Ляўчук прыехала падтрымаць Украіну

Беларусы Амэрыкі цягам ліпеня мелі магчымасьць пабываць на імпрэзах у межах дзён беларускай культуры з удзелам Маргарыты Ляўчук і такім чынам падтрымаць Украіну

Маргарыта Ляўчук – опэрная сьпявачка, якая да 2020 года з’яўлялася салісткай Вялікага тэатра Беларусі (сапрана). Цяпер жыве ў Літве, дзе сумесна з блогерам Андрэем Павуком стварыла гурт «Красная зелень» і выпускае на YouTube сатырычныя кліпы, якія высмейваюць рэжым. 

У Амэрыцы сьпявачка выступіла на дабрачынных канцэртах у падтрымку Украіны і беларускіх абаронцаў ва Украіне. Канцэрты праходзілі ў наступных лякацыях:  Паўднёвая Фларыда (3 ліпеня), Бостан (7 ліпеня), Нью-Ёрк (10 ліпеня), Арлінгтан (Вірджынія) (13 ліпеня),  Мінеапаліс (15 ліпеня), Чыкага (17 ліпеня), Сіэтл (19 ліпеня), Осцін (22 ліпеня),  Сан-Францыска (24 ліпеня) і апошні канцэрт прайшоў у Лос-Анджэлесе (30 ліпеня). 

Разам з Маргарытай у канцэртах удзел прымала піяністка Тацяна Лойша. На некалькіх выступіў вядомы ў сусьветных опэрных колах сьпявак Ільля Сільчукоў, а таксама зьбіральнік фальклёра Сяргей Доўгушаў

У Нью-Ёрку 10 ліпеня сьпеўны паўтарагадзінны вечар праляцеў хутка, але яшчэ доўга ніхто не хацеў разыходзіцца. Ільля Сільчукоў, Маргарыта Ляўчук і Тацяна Лойша сабралі ва Ўкраінскім Дома на Мангэтане каля трохсот беларусаў. 

Усё пачалося з духоўнага гімна “Магутны Божа”, пад які ўся заля ўстала і сьпявала разам з выканаўцамі.  Артыстамі былі выкананы творы з Полацкага сшытка, Станіслава Манюшкі (музыка),  У. Сыракомлі, Я. Купалы, У. Някляева і інш. Асабліва кранальным быў сьпеў на словы аднаго з ваяроў палка Каліноўскага песьні  “Прайду няўхільна цяжкі шлях”, які адлюстроўвае барацьбу і дух беларускіх ваяроў ва Ураіне. Сконьчыўся канцэрт гімнам “Пагоня”, пад які таксама ўся заля ўстала. 

Пасьля было шмат размоў, усьмешак, фота і пачастункаў. Кожны мог знайсьці сабе нешта па душы і жаданьні. Вольная Беларусь паказала, што жыве і засьведчыла сваю падтрымку Украіне. 

Алесь Пазьняк