Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру стаў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі

Прэстыжную прэмію падзялілі расейскі «Мемарыял», украінскі Цэнтр Грамадзянскіх Свабод і Алесь Бяляцкі, заснавальнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна». Цяпер Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў СІЗА ў Менску.

Нобелеўскі камітэт 7 кастрычніка 2022 года аб’явіў аб сваім рашэнні ўручыць прэмію міру праваабаронцам з Беларусі, Украіны і Расіі. Гаворка ідзе пра заснавальніка беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага. Цяпер «Вясна» лічыцца незарэгістраванай арганізацыяй. А таксама пра ўкраінскую грамадскую арганізацыю Цэнтр Грамадзянскіх Свабод і расейскае праваабарончае таварыства «Мэмарыял».

«Лаўрэаты Прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах. Яны шмат гадоў прасоўвалі права крытыкаваць уладу і абараняць асноўныя правы грамадзян. Яны прыклалі выдатныя намаганні для дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжывання ўладай. Разам яны дэманструюць значэньне грамадзянскай супольнасці для міру і дэмакратыі», – патлумачылі рашэнне ў Нобелеўскім камітэце.

Алесь Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х гадоў.

“Ён прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і мірнага развіцця ў сваёй краіне”, – гаворыцца ў паведамленні Нобелеўскага камітэта.

У 1996 годзе Алесь Бяляцкі заснаваў арганізацыю “Вясна” ў адказ на спрэчныя папраўкі ў Канстытуцыю, якія, як падкрэслівае Нобелеўскі камітэт, “надзялілі прэзідэнта дыктатарскімі паўнамоцтвамі і выклікалі масавыя дэманстрацыі”.

«Улады неаднаразова спрабавалі прымусіць Алеся Бяляцкага замаўчаць. Ён знаходзіўся ў зняволенні з 2011 да 2014 года. Пасля маштабных дэманстрацый супраць рэжыму ў 2020 годзе яго зноўку арыштавалі. Ён па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай без суда. Нягледзячы на ​​вялізныя асабістыя цяжкасці, Бяляцкі не саступіў ні на дзюйм у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі», – заявілі ў камітэце.

Алесь Пазьняк

Discover more from Газэта Беларус

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading