Мітынг у Нью-Ёрку  ў  Дзень салідарнасьці з Беларусьсю

Тэкст Віталя Зайкі

Фатаздымкі Віктара Дударава

У сераду 9 жніўня 2023 перад штаб-кватэрай ААН на Мангэтане прайшоў мітынг, супольна арганізаваны Беларуска-Амэрыканскім Згуртаваньнем “Пагоня”, Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА) і Абьяднаньнем беларусаў у Амэрыцы (АБА). Мітынг быў прысьвечаны адзначэньню трэйцяй гадавіны масавых пратэстаў у Беларусі супроць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў жніўні 2020 году.

Тры гады прайшло, як народ Беларусі ўзьняўся бараніць свой дэмакратычны выбар. Сотні тысяч беларусаў, беспрэцэндэнтная колькасьць людзей, якія раней не цікавіліся палітыкай, выйшлі на плошчы і вуліцы вялікіх і малых гарадоў краіны. Цяпер мы адзначаем гэтую і велічную, і трагічную падзею, і патрабуем спыніць рэпрэсіі й перасьлед у Беларусі, катаваньні й забойствы, спыніць саўдзел у злачынствах агрэсіўнай Расеі, патрабуем свабоды для ўсіх палітзьняволеных у Беларусі.

Напачатку імпрэзы выступіў старшыня Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня «Пагоня» сп. Віталь Зайка. Ён падзякаваў прысутным за ўдзел у мітынгу. «Менавіта тры гады спаўняецца сёньня з часу найвялікшага ўздыму беларусаў, калі людзі падняліся бараніць свае правы і свой дэмакратычны выбар. На жаль, справа, пачатая гэтым уздымам, прыход да ўлады кіраўніцтва, якое было-б законна абраным,  пакуль не завяршылася перамогай. Вялізарная энэргія і спадзяваньні людзей не былі належна скарыстаныя і скіраваныя на ўсталяваньне дэмакратыі ў Беларусі. Але, тая энэргія не зьнікла, не расьцерушылася, і рэжыму не ўдалося зламаць волю народу да свабоднай, дэмакратычнай, сапраўды незалежнай і сапраўды беларускай дзяржавы. Беларускія людзі працягваюць змагацца як на Бацькаўшчыне так і за яе межамі, яны пашыраюць дапамогу палітзьняволеным і іхным сем’ям, яны працуюць на тое, каб на Бацькаўшчыне ўсталявалася дэмакратыя і законнасьць.»

Прамоўца зачытаў сьпіс беларусаў, што загінулі, баронячы будучыню сваёй краіны, і першым ў гэтым сьпісе стаіць імя забітага пад час пратэстаў Аляксандра Тарайкоўскага. «Мы ня ведаем, колькі яшчэ жыцьцяў забярэ гэтае змаганьне,  колькі людзей у турмах і лягерах знаходзяцца цяпер на мяжы жыцьця і сьмерці, каб пасьля загінуць як Вітольд Ашурак, Макалай Клімовіч і Алесь Пушкін. Але, ўсе гэтыя людзі не забытыя,  усе, хто знаходзіцца за кратамі, мусяць быць пад нашай пільнай увагай і дапамогай, каб іх не напаткаў трагічны лёс. Мы мусім яднацца і працаваць на агульную справу набліжэньня свабоды ў Беларусі». 

Затым слова ўзяла сп. Ганна Шарко. Яна прывітала прысутных і распавяла пра важнасьць падзеяў 2020 году, выказала горыч з-за таго, што ўжо тры гады ў Беларусі працягваюцца і ўзмацняюццца рэпрэсіі, што тысячы людзей мусілі пакінуць Бацькаўшчыну  і шукаць бясьпекі й нармальнага жыцьця на чужыне. Мы ў вольным сьвеце павінны дапамагаць сваім братам і сёстрам, што цяпер знаходзяцца за кратамі, мы мусім шукаць адзінства і салідарнасьці, каб перамагчы ў нялёгкім змаганьні за свабоду і дэмакратыю.

Сп. Ганна Сурмач падкрэсьліла, што падзеі жніўня 2020 году—гэта і велічная, і трагічная памяць. Той беспрэцэдэнтны па сіле ўздым мог бы прывесьці да перамогі, але шанцы, якія паўсталі ў тыя дні, не былі належна скарыстаныя. Таму мы мусім помніць герояў, што заплацілі жыцьцём і свабодай за набліжэньне перамогі, але таксама мусім аналізаваць і плянаваць справы так, каб не паўтараць памылкі. Мы павінны працягваць сваё змаганьне да перамогі, каб нашыя ахвяры не былі дарэмнымі.

Затым сп. Ільля, малады чалаве, што прыняў удзел у мітынгу, прывітаў прысутных і падкрэсьліў, што пасьля падзеяў 2020 году беларусы не могуць і не маюць права сядзець склаўшы рукі, ім неабходна абьядноўвацца і пашыраць грамадзкую працу, асабліва ў беларускіх суполках і грамадах у замежжы. «Вельмі радасна бачыць, што сярод нас столькі маіх раўналеткаў, столькі моладзі. Гэта надае надзеі й веры ў нашу перамогу. Мы можам і павінны перамагчы!»

Прысутныя трымалі беларускія нацыянальныя сьцягі й плякаты, выгукалі лёзунгі «Беларусь-ТАК! Лукашэнка-НЕ!», «Спыніць катаваньні й забойствы ў Беларусі!», «Свабоду палітвязьням у Беларусі!»