Oslo Freedom Forum 2022 у Нью-Ёрку

3 кастрычніка ў Нью-Ёрку адбылася важная падзея ў сусьветным руху  барацьбітоў за правы чалавека -Oslo Freedom Forum 2022.

Oslo Freedom Forum (OFF) – гэта сэрыя глябальных кангрэсаў, якія арганізуюцца некамерцыйнай грамадзкай арганізацыяй Human Rights Foundation  (Фундацыя правоў чалавека). OFF быў заснаваны ў 2009 годзе і прайшоў у Осла – сталіцы Нарвегіі, як разавае мерапрыемства. Аднак, у далейшым стаў праходзіць штогод у пашыраным масштабе. Асноўная канфэрэнцыя OFF праводзіцца штогод у цэнтры Осла. А потым спадарожнікавыя мерапрыемствы адбываюцца ў розных краінах і гарадах. Сёлета такі спадарожнікавы Форум прыймаў Нью-Ёрк. Арганізатары вырашылі пакінуць назву нарвежскай сталіцы ў назве ўсіх спадарожнікавых мерапрыемстваў, бо яна ўжо ператварылася ў брэнд і стала пазнавальнаю ў сьвеце.

Форум лічыцца галоўным зъездам людзей, якія змагаюцца за правы чалавека па ўсім сьвеце. Людзі, якія прысьвяцілі свае жыцьці  барацьбе з прыгнётам і несвабодай, зьбіраюцца разам, каб падзяліцца асабістым  вопытам, шырока паведаміць пра свае рэальныя гісторыі, якія адбываюцца ў іхных краінах. Змагары за правы чалавека прыносяць свае аповяды на сцэну Форума, каб праліць сьвятло на працэсы барацьбы за свабоду ў цэлым сьвеце. Як правіла, гэта адметныя асобы, якія дасягнулі значных вынікаў у сваім змаганьні, сталі публічна вядомымі ў сваіх краінах ці нават у сьвеце.

Форум  атрымаў  высокую ацэнку сярод сусьветнай грамадзкасьці за тое, што  зьбірае разам  некаторых з самых уплывовых людзей з розных краінаў з асаблівымі лёсамі. Форум нават  сталі называць «Зьбіральнікам герояў».  Газэта The New York Times назвала Форум месцам, дзе “у дысідэнтаў сьвету ёсьць сваё слова», гэтым самым падкрэсьліўшы яго міжнародную значнасьць для дэмакратычнага руху ў сьвеце.

Форум вызначаецца сваімі нетрадыцыйнымі падыходамі да справы змаганьня за правы чалавека. Часам яго называюць таксама  майстэрняю крэатыўнага пратэсту. Крэатыўны падыход, крэатыўнае мысьленьне найбольш выяўляецца ў маладога пакаленьня. Гэта было бачна праз склад удзельнікаў Форуму ў Нью-Ёрку, дзе пераважала моладзь. 

Форум праходзіў у памяшканьні вядомага Нью-ёркскага тэатра The Town Hall, 123 W 43 Street, у цэнтры Мангэттана, раней тут ужо праходзіў Форум 2019 году. Заля тэатра, якая налічвае 1500 месцаў, не выглядала пустою. Нават у файе пад час перапынку было цяжка праціснуцца ў натоўпе. Там я ў непасрэднай блізкасьці пабачыла 46-гадовага Тора Халворссена (Thor Halvorssen), заснавальніка Форума Свободы. Ён пад час перапынку выходзіў да людзей і было бачна, што многія сустракалі яго з радасьцю і павагаю, віталіся, гутарылі з ім. 

У сусьветным праваабарончым руху Тор Халворссен ёсьць вельмі адметнаю асобаю. Тут варта трохі падаць інфармацуыю пра яго. Малады чалавек заснаваў Форум у даволі маладым узросьце для такога ўзроўню справы. Осла быў выбраны не выпадкова. Тор нарадзіўся ў 1976 годзе  і вырас у Венесуэле, але ягоныя  карані з боку бацькі маюць нарвескае паходжаньне. Продак ягонага бацькі – дыплямат з арыстакратычнага нарвескага роду некалі патрапіў у Венесуэлу па службовых справах, дзе і застаўся. Маці Тора належыць таксама да паважанага роду, які мае крэўныя сувязі з родам знакамітага героя вызвольнага руху Сымона Балівара і з сямьёю першага прэзыдэнта Венесуэлы Крыстабала Мендозы.

