Перасьцярога ад супрацы з расейскімі арганізацыямі

Расейскія арганізацыі ў ЗША сталі ўсё часьцей заклікаць беларусаў да ўдзелу ў сумесных акцыях і імпрэзах. Асабліва яны актывізаваліся ў апошнія дні ў сувязі з разьмяшчэньнем расейскай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі.
Арганізатары акцый заклікаюць беларусаў і расеян “разам” выказаць пратэст гэтым дзеяньням расейскіх уладаў. Але тут у беларусаў павінен ўзьнікнуць фантомны боль і трэба ўспомніць, што рыторыку пра “разам з расеянамі” ужо трыццаць гадоў ужывае на Радзіме рэжым дыктатара Лукашэнкі. А да яго – Савецкі Зьвяз, што было занатавана нават у гімне рэспублікі. У той жа час сьвядомае нацыянальна-арыентаванае беларускае грамацтва даўно зразумела, што любыя сумесныя дзеяньні з расейскімі арганізацыямі, толькі ўмацоўваюць прыгон і аддаляюць Беларусь ад прагрэсыўнага й дэмакратычнага сьвету.
Больш за тое, на адпаведных сайтах удзельнікаў імпрэзаў заклікаюць зарэгістравацца, але месца й час правядзеньня мітынгу – пакуль не паведамляюць.
Гэта сьведчыць пра некалькі рэчаў. Па-першае, расейскім арганізацыям патрэбны сьпіс тых беларусаў, якія іх падтрымліваюць (пажадана каб гэта была адразу арганізацыя). Цалкам верагодна, што гэты сьпіс будзе пасьля выкарыстаны, каб засьведчыць падтрымку расейскіх арганізацый беларусамі.
Па-другое, імпрэзы яшчэ не ўзгоднены з паліцыяй гораду, а значыць могуць узьнікнуць непрыемныя сытуацыі, дзе беларусы будуць скрайнімі.
Па-трэцяе, мы, як беларусы, вельмі добра ўсведамляем, што ў перыяд масавага зьніжэньня рэпутацыйнасьці, Расеі і яе грамадзянам скрайне важна паказваць падтрымку міжнароднай супольнасьці. Таму любыя нацыянальнасьці, якія далучаюцца да гэтых пратэстаў, з’яўляюцца інструментам дзеля таго, каб аднавіць гэтую рэпутацыю. Вядома, што беларусаў ня можа задавальняць такі падыход.
Па афіцыйных расейскіх дадзеных, на сёньня ў Расеі зарэгістравана 190 этнасаў, 37 моваў з’яўляюцца афіцыйнымі дзяржаўнымі ў рэспубліках Расейскай Федэрацыі, 270 моваў з’яўляюцца актыўнымі. І гэта дадзеныя, якія Расея дасылае ў ААН і іншя міжнародныя арганізацыі.
Калі расейскія арганізатары пачнуць паказваць, што ўнутры краіны адбываецца таксама падтрымка, і людзі гэтых “пратэстаў” пачнуць размаўляць на сваіх мовах, пачнуць пісаць плакаты на сваіх мовах: дагестанцы, тувінцы, бураты – кожная з заяўленых у ААН супольнасьцей, тады расеяне, па-першае, ня будуць мець патрэбу ў міжнароднай падтрымцы, так як будзе хапаць сваіх этнасаў, а па-другое, беларусы тады будуць ведаць, каго непсрэдна яны падтрымліваюць.
Але гэтых галасоў не было, гэтых моваў мы ніколі ня бачылі і гэтых заяваў беларусы ніколі ня чулі. Таму расеянам неабходна спачатку разабрацца са сваім унутраным становішчам. Ці то яны падаюць няправільныя дадзеныя, альбо тыя 190 этнасаў – даўно зьнішчаныя, культуры зруйнаваныя і моваў даўно не існуе. Мы чакаем дэманстрацыі ўнутранай кансалідацыі расеян і патрабуем спыніць зацягваць да сябе іншыя народы. У тым ліку беларусаў, якія ня маюць дачыненьня да ўнутраных спраў Расеі. Беларусы не абавязаны паказваць падтрымку пэўнай плыні, выдзеленай з суцэльнага грамацтва са 190 народамі.
