Нацыянальная ідэя прыехала да ЗША

Зьміцер Лукашук з “Еўрарадыё” прэзентаваў новую кнігу ў Нью-Ёрку.
Насычаная і зьмястоўная сустрэча з рэдактарам эфіру “Еўрарадыё” Зьмітром Лукашуком адбылася 26 кастрычніка ў беларускім цэнтры ў Брукліне. Спадар Зьміцер прыляцёў у ЗША разам з Лявонам Вольскім, ягоная камандай і гуртом J:Mors.
Журналіст прэзентаваў у Нью-Ёрку кнігу “Нацыянальная ідэя на маршы” і падпісваў яе ўсім ахвочым. Сустрэча працягнулася каля дзьвюх гадзін. Падчас яе Зьміцер Лукашук распавёў пра сваіх студыйных суразмоўцаў, ідэю стварэньня кнігі, а таксама вёў актыўную дыскусію з прысутнымі ў залі. Кожны прысутны мог задаць пытаньне, або адказаць на яго.
Сам Зьміцер Лукашук зрабіў акцэнт на тое, што кніга ўтрымлівае ў сабе настроі грамадства падчас пратэстаў жніўня – верасьня 2020 года.
“Гэтая кніга складзеная з праграмаў, якія былі запісаныя пасьля 9 жніўня 2020 года. Мы спрабавалі злавіць настроі, эмацыйны выбух, ідэю, якая ахапіла вуліцы беларускіх гарадоў. Таму быў час, што мы запісвалі па 4 – 5, а то і 7 праграм кожны дзень. Кожная з іх пісалася гадзіну. Я прыходзіў тады ў 7 гадзін раніцы на працу і сыходзіў толькі пасьля 11”, – сказаў Зьміцер.

Шырокую дыскусію ў залі выклікала пытаньне наконт таго, калі беларусы сталі нацыяй. Увогуле, вечар атрымаўся цёплым і атмасферным. Госьця з “Еўрарадыё” беларусы частавалі дранікамі і галубцамі.
Мадэратам і арганізатарам сустрэчы выступіў Міхась Чаропка (Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне “БАЗА”) пры падтрымцы старшыні ньюёркскага аддзелу БАЗА – Аксаны Пятрашка, а таксама адказнага рэдактара газэты “Беларус” Ганны Сурмач. Таксама ў арганізацыі дапамагалі парафіяне катэдральнага сабору імя св. Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы – Тацьцяна Красоўская, стараста Аляксандр Хомчанка і скульптар Гэнік Лойка.
На самой сустрэчы таксама прысутнічалі: кіраўнік царкоўнага хору сабору Ала Орса-Рамана, Валянціна Трыгубовіч ад фундацыі імя Крэчэўскага і Ірына Хадарэнка – Беларуская Асьветніцкая Ліга Амэрыкі.
А ўжо сёньня, 27 кастрычніка, VOLSKI і J:Mors выступяць у Нью-Ёрку з праграмай “За нашу і вашу свабоду”. Заўтра плянуецца канцэрт у Філядэльфіі. Агулам у музыкаў адбудзецца пяць канцэртаў у ЗША. Іх вядоўцай выступае Зьміцер Лукашук.
Алесь Пазьняк
Фота/відэа: Yurii Eber, Алесь Пазьняк, удзельнікі мерапрыемства