Бацькі Тора, незалежна ад іх высокароднага паходжаньня, сур’ёзна пацярпелі ад перасьледу з боку венезуэльскіх уладаў і хлопцу, на той час студэнту, давялося займацца грамадзкай дзейнасьцю, каб абараніць сваіх родных. Так ён набыў свой першы вопыт у справе барацьбы за правы чалавека. Гэта быў час, які папярэднічаў прыходу да ўлады Уго Чавэса. Сытуацыя ў Венесуэле ў наступны перыяд шмат чаму навучыла Тора, а таксама прымусіла яго выехаць у эміграцыю. Але, Тор быў рашуча настроены працягвацьць барацьбу за свабоду і правы чалавека.У 2006 годзе ён заснаваў у Нью-Ёрку грамадзкую праваабарончую арганізацыю – Human Rights Foundation, якая і стала ў 2009 годзе галоўным арганізатарам Oslo Freedom Forum. 

Тор Халворссен афіцыйна займае кіруючую  пасаду заснавальніка і генэральнага дыректараHuman Rights Foundation. Фундацыя мае таксама ганаровую пасаду старшыні. Першым на гэтую пасаду быў абраны Вацлаў Гавэл і займаў яе да ягонай сьмерці ў 2011 годзе. Далей функцыю пераняў Гарры Каспараў. Сам Каспараў таксама прамаўляў на Форуме ў Нью-Ёрку. У мяне засталося добрае ўражаньне, выглядае, як сапраўдны трыбун, здольны ўзьняць людзей.

Штаб-кватэра Human Rights Foundation  знаходзіцца ў Нью-Ёрку, у цэнтры Мангэттана, 350  Fift Avenue, у адным будынку з дырэкцыямі двух іншых больш вядомых абаронцаў правоў чалавека – Human Rights Watch и Human Rights in China. Аднак, гэта зусім розныя арганізацыі ў сваіх метадах падыходу да праблем барацьбы за правы чалавека.

Кіраўнік Human Rights Foundation так вызначае ў адным інтэрвю мэты арганізацыі і яе адрозьненье ад іншых: “Усім зразумела, што  такое ёсьць базавыя правы чалавека. Гэта свабода слова, свабода сходаў, свабода перамяшчэньня, гарантыя таго, што ўлада не падвергне цябе зьдзекам і не забярэ тваю маёмасьць. Адным словам, гэта абарона ад уладнага дыктату…Аднак, праваабарончы істэблішмэнт у структуры ААН далей прыгожых дэклярацый не ідзе, бо ўрады некаторых яе краінаў-чальцоў самі забіваюць, ці кідаюць у турмы сваіх апанэнтаў… Самые буйныя праваабарончыя канфэрэнцыі ў сьвеце спансіруюць пад эгідай ААН, як правіла, самые рэпрэсыўныя рэжымы. Мы супроцьпастаўляем гэтаму вольны абмен думкамі пра несілавыя метады пратэста паміж наватарскі думаючы людзьмі з галінаў культуры, журналістыкі, навукі, тэхнікі, бізнэса”. 

Тор Хальворссен не давярае істэблішмэнту, таму Human Rights Foundation  праводзіць у Осла, горадзе, дзе ўручаецца Нобелеўская прэмія міру, свой уласны прэстыжны зъезд, у пэўным сэнсе праваабарончы аналёг Сусьветнага эканамічнага форуму у Давосе, які, як лічаць у HRF, прыўносіць у справу міру на плянэце больш рэальны ўклад, чым офіцыйныя структуры. 

Human Rights Foundation надае ўвагу і праблеме абароны правоў чалавека ў нашай  Беларусі, якія груба парушаюцца дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі. Сярод асноўных праграмаў Фундацыі  ёсьць і адмысловая праграма пад назваю – Belarus Solidarity Fund.

