ПІСАЛІ ПІСЬМЫ, ПРЫХОДЗІЛІ СЕМ’ЯМІ

Як прайшоў Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі ў ЗША
Тысячы беларусаў па ўсяму сьвету выйшлі на акцыі да Дня салідарнасьці з палітзьняволенымі ў Беларусі 21 траўня. Беларусы ЗША не засталіся ў баку і далучыліся да гэтых мерапрыемстваў.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” вызначыў невыпадкова 21 траўня, як Дзень салідарнасьці з палітзняволенымі, бо ў гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калёніі №17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Ён быў патрыётам, актывістам і дзеячам, які зьвяртаў увагу на важнасьць гістарычнай памяці.

У сувязі з гэтым, апоўдні, у Цэнтральным парку Нью-Ёрка сабралася каля сотні беларусаў, каб напісаць лісты і падпісаць паштоўкі палітзьняволеным, узгадаць імёны людзей, якія за свае перакананьні адбываюць турэмныя тэрміны, а таксама пазнаёміцца адзін з адным.

Арганізатарам сустрэчы выступіла Асацыяцыя Беларусаў Амэрыкі і iніцыятыва Майстэрні паштовак салідарнасці. Мадэратам сустрэчы была Ганна Шарко.
Акцыя пачалася са знаёмства, Дзе ў маленькіх гуртах па 5-6 чалавек кожны за некалькі хвілін мог расказаць сваю гісторыю і паслухаць іншых. Людзі прыходзілі сем’ямі і нават з маленькімі дзецьмі. Нехта распавядаў, што жыве ў ЗША ўжо дзесяць год, а хтосьці толькі ўчора перайшоў праз мэксыкана-амэрыканскую мяжу. Але усе прыйшоўшыя сабраліся, каб узгадаць тых, хто цяпер у няволі ў Беларусі. Людзі трымалі здымкі палітзьняволеных з іх гісторыямі на адваротным баку на ангелскай мове.

На акцыі прагучаў шэраг выступаў. Сярод выступоўцаў быў сустаршыня стачачнага камітэта ААТ «Беларуськалій» Анатоль Бокун, які зусім нядаўна эміграваў ў ЗША праз Мэксіку. Пасьля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года Бокун некалькі разоў прыгаворваўся судом да адміністрацыйных арыштаў і выплаты буйных штрафаў за правядзеньне несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Анатоль распавёў пра сітуацыю на Беларусі і «Беларуськаліі», а таксама заклікаў падтрымліваць палітзьняволеных і выходзіць на акцыі ў іх падтрымку ва ўсім сьвеце.

Таксама на акцыі слова ўзяла вядоўца Белсата Наста Ільіна, якая сьпецыялізуецца на геапалітычнай сітуацыі ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне, пытаннях міграцыі і праблемам з правамі чалавека.
Журналіст распавяла пра свай досьвед затрыманьня ў Беларусі яшчэ да падзей 2020 года, калі яна адбывала пакараньне тэрмінам пяці содняў. Таксама яна ўзгадала, што зараз вакол некаторых палітвязьняў існуе інфармацыйная блякада, а аб некаторых увогуле няма ніякай інфармацыі. І пра гэта трэба апавяшчаць сьвет і змагацца за іх вызваленьне.
Віталь Зайка, старшыня суполкі “Пагоня” распавёў пра падтрымку беларусаў, якую можа аказаць “Пагоня”, а таксама пра рэлігіную сітуацыю ў Нью-Ёрку.

Актывістка Натальля зачытала статыстычную інфармацыю прваабарончага цэнтра «Вясна». Згодна з ёй ў Беларусі тысячы чалавек прайшлі праз зьняволенне, а дзясяткі тысяч былі вымушаны выехаць з краіны з-за рэпрэсій і ціску. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за апошнія тры гады з крымінальным перасьледам сутыкнуліся не менш за 4 300 беларусаў па палітычных матывах. Цяпер у месцах несвабоды ў жудасных умовах утрымліваюцца не менш за 1 525 палітвязьняў, кожная 10-я з якіх – жанчына.

Палітвязьням не аказваюць медыцынскую дапамогу, пазбаўляюць права на абарону, закідваюць у карцэры і штрафныя ізалятары, дзе створаны сьпецыяльныя катавальныя ўмовы.
У месцах няволі ўтрымліваюцца дзевяць падлеткаў, якім на момант затрыманьня не было 18 гадоў.

У папраўчых установах адкрытага тыпу (“хімія”) знаходзяцца 254 палітычныя вязьні. Вядома, што там на іх зьдзяйсняецца ціск: да іх прыязджаюць сілавікі, правяраюць тэлефоны, зьбіваюць, адпраўляюць на “суткі”, а супраць некаторых узбуджаюць новыя крымінальныя справы.
«Вясна» падлічыла, што калі пісаць па лісце ў дзень кожнаму палітвязню, то на гэта спатрэбіцца асобнаму чалавеку 4 гады і 40 дзён.

Адзін з актывістаў, сябра BAZA, Андрэй Малецкі прыйшоў на акцыю з біркай на грудзях, на якой напісана «Вітольд Ашурак, ПК-17, забіты 21.05.2021». Андрэй кажа, што напачатку стаяў на 42-ой стрыт, дзе было каля дзясятка беларусаў з нацыянальнай сымболікай.
«Амэрыканцы нас фатаграфавалі і запытвалі пра мэту нашай акцыі. Мы казалі, што мы беларусы і мы супраць дыктатарскага рэжыму. Нам паціскалі рукі і выказвалі спачуваньні ў сувязі з сітуацыяй у нашай краіне», – пракаментаваў Андрэй Малецкі.
Таксама акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі прайшлі і ў іншых гарадах ЗША – Сан-Францыска, Дэтройце, Чыкага і Філадэльфіі.
Алесь Пазьняк
Здымкі аўтара





































