ПАЛЯШУК БАЧЫЎ ТЫТАНІК

АЛЬБО ЯК БЕРАСЬЦЕЙЦЫ ЕЗЬДЗІЛІ Ў АМЭРЫКУ 100 ГОД ТАМУ
Пасля Другой сусветнай вайны ня рэдкасцю было пачуць у сельскай хаце на Берасьцейшчыне размову па-ангельску. Мінулае ўспаміналі “амэрыканцы” – тыя, хто пабываў за акіянам.
Ва ўкраінскіх Карпатах ёсць народная песьня пачатку XX стагоддзя “Гамерыцький край”, дзе выказваецца туга эмігранта, змушанага ехаць у далёкую невядомасьць, каб “зарабіць хлеба”. Была гэтая тэма блізкая і для Заходняй Беларусі. Зрэшты, гастарбайтэры таго часу ехалі ў ЗША не толькі ад беднасці, але і каб зарабіць грошай для развіцьця гаспадаркі.
Ураджэнка вёскі Задуб’е цяперашняга Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласьці (а пры Польшчы — Дабраслаўскай гміны Палескага ваяводства) Любоў Малышка расказала пра свайго бацьку Фёдара Маляўку, які на здымку зьверху разам з жонкай і дзецьмі. Ён езьдзіў у Амэрыку і… трапіў у рабства. Але аб усім па парадку.
Бацькоў загубіла балота і Будзёны
Фёдар (Хведар па-мясцоваму) быў не адзіным у сваёй сям’і, хто адправіўся ў ЗША. Ягоны старэйшы брат Пятрук таксама пачаў ездзіць на заробкі не пазьней пачатку 1910-х. Але пра яго зьвестак і ўспамінаў засталося мала.
Вядома, што ён на цягніках і пароме дабіраўся да Лондана, а там садзіўся на карабель да Амэрыкі. Менавіта яму пашчасціла ўбачыць легендарны «Тытанік».
Трансатлантычны параход будаваўся ў Белфасце, сталіцы Паўночнай Ірландыі, і Пятрук, мог назіраць яго, калі карабель праходзіў выпрабаваньні перад сваім першым і апошнім падарожжам у ЗША…
Браты паходзілі з сям’і заможных сялян, дзе з 14 народжаных дзяцей выжыла сямёра. Фёдар, які нарадзіўся ў 1903 годзе, быў малодшым з чатырох братоў. Сядзіба бацькоў была зьнішчана падчас Першай сусьветнай вайны. Адступаючыя расейцы спыніліся ў ёй на тры дні, з’елі і забралі ўсю жывёлу і харчы, а пабудовы і хату разабралі, каб пракласьці грэблю праз балота. Не хацелі шумець, секчы дрэвы. Захаваліся ўспаміны, што гэта былі людзі Будзёнага, таму эпізод памылкова адносілі да часу Грамадзянскай вайны. Магчыма, салдаты належалі да падраздзялення, якім камандаваў Будзёны, будучы афіцэрам царскай арміі. А магчыма, конныя войскі зьвязваліся з ім па асацыяцыі.
«Сядзіба была прыціснута да балота, гэта іх загубіла», — расказвае са шкадаваньнем Любоў Фёдараўна.
Пару тыдняў сям’я жыла пад грушай у будане. Потым дзед нашай суразмоўніцы памёр – «не вытрымала сэрца». Баба таксама пайшла за ім праз лічаныя дні.
Рабства на плантацыі і зьбіццё паліцэйскага
Фёдар пасьпеў скончыць два клясы расейскай школы. Ягоны бацька быў ляснічым, ездзіў на службу і вазіў дзяцей у школу за 10 кіляметраў. Ён лічыў, што самае галоўнае – даць дзецям адукацыю. Пятрук пасьпеў скончыць больш класаў, пазней ажаніўся з полькай і асеў у ЗША. Там ён узяў прозьвішча жонкі, а чаму – сямейныя версіі адрозніваюцца…
Фёдар з Амэрыкі ехаць назад не зьбіраўся. Перасылаў грошы Якаву, хацеў з цягам часу забраць яго да сябе.
«Звычайна зьбіралася партыя і ехала. Ён паехаў у таварыства іншых, і ў іх не хапіла грошай. У каго хапіла, той даехаў, у каго не, тыя затрымаліся ў Канадзе. Думалі, падпрацуюць і паедуць далей. Але працу знаходзілі толькі ў фермераў – хапала толькі на жыцьцё ды і толькі. Потым патрапілі на тытунёвую плантацыю і там фактычна апынуліся ў рабстве. Іх адтуль не выпускалі. У Амерыцы такое было. Людзей сагітуюць, напрыклад, у непраходныя лясы здабываць смалу. І амерыканцы трапляліся, не толькі прыезджыя».
