НОВЫ ВЫПУСК “ЗАПІСАЎ”

У час, калі ў Беларусі пашыраюцца рэпрэсіі супраць ня толькі нацыянальна-вызначаных актывістаў, але патэнцыйна супраць кожнага, хто карыстаецца беларускай мовай, дыяспара робіцца вызначальным асяродкам, у якім захоўваюцца і разьвіваюцца беларуская мова і культура. Гэта пачалося ня зараз, такая сытуацыя, нажаль ці нашчасьце, трывае ўжо многія гады, але дасягненьні беларускай кульутры на чужыне гэта адна з дзялянак беларускага нацыянальнага жыцьця, якой можна з поўнымі на тое падставамі ганарыцца. І доказам таму ёсьць чарговы выпуск альманаху Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (БІНіМ), што прысьвечаны гісторыі й культуры беларускай эміграцыі й завецца “ЗАПІСЫ”

Гэты выпуск ужо 42-гі па ліку, і гэта бадай што адзінае перыядычнае выданьне, якое займаецца гісторыяй беларускай эміграцыі, а таксама беларускай культуры па-за межамі Беларусі. Тым ня менш выданьне сягяе значна шырэй за такое досыць вузкае вызначэньне, бо беларуская культура па-за Бацькаўшчынай заўсёды была і заўсёды будзе шчыльна спалучаная, і хіба што неаддзяляльная ад агульнай культуры Беларусі. Так і ў нашым выпадку, мноства матар’ялаў у выпуску непасрэдна тычацца асобаў і падзеяў у Беларусі, пераважна ў часы перад і падчас Другой сусьветнай вайны. Некалькі словаў пра тое, адкуль паходзяць “ЗАПІСЫ”. Гэта было сэрыйнае выданьне БІНіМу, установы створанай пасьля вайны ў Амэрыцы каб пашыраць веды пра Беларусь, спрыяць дасьледваньню беларускай культуры на чужыне, і па мажлівасьці зьбіраць каштоўныя кнігі, архівы й іншыя помнікі беларускай культуры для будучага шырэйшага доступу. Выдаваньне “ЗАПІСАЎ” бярэ пачатак ад 1952 году, і ад 2002 году яно рыхтуецца супольна ў Нью Ёрку і ў Менску, асноўную працу выконваюць навукоўцы Натальля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, якія таксама выступаць як аўтары паасобных артыкулаў. 

Сёлетні выпуск “ЗАПІСАЎ” сярод асноўных тэмаў улучае гісторыю і цяперашнюю дзейнасьць Беларускай Бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лёндане, і атаксама гісторыю Беларускай царквы і рэлігійнага жыцьця на эміграцыі. 

Гэты 42-гі выпуск пачынаецца з сумнай ноты — нэкралёгам аднаго з сябраў рэдакцыйнай калегіі “ЗАПІСАЎ”, Сьв. Пам. Янкі Запрудніка. Затым ідуць інтэрвію з прадстаўнікамі беларускай грамады Брытаніі, якія падкрэсьліваюць важнасьць Скарынаўскай Бібліятэк як хіба адзінай афіцыйна зарэгістраванай бібліятэкі й сховішча архіўных матар’ялаў, зьвязаных зь Беларусьсю, па-за межамі Бацькаўшчыны, і адзначаюць ролю грэка-каталіцкіх сьвятароў, а. Ільва Гарошкі, Ул. Часлава Сіповіча, а. Аляксандра Надсана  у заснаваньні й разьвіцьці гэтага важнага культурніцкага цэнтру. Друкуюцца вялікія цікавыя падборкі эпісталярнай спадчыны нашых папярэднікаў, дзеячаў эміграцыі, з сьвятарамі, што адлюстроўваюць асноўныя памкненьні, настроі й клопаты беларускіх эмігрантаў сярэдзіны й друго паловы 20-га стагоддзя. Таксама цікавымі зьяўляюцца праца па гісторыі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў 1944-1991 гг., і артыкулы пра паасобных рэлігійных дзеячаў на эміграцыі, і тым ліку такіх асобаў як Уладзіслаў Рыжы-Рыскі, архімандрыт Строк, уладыка Мікалай (Мацукевіч). 

Надзвычай цікавымі зьяўляюцца публікацыі з архіву Антона Адамовіча, ліставаньні выбітных асобаў беларускай эміграцыі, а таксама вершы паэта Рыгора Данілеўскага.

У разьдзеле “Публікацыі” прадстаўленыя разнастайныя артыкулы па гісторыі эміграцыі, ад агляду беларускай дзейнасьці ў Латвіі й Чэхіі да новага аналізу кнігі Н. Вакара “Беларусь” і аналізу жыцьця й дзейнасьці грамадскага дзеяча і мысьляра Леаніда Галяка, а таксама развагаў над спадчынай Уладзімера Караткевіча і Ўошынтана Ірвінга. 

У разьдзеле “Ўспаміны” публікуюцца працы Міколы Шылы, Вітаўта Кіпеля і Вінцэнта Сьпічонка. Разнастайная падборка цікавых матар’ялаў сабраная таксама ў разьдзеле “Беларусіка”–пра дуду на эміграцыі, Алеся Гаруна і Якуба Коласа вачыма эмігрантаў.

На гэты 2022 год выпадаюць 95-я ўгодкі старшыні БІНіМу, сп. Вітаўта Кіпеля, і таму ў “ЗАПІСАХ” падаецца ягоная аўтарызаваная біяграфія, якая разам з тэкстам успамінаў можа быць дадаткам да папярэдніх біяграфічных твораў сп. Кіпеля (напрыклад ягонай кнігі ўспамінаў “Жыць і Дзеіць”), гэтаксама як і агляд 3-га выданьня “Беларусаў у ЗША”–бэстсэлера беларускай эміграцыі.

Таксама ў “ЗАПІСАХ” надрукаваныя шмат іншых цікавых матар’ялаў, і кожны чалавек, зацікаўлены ня толькі ў гісторыі й культуры эміграцыі, але ў беларускай гісторыі й культуры наагул, знойзе для сябе варты й цікавы артыкул і багацьце новай інфармацыі. Вялікая падзяка належыцца рэдактарам і выдаўцам за гэтае вялікае, пад 1000 старонак, выданьне. Яно пераўзыходзіць працы цэлых акадэмічных інстытутаў у цяперашняй Беларусі, што працуюць пераважна не для нацыянальных інтарэсаў, а на “інтэграцыю з Расеяй”. Гэтае выданье – ”ЗАПІСЫ” — зь любоўю даносіць да нас мінулыя часы й біцьцё сэрцаў нашых папярэднікаў, беларусаў шо апынуліся на чужыне ў выніку вайны, жыцьцё якіх было непараўнальна больш цякжае й драматычнае. Будзем спадзявацца, што бягучы нумар “ЗАПІСАЎ” выкліча цікавасьць чытачоў, і што за ім будзе выходзіць яшчэ шмат новых цікавых выпускаў пра гісторыю, культуру і сучаснае жыцьцё беларускай эміграцыі. 

Віталь Зайка

Электронны варыянт “Запісаў” ужо выстаўлен на сайце бібліятэкі Камунікант.

Наконт набыцця папяровых асобнікаў можна пісаць на электронную пошту Спасылка на скрыню БІНіМ