй і малой дальнасьці.

Савецкая акупацыя скончылася, але яна пакінула па сабе шмат негатыўных наступстваў. Частка тэрыторыі невялікай краіны так і засталася пакрытая гэтымі бетоннымі збудаваньнямі і іншымі спалучанымі з імі забудовамі, ваенныя палігоны забрудзілі нафтапрадуктамі ўчасткі зямлі, дзе нічога не расло. І, канешне, тыя падзеі пакінулі па сабе не добрую памяць. Таму сёньня Чэхія спачувае ахвярам савецкага рэжыму і таксама сёньняшняй Украіне, па магчымасьці дапамагае украінцам у іх змаганьні з расейскім агрэсарам.

Аднак, кароткая памяць аказалася ў сёньняшняй Славакіі. Нядаўнія выбары прывялі там да ўлады прарасейскіх палітыкаў. Прэзыдэнтка сп. Чапутава, якая раней адной з першых падтрымала Украіну, цяпер раптам заявіла, што Славакія больш не будзе дапамагаць Украіне. Тое ж адбылося і з Венгрыяй, дзе Віктар Орбан упарта падтрымлівае Пуціна, а народ начыста забыўся пра тое, як савецкія танкі дратавалі Венгрыю ў 1956 годзе.

——————————————————-

А цяпер пасьля экскурсу ў гісторыю ў гэтым кантэксце варта падумаць пра наш уласны беларускі лёс.

 І на нашай тэрыторыі былі савецкія ядзерныя сховішчы. Па стану на 1989 год у БССР знаходзілася 1180 стратэгічных і тактычных ядзерных баегаловак, у Чэхаславакіі, як адзначалася вышэй,  іх мелася быць 360.  Ядзерныя ракеты разьмяшчаліся амаль па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. У той час гэта былі надзвычай строга засакрэчаныя абьекты. Сёньня ў інтэрнэце  можна лёгка знайсьці дастаткова інфармацыі пра ядзерныя абьекты, якія былі пабудаваны ў беларускіх лясах, ёсьць шмат фота і відэа. Тэрыторыі іх былі агароджанныя, пільна ахоўваліся і пра іх нават не ведалі мясцовыя жыхары. Беларуская ваенная акруга ў той час лічылася асабліваю – яна  была важнай часткаю ядзернага арсенала Савецкага Саюза.

Сёньня нам варта больш ведаць, дзе канкрэтна былі і ў большасьці ёсьць да сёньняшняга дня гэтыя вялізныя бетонныя бункеры і вайсковыя гарадкі. Звычайная структура такой вайсковай базы складалася з дзвюх частак: тэхнічнай часткі – сховішчаў ракетаў і побач вайсковых гарадкоў для абслугоўваючага персанала. Зразумела, што найболш засакрэчанаю была менавіта тая тэхнічная частка. Вось дзе ў Беларусі разьмяшчаліся гэтыя савецкія ядзерныя абьекты, інфармацыя ўзятая з інтэрнэту.

  1. Пасёлак Зарэчча, недалёка ад Рэчыцы (Гомельская вобл.) -меў у савецкі час другую – кодавую назву “Гомель-30” і на геаграфічных картах не абазначаўся. Ваенныя бункеры знаходзіліся ў пару кіламетраў ад пасёлка і займаюць некалькі квадратных кіламетраў. Гэта быў такі зборачны цэх, куды завозіліся ўсе патрэбныя камплектуючыя, зьбіраліся ядзерныя баегалоўкі, правяраліся і канчаткова дапрацоўваліся. А потым іх развозілі ў ядзерныя сховішчы ў СССР і  краінах Варшаўскага  блёку.

Першае збудаваньне было тут здадзена ў эксплуатацыю 9 траўня 1961 году, усяго было пабудавана 6 сховішчаў на адлегласьці ў адзін кіламетр адно ад другога. У вайсковай частцы захоўваліся не толькі  ядзерныя боепрыпасы, але тысячы адзінак стралковай зброі і патронаў. Усю гэтую базу абслугоўвалі 2 тыс. салдатаў і 800 афіцэраў.

«Гомель – 30» быў зачынены 22 чэрвеня 1994 году, да гэтага ўся зброя была ўжо вывезена. Потым у частцы вайсковых будынкаў разьмясьціла жаночая папраўчая калёнія, якая пачала выкарыстоўваць некаторыя збудаваньні для сховішча гародніны. На прыкладзеных да інфармацыі фота можна бачыць, што астатнія  будовы знаходзяцца ў занядбалым стане. Анак, агароджа з калючага дроту па перыметру захавалася.

Пасёлак Зарэчча аднавіў сваю назву,атрымаў сваё месца на карце, забудаваўся жылымі дамамі і насельніцтва яго жыве звычайным жыцьцём.

  1. Баранавічы (Берасьцейская вобл.) – паблізу ёсьць ваенны аэрадром, на якім у савецкі час базаваўся 203 бамбардыровачны полк. У 1994 годзе ён быў пераведзены ў Расею, але аэрадром застаўся дзейсным. У лесе ў 10 кіламетрах ад аэрадрома знаходзяцца апусьцелыя і занядбаныя два былыя аэрадромныя сховішчы ядзерных баегаловак для стратэгічнай авіяцыі.Там не толькі захоўваліся ракеты, але і вялася праца таксама па падрыхтоўцы ракетаў да баявога прымяненьня, дастаўцы  і выдачы іншым вайсковым часткам. Абьект быў абнесены калючым дротам пад электрычным напружаньнем, мясцовым жыхарам было катэгарычна забаронена хадзіць у лес.

Пасьля распаду СССР зброя была вывезена, вайскоўцы пераведзены ў Расею, агароджа зьнятая і месца стала вольным для наведвальнікаў. 

Памяшканьні ваеннага гарадка пастановаю Савета міністраў былі перададзены Белдрагмету. Пазьней тэрыторыя стала паступова ачышчацца ад непатрэбных будынкаў і, як выглядае, гэтая ваенная база знаходзіцца ў разбураным стане.

  1. Паставы (Віцебская вобл.) – Абьект «Дзьвіна»  пабудаваны ў 1964 годзе. Гэта быў звышсакрэтны абьект, дзе знаходзіліся ракеты з дальнасьцю палёту ў 2 тыс. км. Яны разьмяшчаліся ў чатырох шахтах, кожная з іх ішла ўглыбіню 30 м. і мела шырыню 7 м. Быў камандны пункт, сховішча кампанентаў паліва і машынныя залі для абсталяваньня. 

З баявога дзяжурства ракеты тут зьнялі ў 1989 годзе, перад адыходам вайскоўцы затапілі ўсе шахты. Цяпер абьект знаходзіцца ў амаль цалкам разбураным стане. Мясцовыя чыноўнікі заключылі з нейкім бізнэсмэнам дамову на выкарыстаньне абьекта. Прадпрыймальнік не толькі разбурыў  некаторыя бетонныя збудаваньні, але і выцягнуў адусюль металічныя канструкцыі,на чым зрабіў добры бізнэс.

  1. Пасёлак Мінойты каля Ліды (Гарадзенская вобл.), тут базаваўся 170 ракетныполк 49 гвардзейскай ракетнай дывізіі, якая дыслякавалася ў Лідзе. да сёньня ў Лідзе жывуць савецкія ветэраны, якія служылі ў гэтай дывізіі. У складзе палка былі тры дывізіёны, кожны меў тры ракетныя ўстаноўкі.

Пасьля вывазу ракетаў на тэрыторыі базы настала іншае  жыцьцё, дзесяткі прадпрыймальнікаў пачалі асвойваюць вайсковыя збудаваньні – рабіць мэблю, рамантаваць аўта і інш. Сховішчы для ракетаў на тэрыторыі захаваліся. 

  1. Смаргонь (Гарадзенская вобл.)– недалёка ад гораду знаходзілася база з ядзернымі ракетамі, якія абслугоўваў 428 полк. У палку было тры дывізіёны, якія абслугоўвалі па тры пускавых комплексы кожны. Адзін з гэтых дывізіёнаў вёз ракеты на Кубу пад час Карыбскага крызысу. Але, вярнуўся з паў-дарогі назад, калі была дасягнута дамова паміж СССР І ЗША і крызысная сытуацыя была завершаная.

Цяпер база знаходзіцца ў паўзанядбаным стане, некаторыя памяшканьні выкарыстоўваюцца ў мірных мэтах.

  1. Шчучын (Гарадзенская вобл.) –  «Бункер -77», знаходзіцца ў некалькіх км. адгораду, дзе таксама і цяпер існуе дзейсны вайсковы аэрадром. Гэта адзін з пяці камандных пунктаў вайскова-паветраных сілаў СССР, пабудаваны ў 1977 годзе. Адсюль мог быць пададзены сігнал на запуск ядзерных ракетаў. Бункер знаходзіцца цалкам на тры паверхі пад зямлёю, пад невялікім узгоркам, які ёсьць 5-метровым бетонам, пакрытым травою. Плошча бункера– 941.1 кв.м., ён мае 50 памяшканьняў, а ўвесь абьект займае 8.5 гектара. Ядзерныя ракеты стаялі на згаданым вышэй аэрадроме, з якім з бункера была наўпроставая сувязь, каб даць каманду на ўзьлёт ракетаў.

Вайскоўцы пакінулі бункер толькі ў 2002 годзе.Большая частка абсталяваньня была вывезена, захаваліся мэбля, некаторыя рэчы і плякаты на сьценах. Усё гэта цяпер пасьпяхова выкарыстоўваецца мясцовай турыстычнай фірмай, якая адчыніла тут адмысловы музэй, падобна як у Чэхіі, і туды цяпер водзяць экскуріі, часта рыводзяць школьнікаў дзеля ваенна-патрыятычнага выхаваньня.

7.  Полацак (Віцебская вобл.) – недалёка ў лясах кватараваўся 249 ракетны полк, меў тры дывізіёны , у кожным па тры ракетныя ўстаноўкі. Тут на ўзбраеньні былі «Піянеры» – першыя савецкія рухомыя комплексы з цьвёрдапаліўнай балістычнай ракетаю сярэдняй дальнасьці, а потым «Горны» – тыя самыя ракеты, у якіх ядзерны зарад быў заменены электронікаю. Яны дзейнічалі комплексна – «Горн» накіроўваў на  цэль, а «Піянер» наносіў удар па ёй. Яны увайшлі пазьней  у новую  сыстэму «Перыметр».

Сістэму вывезьлі ў 1988 годзе. Зьяўлялася інфармацыя, што «Перыметр»  быццам бы быў  насамрэч захаваны і стаіць на дзяжурстве, але дакладна гэта невядома.

  1. Камянецкі раён, вёска Дворцы (Берасьцейская вобл.) 

У лесе каля вёскі знаходзілася вайсковая частка, якая абслугоўвала  радыёцэнтр з пазыўным «Рубрыка». Гэта быў цэнтр сувязі, які меў два вузлы сувязі – прыёмны і перадаючы. Перадатчыкі былі ўстаноўленыя каля вёскі Дворцы, а пункт кіраваньня ў пасёлку Прыазёрны. Ваенны гарадок, які знаходзіўся побач, быў прызначаны для таго, каб у ім пад час вайны размяўшчаўся штаб армій краінаў Варшаўскага блёку.

Пасьля 1991 году вайскоўцы пакінулі  абьект і забралі з сабою ў Расею сакрэтнае абсталяваньне і дакумэнтацыю. Перадаючы вузел быў закінуты і цалкам разграблены. Прыёмны вузел захаваўся да нашых дзён практычна ў першапачатковым выглядзе,  знаходзіцца на балансе МЧС Беларусі ў закансерваваным стане пад кругласутачнай аховаю.

У 1999 годзе ў былым ваенным гарадку адчыніўся рэспубліканскі санаторый «Белая вежа». 

  1. Станькава (Дзяржынскі раён, Менская вобл.) – у гэтым месцы  з пачатку 60-х гадоў стаяла вайсковая частка, якая абслугоўвала ракеты Р-2 і Р-14. Потым менавіта тут былі ўстаноўлены ракетные комплексы “Ока”, якія былі самай дасканалаю зброяй ў СССР, запусьціць ракету можна было на адлегласьці. Менавіта гэтымі ракетамі было найбольш заклапочана кіраўніцтва ЗША і ў выніку асобных перамоваў з Гарбачовым ён даў згоду на іх ліквідацыю. Пасьля гэтага ў Станькава комплексы “Ока” былі зьвезены з усяго Саюза і тут зьнішчаныя. Ракетная брыгада пакінула абьект у 1990 годзе.

Сёньня былы  ваенны гарадок – гэта адна вуліца Вайсковая ў вёсцы Станькава. Маёмасьць вайсковай часкі была распраданая прадпрыймальнікам, старыя казармы здалі ў арэнду, там аганізавалі склады ці нейкую дробную вытворчасьць.

Недзе ў 2018 годзе ў гарадку зьявіўся навабуд стратэгічнага прызначэньня – наземны комплекс кіраваньня касьмічным спадарожнікам, яго персанал жыве ў адноўленай казарме. На адкрыцьцё прылятаў на верталёце нават сам Лукашэнка.

10.Сьвіслацкі раён, вёска Хрустава (Гарадзенская вобл.)

Недалёка ад вёскі Хрустава, паблізу Белавежскай пушчы, калі прайсьці па адной лясной дарозе, можна натрапіць на астаткі бетоннай сьцяны, за ёю ў лясным гушчары стаіць агромісты ангар. Афіцыйная вайсковая назва гэтага збудаваньня «Абьект 1161». Магчыма, што гэта самае грандыёзнае падземнае збудаваньне на тэрыторыі Беларусі. Яго памеры ўражваюць –  даўжыня 200 м, шырыня  50 м., пад зямлю ідуць аж 9 паверхаў.

Будаваць абьект пачалі ў 1968 годзе, гэта павінен быў быць абаронены камандны пункт для войскаў Варшаўскага блёка. Але, потым былі Віскулі і ён не спатрэбіўся па прызначэньні.

На сёньня ўваход у ангар забетанаваны, можна сказаць, закансэрваваны.

11. Маларыта  (Берасьцейская вобл.) – тут у Чорным лесе знаходзілася сакрэтная ваенная база з ядзернымі ракетамі, абслугоўваў яе  44 полк ракетных войск стратэгічнага прызначэння. На ўзбраеньні былі ракеты Р-12 з дальнасьцю дзеяньня ў 2080 км. Полк меў два дывізіёны, з якіх кожны меў па дзве пускавыя ўстаноўкі з двумя ракетамі ў кожным. Побач быў пабудаваны ваены гарадок. Вайсковую частку расфармавалі ў 1989 годзе, потым там быў батальён сувязі, пасьля яго дэсантная частка, а з 1995 году тэрыторыя апусьцела. На сёньня абьект амаль поўнасьцю разбураны.

  1. Пружанскі раён (Берасьцейская вобл.) – тут у лесе некалі знаходзіўся 2 дывізіён 403 ракетнага палка. На тэрыторыі базы размяшчаліся сховішчы балістычных ракетаў. Існаваў ваенны гарадок з усё патрэбнаю інфраструктураю і рамонтна-тэхнічнай базаю. База апусьцела ў сярэдзіне 90-х гадоў. На сёньня знаходзіцца ў запусьценьні.
  2. 13.Усходняя Беларусь – адна расейская журналістка, якая рабіла падарожжа па Беларусі, відаць, дзеля таго, каб паказаць нейкую «разыначку», выставіла ў інтэрнэце відэа аб наведваньні былога сховішча ядзернай зброі недзе ў лесе ва ўсходняй Беларусі, так яна паведаміла, але дакладнае месца не назвала. Гэта здымачная група зрабіла поўнае абследаваньне ўсіх памяшканьняў базы, гаварылася дзеля чаго кожнае прызначалася. Абьект таксама выглядаў занядбалым, адчыненыя дзьверы, пустыя змрочныя сховішы з абадранымі сьценамі, усё зарастае лесам.

Аднойчы мне адзін жыхар з Ваўкавыска распавядаў, што там недалёка таксама знаходзяцца закінутыя шахты для ядзерных баегаловак, што цалкам верагодна, бо гэта ўжо блізка да мяжы с Польшчаю.

Я не думаю, што гэта поўны сьпіс былых ядзерных абьектаў на тэрыторыі Беларусі. Але, ён дастаткова яскрава паказвае, як шмат было ў нас гэтай смертаноснай зброі, наша зямля была літаральна нашпігаваная ёю. 

Акрамя таго,у Беларусі, як бачым, зьбіраліся, правяраліся, абнаўляліся і рыхтаваліся для практычнага прымяненьня ядзерныя баегалоўкі, якія прызначаліся да ўстаноўкі, як на іншых тэрыторыях СССР, так і ва ўсіх краінах Варшаўскага блёку. Гэта быў важны зборачны і сэрвісны цэх, які абслугоўваў савецкі арсенал ядзернай зброі. 

Менавіта ў Беларусі былі пабудаваны адмысловыя пункты вайсковай сувязі і бункеры для агульных камандных цэнтраў для войскаў Варшаўскага блёку.

Дзяцінства і маладосьць майго пакаленьня якраз прыпала на тыя гады ядзернага шаленства. Усе гэтыя бункеры і шахты знаходзіліся недзе побач з намі, а мы жылі, радаваліся жыцьцю, што няма вайны, што ў нас шчасьлівае савецкае грамадзтва. А пагроза была побач, бо на выпадак вайны наша краіна была б зьнішчаная. З Божай ласкі тады да вайны не дайшло. Беларусь стала незалежнаю, пазбавілася ад гэтай зброі і сталася безьядзернаю дзяржаваю.

Усе названыя вышэй былыя ядзерныя абьекты сёньня падаюцца занядбанымі, напаўразбураныя, не выглядаюць прыдатнымі для выкарыстаньня. Аднак,яны забруджваюць нашу тэрыторыю, нашы лясы і землі. 

Трэба таксама згадаць і пра іншы бок гэтай справы. З інтэрнэту, у інфармацыях, відэа, дзе распавядаецца пра былыя ядзерныя абьекты ў Беларусі, часам бяруць удзел былыя савецкія афіцэры, якія служылі на гэтых базах, яны нават выступаюць у якасьці праваднікоў па гэтых мясьцінах. Гэтыя людзі сёньня жывуць у беларусы, як вайсковыя ветэраны. Выглядае, што шмат хто з іх не пажадалі выязджаць ў Расею разам з эвакуацыяй базаў, а засталіся жыць у Беларусі, дзе ім больш камфортна. Яны сёньня актыўнічаюць у ветэранскіх арганізацыях, ў грамадзкім і палітычным жыцьці ў нашай краіне. Гэта тыя людзі, якія захавалі адданасьць савецкай сістэме, пры якой лічыліся прэвіліягаванай кастаю, фактычна яны ствараюць расейскую «пятую калёну» і падпору Лукашэнку.

Былая ядзерная інфраструктура так ці інакш існуе на нашай зямлі. Напэўна, гэтыя бетонныя бункеры і шахты былі зробленыя з вельмі якаснага бетону, металаў і іншых матэрыялаў. Яны толькі звонку выглядаюць разбуранымі, а на самай справе магутныя і ўстойлівыя і іх не так цяжка аднавіць і давесьці да ладу, каб ізноў выкарыстаць. 

Расея і яе сатэліт Лукашэнка абвесьцілі пра свае пляны вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь. І вось сёньня мы апынуліся ў той сытуацыі, у якой была некалі Чэхаславакія і астатнія краіны Варшаўскага блёку. Яны складалі буферную зону,  што аддзяла Савецкі Саюз ад Заходняга сьвету. З гэтай зоны на выпадак вайны павінны былі выпускацца ядзерныя ракеты ў бок Захаду і таксама яны павінны былі стаць першымі ахвярамі ўдараў у адказ. Варшаўскага блёку няма, межы НАТА пашырыліся.  Адзінай буфернаю зонаю, якая цяпер аддзяляе Расею ад НАТА  застаецца толькі Беларусь і яшчэ можна дадаць Калінінградзкую вобласьць. 

Наіўна думаць, што Пуцін і Лукашэнка толькі блефуюць, пагражаючы ядзернай зброяй. Сёньня такая рэальнасьць, што для Расеі надзвычай патрэбна разьмясьціць сваю ядзерную зброю менавіта ў Беларусі. Галоўнае, што гэта ёсьць магчымым, дзякуючы антыдзяржаўнай, злачыннай палітыцы Лукашэнкі.  Аднак, працягласьць мяжы Беларусі не ахоплівае ўсю працягласьць мяжы з НАТА.  Патрабуецца яшчэ і Україна, у такім выпадку мог бы быць ізноў створаны паўнавартасны  буфер. Тым больш, што і ва Украіне існавала шмат ядзерных сховішчаў, якія таксама засталіся. Але, такой магчымасьці раскашавацца як у Беларусі ва Украіне не было. Верагодна, што Пуцін вырашыў  разьвязаць гэтую праблему сілаю, але наразіў на моцны супраціў. Цяпер ён будзе біцца да апошняга, каб захаваць за сабою хаця б акупаваную ўсходнюю частку Украіны, якую таксама можна выкарыстаць дзеля буфера разам з Беларусьсю.

А што з нашай краінаю?  Калі расейская ядзерная зброя разьмесьціцца ў Беларусі ў патрэбнай  колькасьці, Расея возьме яе пад свой  поўны кантроль такім жа шляхам інвазіі, як гэта сталася ў 1968 годзе адносна Чэхаславакіі. Лукашэнку яны гэты кантроль не перададуць і  ў такой сытуацыі ён Пуціну ўжо больш не  будзе патрэбны. А наша народ стане ахвяраю ягонай прадажнай палітыкі. Гэты змрочны сцэнар можа стацца магчымым  ў выпадку, калі Расея выйграе вайну з Украінаю ці прымусіць усіх да мірных пагадненьняў з захаваньнем за Расеяй акупаванай ёю усходняй часткі Украіны.

На сёньня сытуацыя пакуль не зусім зразумелая, ці сапраўды ўжо пачалася дастаўка расейскіх ракетаў ў Беларусь, куды яны завозяцца, дзе будуць захоўвацца? Вывад ядзернай зброі з Беларусі завяршаўся ўжо пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі. Ведаючы тое, што ён быў супроць гэтага вывазу, можна падумаць, што некаторыя сховішчы маглі быць захаваныя і закансэрваваныя. Беларускае патрыятычнае грамадзтва павінна цікавіцца гэтым працэсам і па магчымасьці супроцьстаяць гэтым злавесным плянам двух дыктатараў.

Ганна Сурмач