ПРАДСТАЎНІКІ БЕЛАРУСКА-АМЭРЫКАНСКАГА ЗАДЗІНОЧАНЬНЯ (БАЗА) ПРЫНЯЛІ ЎДЗЕЛ У СВЯТКАВАНЬНІ З НАГОДЫ ПРЫНЯЦЬЦЯ КАНСТЫТУЦЫІ 3 ТРАЎНЯ 1791 ГОДУ

9 траўня 2023 году ў Генеральным кансуляце Рэспублікі Польшча ў Ню Ёрку адбыўся сьвяточны прыём з нагоды прыняцьця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 году.

Ад БАЗА на мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Галоўнай Управы – Натальля Федарэнка і сакратар Галоўнай Управы – Міхал Чаропка. Таксама на мерапрыемства была запрошана старшыня Беларускай Асьветніцкай Лігі – Ірына Хадарэнка.

Адметнасьцю мерапрыемства стала прысутнасьць украінскіх вайскоўцаў, што знаходзяцца зараз у ЗША на лячэньні і рэабілітацыі.

Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Ню Ёрку Адрыян Кубіцкі павітаў прысутных на мерапрыемстве: Генеральнага консула Летувы ў Ню Ёрку – спадара Вацлаваса Шалкаўскаса, Генеральнага консула Украіны – Олексія Голубава, прысутных украінскіх вэтэранаў, а таксама асобна – прадстаўнікоў беларускай дыяспары. У сваёй прамове ён адзначыў важлівую ролю, якую Канстытуцыя 3 траўня працягвае адыгрываць на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Яна аб’ядноўвае культурна і гістарычна народы, якія ўжо прайшлі свой шлях да свабоды і незалежнасьці, як Польшча і Летува. Альбо яшчэ толькі змагаюцца – як Украіна, ці каму яшчэ прадбачыцца змаганьне за сваю будучыню – Беларусі.

Генеральны консул Летувы Вацлавас Шалкаўскас таксама павітаў прысутных і падкрэсліў, як Канстытуцыя 3 траўня дазваляе сёньня супрацоўнічаць і ладзіць сувязі паміж народамі. Ён адзначыў, што закладзеныя ў яе ідэі свабоды і роўнасьці былі перадавымі для тагачаснай Эўропы і застаюцца шмат у чым актуальнымі і сёньня.

Пасьля прысутныя паглядзелі кароткае відэа пра Канстытуцыю 3 траўня і паслухалі даклад былога чальца OSCE у Эўропе – спадара Juozas A. Kazlas, Ph.D. У сваёй прамове спадар Юозас распавёў пра яго досьвед працы ў якасьці назіральніка ва Украіне ў 2014-2015 гадох.

Пасьля прысутныя змаглі паслухаць творы Фрэдэрыка Шапэна ў цудоўнцм выкананьні Караліны Мікалайчык і Іва Еднэцкага.

Падчас мерапрыемства сакратар Галоўнай Управы БАЗА Міхал Чаропка атрымаў ад Генеральнага консула Адрыяна Кубіцкага памятны медаль імя Яна Карскага.

Апасля афіцыйнай часткі ўсіх чакаў фуршэт.

Міхась Чаропка

Фота: Lietuvos Generalinis Konsulatas Niujorke/Consulate Gen. of Lithuania in NY, Ірына Хадарэнка, Міхась Чаропка