Любоў Фёдараўна ўзгадвае, як чытала артыкул пра чалавека, які вярнуўся з такога рабства ў лясах Амазоніі праз 25 гадоў. У адзіночку без грошай выбрацца было нерэальна: непраходныя месцы, трапічныя хваробы. Некаторыя ўцякалі, але гінулі.
«Але нашыя – горды народ. Яны зладзілі страйк. Такі моцны, што гаспадары плантацыі не маглі справіцца. Яны зьвярнуліся да ўладаў. І ўлады разабраліся. Замежнікаў выслалі».
Ёсць і гісторыя, што Фёдар нібыта прыхапіў у рукаве кавалак арматуры і падчас бойкі з паліцыяй ударыў па галаве аднаго з копаў. З-за чаго ўвесь ягоны ўдзел у страйку быў інтэрпрэтаваны як сувязь з камуністычным рухам.
На плантацыі ён правёў тры гады, а ўсяго ў Амерыцы разам з дарогамі – пяць. Гэта была першая палова 30-х гадоў, Вялікая дэпрэсія – значна менш шчаслівы час, чым выпала Пятруку на яго першыя паездкі.
Яркім успамінам гэтага перыяду, які потым расказваўся дзецям, стаў ручны мядзведзь, які развозіў па плантацыі бочку з вадой.
«Збяруцца гэтыя «амэрыканцы» і гавораць не панашаму у нас у хаце, — успамінае Любоў Фёдараўна сваё дзяцінства. – Старыя людзі былі, без радыё, без тэлевізара, а які развіты народ! Сядуць – лапці плятуць, кошыкі, і языкамі малоцяць, усякія загадкі, разгадкі, галаваломкі, з запалак што-небудзь пабудуюць. Мужыкі за сталом, бабы рукадзельнічаюць. У суседнім пакоі моладзь».
Вяртаньне дамоў
Не злавіўшы посьпехі за акіянам, Фёдар вярнуўся ў роднае сяло. Пяць гадоў “хадзіў” за будучай жонкай Маняй. Яна была сіратой. Мачыхе, відаць, не хацелася страціць танную працоўную сілу. У выніку выдала яе замуж «у чым стаяла» – не дала нават зьменнага адзеньня.
«Бацька паехаў на заробкі ў горад. Хаця што я кажу: паехаў! Пайшоў. Зараблялі часцей за ўсё ў Пінску, нават за хлебам туды хадзілі пешшу. Накупіў маме адзеньня. Потым прыкупілі часовую хатку».
Да Пінска – цэнтра ваяводства – прамымі дарогамі было 60 км.
Пасля зьмены ўлады Фёдар стаў першым брыгадзірам у калгасе, а Якаў – яго памагатым. Фёдар таксама быў дэпутатам, таму што, нягледзячы на слабую адукацыю, быў чалавекам “пісьменным”.
Кандыдаты на расстрэл
Становішча абвастрыла мясцовая нязгода: чалавек, які дзякуючы зносінам з Якавам разбіраўся ў першапачатковых лозунгах рэвалюцыі, адмовіўся адбываць абавязковыя працы, таму што «уся зямля сялянам». Яго засадзілі ў турму. У выніку пасьля акупацыі немцамі братоў выдалі ім як камуністаў.
Якава расстралялі. Па Фёдара прыйшлі ў дзень, калі жонка нараджала трэцяга сына.
«Ён прыняў роды і хацеў пайсці. Сказаў: «Цяпер за мной прыйдуць. Мяне папярэдзілі». Зірк – ужо ідуць. Ён праз акно і ў жыта. Па ім стралялі, а ён па жыце ўцякаў зігзагамі, як заяц. Тады загадалі расстраляць жонку з дзецьмі. Ужо прыйшоў немец і цэліцца, цэліцца. Але тут адна баба прыбегла, упала на калені, давай галасіць і прасіць. «Яна ж сірата, яна нічога не ведае. Божа ж мой, як мне будзе жыць, калі я за яе не заступлюся?»
І іх пакінулі ў жывых, а на наступную раніцу Маню выклікалі і пратрымалі цэлы дзень, не ведаючы, што з ёй рабіць. Але не знайшлі віны і адпусцілі.
Пасля гэтага Фёдар пайшоў у партызаны – не хацеў загінуць дарма. У 1943 годзе, калі абстаноўка абвастрылася, схаваў сям’ю на хутары Пароціна.
«Ён не быў камуністам і не мог быць, – лічыць дачка Фёдара. – У калгасе быў брыгадзірам, але сам сыйшоў, таму што калгас быў не такім, як ён яго прадстаўляў. Ён прадстаўляў яго калектыўнай гаспадаркай. Каровы ў нас свае, сабралі ў калгас, уся скаціна свая, а калі мы пазычаем грошы на тэхніку ў дзяржавы, то будзем абавязак аддаваць. А чаго дзяржава лезе і камандуе? Прыязджае, гарлапаніць, патрабуе таго і таго? Гэтага ён не разумеў».
“Я наогул не піў, а амэрыканцы напіліся”
Патрапіўшы ў рэгулярнае войска, Фёдар дайшоў да Берліна. Ён добра ведаў ангельскую і стаў перакладчыкам пры штабе маршала Ракасоўскага падчас сустрэч з заходнімі саюзнікамі.
Мовы ён увогуле вучыў «на аўтапілоце». Цытаваў па памяці ўрыўкі з польскіх газет. Сьпяваў украінскія песні.
«Прайшоўшы краіну, ён схопліваў зьмены, чым новая мова адрозніваецца ад папярэдняй. Колькі краін прайшоў, столькі і ведаў моў”.
Гэта заўважылі і часта прыцягвалі яго ў якасьці перакладчыка, а потым перавялі бліжэй да штаба. Ён займаўся разведкай, але пра гэта потым нічога не расказваў. А пра сустрэчу з амэрыканцамі любіў расказаць.
«Кажа, нас сабралі і загадалі: піць не больш за 300 грам. І тое паступова. Для нашага чалавека гэта ня быць п’яным. І мы, кажа, сустракаліся, я ўвогуле не піў, бо мне перакладаць трэба, а амэрыканцы панапіваліся — адзін падаў, сцягнуў на сябе абрус і ўвесь стол рагатаў з гэтага. А мы, кажа, усе як агурочкі».
На вайне Фёдар шмат разоў быў на мяжы сьмерці. Падчас жорсткіх баёў у Памераніі на тэрыторыі Прусіі (цяпер Польшча) ён як сувязіст стаў мішэнню нямецкага снайпера. Снайпер цэліўся ў сэрца. Фёдар адчуў штуршок у грудзі, як быццам ударылі бярвеннем, і страціў прытомнасць. Калі ачуняў, знайшоў у нагруднай кішэні прабітую кніжку і сплясканы трафейны гадзіннік. Яны і абаранілі ад кулі.
Пасьля вайны
Любоў Фёдараўна была перадапошняй з дзевяці дзяцей у сям’і. Нарадзілася ў 1954 годзе. Аб пасляваенным жыцці бацькі распавядае з тугой, быццам не жадаючы набліжацца да сумнага фіналу.
«Пра вайну расказваў і плакаў, плакаў. Пакуль гадавалі дзяцей, працаваў на дзвюх працах, сьпівацца не было калі. Асноўная праца – лесніком, дадатковая – вартаўніком. Бочкі рабіў. Кошыкі плеў вечарамі. Дзяцей любіў. Для кожнага дзіцяці ў яго была свая гісторыя, адкуль дзіця ўзялося. Брат Іван быў верхалаз, вечна па слівах поўзаў – дык яго са сьлівы зьнялі. Мяне ў агародзе выкапалі. Была я маленькая, як бульбінка. Таму назвалі «Любінка». Калі ў краму вартаўніком пайшоў, зьбіраліся ў качагарку пасядзець выпіць, і яму налівалі. Тут ужо ў яго мазгі адмаўлялі».
Мы даведаліся крыху больш пра працоўную міграцыю беларусаў у першай палове XX стагоддзя ў гісторыка Анатоля Сідарэвіча, таксама ўраджэнца вёскі Задуб’е. Ягоны сваяк Філіп Сідарэвіч, вядомы як «Піліп Мерыканец», вярнуўшыся з ЗША, «прывёз новую веру».
Ён пражыў у ЗША 10 гадоў, пачынаючы з 1911, атрымаў багаслоўскую адукацыю і пазней заснаваў у родным рэгіёне як мінімум пяць баптысцкіх цэркваў – гэта значыць быў дзеячам той жа хвалі «эвангельскага абуджэння», што і вядомы брэсцкі пастар Лука Дзекуць-Малей.
Як расказаў Анатоль Сідарэвіч, беларусы пачалі ездзіць у Амэрыку пры цары Мікалаі II, гэта значыць з пачатку XX стагоддзя або канца XIX. Для такіх мэт нават быў выдадзены англа-беларускі размоўнік. Папулярным месцам адпраўлення праз акіян быў порт Гаўр на поўначы Францыі. Другім напрамкам міграцыі сялян была Сібір. Пасля рэвалюцыі міграцыя ў апошнюю стала прымусовай.
Марыя Маляўка,
Беларусь – Польшча