Беларусы таксама павінны ўстрымацца ад такіх сумесных акцый з расейскімі арганізацыямі яшчэ па некалькіх прычынах:
Незалежнасьць і сувэрэнітэт. Падтрымка расейскіх арганізацый і дзеяньняў дрэнна ўплывае на самастойнасьць беларусаў. Беларускі народ вёў цяжкую барацьбу за сваё самавызначэньне й права вызначаць сваю будучыню. Аб’яднаньне з расейскімі арганізацыямі ставіць пад пагрозу гэтую зь цяжкасьцю здабытую незалежнасьць і самастойнасьць.
Аўтакратычны характар расейскай апазыцыі. З гадамі назіральнікі бачылі ўсё больш аўтарытарныя тэндэнцыі сярод расейскіх апазыцыйных структур. Па сутнасьці, галоўная іх задача – гэта пасадзіць на трон новага цара, пры якім “ня будуць так красьці й ня будзе такой карупцыі”. Падтрымка расейскіх арганізацый можа ўскосна ў будучым падтрымаць рэжым, які будзе звужаць грамадзянскія свабоды, душыць палітычнае іншадумства й падрываць дэмакратычныя інстытуты. Гэта будзе супярэчыць тым дэмакратычным каштоўнасьцям, якія, шануюць беларусы ў ЗША.
Падтрымка беларускай ідэнтычнасьці. Беларусы маюць выразную культурную й нацыянальную ідэнтычнасьць, якая адрозьнівае іх ад Расеі. Падтрымліваючы расейскія арганізацыі й акцыі, беларусы могуць рызыкнуць размыць альбо зацямніць уласную унікальную ідэнтычнасьць. Для беларускай дыяспары важна захоўваць і прасоўваць сваю культурную спадчыну, адначасова прымаючы каштоўнасьці дэмакратыі й правоў чалавека.
Геапалітычныя меркаваньні. Геапалітычныя інтарэсы Расеі й Беларусі не супадаюць. Падтрымка расейскіх арганізацыяў можа ненаўмысна паспрыяць узмацненьню расейскага ўплыву ў Беларусі. Беларусаў заўсёды могуць спытаць, якім чынам яны жадаюць адмежавацца ад расейскай імпэрыі, калі нават у свабодным замежжы яны абіраюць супрацу з расейскімі арганізацыямі?
І апошняе. Вельмі важна разумець, што расейская імпэрыя ў любым яе выглядзе вельмі зацікаўлена каб пакінуць беларусаў на арбіце свайго самага моцнага ўплыву. Рэжым Лукашэнкі, рыторыка пра “саюзную дзяржаву”, сумесныя акцыі й імпрэзы любой накіраванасьці трымаюць беларусаў побач з Маскоўскай дэспатычнай дзяржавай і не даюць ім уліцца ў сям’ю дэмакратычных народаў свабоднага сьвету.
Тут, у краінах Захаду, і асабліва ў ЗША, мы вольныя абіраць з кім супрацоўнічаць і з кім сябраваць. Дык чаму нам ізноў навязваюць тых, хто ўсю гісторыю не паважаў нашай прагі да самастойнасьці й незалежнасьці? Навошта падтрымліваць стасункі з тымі, хто ня ведае сапраўднай дэмакратыі й для каго правы чалавека абмяжоўваюцца воляй цара?
Таксама беларуская дыяспара ў ЗША не падтрымлівае ніякай формы белага супрэмасізму і разглядае Расейскую Федэрацыю як гвалтоўны саюз паняволеных народаў пад прыгнётам нібы “славянскага братэрства”.
Беларусы, не далучайцеся й ігнаруйце сумесныя з расейскімі арганізацыямі акцыі. Яны не нясуць выгод. Шукайце хаўрусьнікаў сярод вольных народаў, якія будуць ставіцца да вас з павагай, а не як да “малодшых братоў”.
Жыве Беларусь
Захар Ігнатоўскі