НА АТЛАНТЫК АНТЫК ЗЬБІРАЛІ ГРОШЫ НА КАЛІНОЎЦАЎ І ШПІТАЛЬ

Беларусы і украінцы прадавалі ежу на найбуйнейшым вулічным фэсьце Брукліна, а атрыманыя сродкі накіруюць на патрэбы палка Каліноўскага і на Кіеўскі Вайсковы шпіталь.
Аляксандр Хомчанка, стараста Катэдральнага сабора імя св. Кірыла Тураўскага адзначыў добрую працу ўсіх, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі і продажу ежы і тавараў у беларускім блёку Атлантык Антык.
– Хачу выказаць вялікую падзяку вернікам Царквы, кіраўніцтву і сябрам БАЗА, дзяўчатам-украінкам, а асабіста спадарыням Аксане Пятрашка, Натальле Федарэнка, Ганне Сурмач, Олене Буряк, Надзее Шыкаловіч, Тацьцяне Хвашчынскай, Марыне Паўловіч, Ганне Сарачынскай, Валянціне Бардаковай, Людміле Хомчанка. Вялікая падзяка спадарам Гэніку Лойку, Алесю Пазьняку, Валеру Хвашчынскаму, Ігару Вырвічу, Сяргею Кудзелічу, Уладзіславу Альховічу, Піліпу Налецкаму. Разам з прыгатаванымі стравамі беларускай кухні, такімі як галубцы, дранікі, смажаныя кілбаскі з гарнірам з капусты, фрыкадэлькамі, якімі гандлявалі нашыя дзяўчаты-беларускі, дзяўчаты-ўкраінкі гандлявалі яшчэ і ўкраінскімі нацыянальнымі сувенірамі. Грошы, заробленыя на сьвяце, будуць перададзеныя Каліноўцам і Ваеннаму шпіталю ў Кіеве, – выказаўся стараста царквы.
Атлантык Антык з’яўляецца самым вялікім і найстарэйшым вулічным кірмашом у Брукліне. Ён прайшоў у нядзелю 1 кастрычніка. Фэст штогод праводзіцца Карпарацыяй мясцовага развіцця Атлянтык авэню. У наступным годзе Атлантык Антык будзе сьвяткаваць сваё 50-годзьдзе.
Ён не праводзіўся толькі пасьля тэрактаў у Ню-Ёрку у 2001 годзе і ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Аднак у 2022 годзе ён вярнуўся з музыкальнымі нумарамі, сямейнымі мерапрыемствамі і гандлем.
Уздоўж Атлянтык авэню, ў нядзелю раніцай 1 кастрычніка, узьняліся шапікі гандляроў з таварамі і ежай. Мясцовыя рэстараны, бары, пабы, малы бізнэс , гандляры і грамадзкія арганізацыі выставілі свае намёты. Для гэтага патрабуецца адпаведны дазвол. Але яго нескладана атрымаць. Пашчасьціла таксама і з надвор’ем. Увесь тыдзень ліў не перастаючы дождж, а ў нядзелю засьвяціла сонца.
У мінулым годзе сьвята праходзіла пад дажджом. Народу было няшмат, але усе рыхтаваліся. І сьвята таксама атрымалася.
Актыўны ўдзел у мерапрыемстве з беларускага боку ўзялі, як заўжды, сябры Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) сумесна з парафіяй Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы.
Алесь Пазьняк
Здымкі: Аляксандр Хомчанка, Алесь Пазьняк