Адпаведна і арганізаваные Фундацыяй Форумы сталі  трыбунай і для прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый і апазыцыйных дзеячаў з Беларусі, дзе распавядалася пра дыктатарскі рэжым і напады на базавыя правы чалавека. Ужо ў 2009 годзе там выступіла Жанна Ліцьвіна – старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая распавяла пра перасьлед журналістаў ў Беларусі і апазыцыйных рэжыму сродакаў масавай інфармацыі. Далей удзельнікам быў Алесь Бяляцкі, кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна», які  знаходзіцца за кратамі і якому зараз нададзена званьне Ляурэата Нобілеўскай прэміі міру.

На асноўнай пляцоўцы Форума ў Осла ў гэтым годзе, які праходзіў 23-25 с траўня, былі прысутныя з выступамі Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цэпкала і Вольга Хоміч (сястра Марыі Калесьнікавай).

На сёлетнім  Форуме ў Нью-Ёрку таксама заўважна гучала беларуская тэма. Беларусь прадстаўляў сябра БАЗА Павал Куцавол, які падрыхтаваў грунтоўную інфармацыю з паказам уражлівага відэа на экране пра беларускія пратэсты 2020 году. Мне запомнілася, што вядомы праваабаронца з Венесуэлы Леопольдо Лопез, які цяпер жыве у Гішпаніі, найменей як тры разы згадваў у сваёй прамове Беларусь.

Вельмі годна прадставілася на Форуме Украіна ў асобе Аляксандры Матвійчук, таму я не зьдзівілася, што менавіта Цэнтр грамадзянскіх свабодаў ва Украіне, які ўзначальвае Аляксандра, сёлета стаў ляўрэатам Нобілеўскай прэміі міру.

Яркім і запамінальным быў выступ тыбетскай актывісткі Чемі Лгамо. Пра набалелае гаварылі прадстаўнікі Нікарагуа, Паўночнай Карэі, Венесуэлы, Гон Конга, Гамбіі, Руанды. Вельмі ўразіў, думаю, многіх у зале, сьмелы, эмацыйны выступ журналісткі з Ірану Масіг Алініджад. Яе прамова сталася асабліва актуальнаю ў сувязі з пратэстамі ў Іране пасьля забойства паліцыяй нораваў маладой жанчыны, якая была затрымана за тое, што быццам бы не была апранутая адпаведна законам ісламу. Свой пратэст  журналістка дэманстравала і сваім зьнешнім выглядам, яна мела распушчаныя пышныя валасы і кароткую да каленяў сукенку. Напэўна за гэта і яе чакаў бы такі прысуд у цяперашнім Іране.

Усе выступы слухаліся на адным дыханьні, былі цікавыя і часам адгукаліся болем у сэрцы. 

Форум мае і яшчэ адну асаблівасьць. У ягоных праграмах закранаюцца тэмы бясьпекі для людзей, якія змагаюцца з рэжымамі , Human Rights Foundation  займаецца глыбока гэтымі справамі і навучае людзей метадам абароны. На Форумы запрашаліся Джыммі Уэйлс, заснавальнік “Вікіпедыі “,  Джон Каллас, сузаснавальнік фірмы Silent Circle, якая спецыялізуецца на крыптаабароне мабільных і стацыянарных камунікацыйных сістэмаў, пра што абсалютна неабходна ведаць праабаронцам, каб супроцьстаяць «Вялікаму Брату», які мае гіганцкія фінансавыя рэсурсы і вядзе за імі пастаянны нагляд.

У актыве Human Rights Foundation – адмысловыя семінары, арганізаваныя ў   высокатэхналягічных кампаніях каліфарнійскай Крэмніевай даліны, юрыдычныя  практыкумы для тых, хто змагаецца за вызваленьне з турмаў палітычных зьняволеных і інш. 

Таксама распрацоўваюцца пытаньні выкарыстаньня сучасных тэхналёгіяў у справе фінансавга забесьпячэньня дзейнасьці.У такім кантэксце на гэтым Форуме  быў прадстаўлены выступ, дзе гаварылася пра крыптавалюту, якая пашырае магчымасьці руху фінансаў і робіць іх выкарыстаньне больш бясьпечным. Крыптавалюта можа быць таксама і тым інструмэнтам, які магчыма будзе здольным абмяжаваць фінансаваньне дыктатарскіх рэжымаў.

Human Rights Foundation заклала таксама сваю  премію за “креатыўны пратэст”, (creative dissent) у гонар Вацлава Гавэла сумесна з ягонай удавою Дагмар Гаўлавай. Нефармальна прысвойваюцца і антыпрэмиіі за патворства дыктатурам. Такой прэміяй была ўганараваная, напрыклад, Дженіфэр Лопес, якая паехала ў Туркмэнію, каб пацешыць тамтэйшае кіраўніцтва, ці рэпэр  Канье Вест, які выступаў для сямьі Назарбаевых, таксама  сьпявачка Мэрай Кэры, якая абдымалася ў Анголе з тыранам Жозэ Эдуарду душ Сантушам .

Арганізатары Форуму ў Нью-Ёрку паклапаціліся і аб мастацкім афармленьні падзеі. Паседжаньне адкрыў цудоўнай ігрою на скрыпцы музыка Юры Рэвіч. Ён расеец, нарадзіўся ў Маскве, вучыўся у Вене і зараз жыве там. Ёсьць музыкаю сусьветнага ўзроўню і ў гэтым можна было добра пераканацца. Ён выступіў і напрыканцы з падборкаю музычных кампазыцый, у якіх выразна, моцна  гучалі ўсе трывогі сёньняшняга сьвету. Зрабіў надзвычайнае ўражаньне.

Шкада, што ў зале было мала нашых беларусаў. Сядзелі мы ўдвох з Андрэем Курэйчыкам, Ён цяпер на запросіны Йельскага універсытэту выкладае там на тэмы, блізкія да Форуму. Андрэй пазнаёміў мяне з цэлай групай выкладчыкаў гэтага універсытэту, які прыехалі на Форум. Тут варта дадаць, што Форум мае яшчэ адмысловую праграму для каледжаў і такія мерапрыемствы праводзяцца час ад часу ў розных універсытэтах, Йельскі універсытэтт бярэ ўдзел гэтай праграме і Трэйці форум для каледжаў праходзіў менавіта ў гэтым універсытэце.

Праходзячы на сваё мейсца ў залі, я пабачыла на адным з радоў пазнавальную асобу, а менавіта кіраўніка «Свабоднага тэатра» Мікалая Халезіна, які прыехаў з Эўропы. Безумоўна, ўзрадавалася, падыйшла і прывітала яго ад беларусаў Нью-Ёрку. Побач з ім сядзела прыгожая дзяўчына і ён прадставіў мне сваю дачку. А потым уткнуўся ў праграмку, беларуская прысутнасьць у Нью-Ёрку яго не зацікавіла. 

У цэлым Форум пакінуў вельмі станоўчыя ўражаньні. Гэта была сустрэча неабыякавых, актыўных, адказных маладых людзей, якім наканавана будаваць новы сьвет без дыктатураў і войнаў, за імі будучыня. .Яны не баяцца ўступаць у барацьбу з гэтымі монстрамі ўчарашняга дня – сучаснымі дыктатармі. Яны разумеюць, што дыктатарскія рэжымы яшчэ маюць сваю моц, што гэтыя пачварныя істоты яшчэ могуць  прынесьці сьвету шмат гора і стратаў. Галоўным матывам на Форуме было – дыктатары аб’ядноўваюцца  і мы павінны аб’яднацца і не дапусьціць іхнай перамогі, не дапусьціць падзеньня сьвету ў цемру.

Высокая грамадзкая значнасьць Human Rights Foundation  і Oslo Freedom Forum палягае таксама і ў тым, што паказвае сьвету новы, альтэрнатыўны шлях будаўніцтва міжнародных, сусьветных структураў, якія больш адпавядаюць сучаснасьці, больш эффектыўныя ў сваёй дзейнасьці, чым састарэлыя маральна і арганізацыйна структуры, створаныя ў мінулым стагоддзі.

 Наступны Форум пройдзе сёлета 3 лістапада ў Тайбеі – сталіцы Тайваню.Напэўна, месца абраная невыпадкова. Сёньня сталася даволі рэальнаю пагроза нападу на свабодалюбны востраў з боку камуністычнага Кітаю, які натхняецца прыкладам Пуціна і хацеў бы вярнуць Тайвань пад уладу Пекіна, бо дагэтуль лічыць яго сваёй тэрыторыяй.

Ганна Сурмач