КАЛЯДЫ Ў НЬЮ-ЁРКУ ПАВЕСЯЛІЛІ ДЗЯЦЕЙ І ДАРОСЛЫХ

Калядная ялінка сабрала маленькіх і вялікіх беларусаў у беларускім цэнтры пры саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку апоўдні 15 студзеня. 

Сьвята атрымалася вельмі вясёлым, насычаным і гасьцінным. Беларусы маглі паўдзельнічаць у сьвяточнай праграме, якая была набліжаная да той, што традыцыйна ладзілася раней ў беларускіх вёсках.

Напачатку для прысутных выступілі беларусы з ваколіц Нью-Ёрку і Нью-Джэрзі пад кіраўніцтвам Алены Рыжай. Выступоўцы павялі прысутных у таямнічы сьвет беларускага каляднага космаса з песьнямі-калядкамі і адмысловымі гульнямі.

Акторамі, перапранутыя ў жывёл і розных іншых персанажаў завялі прысутных сваім сьмехам і конкурсам для дарослых з пацалункамі.

Пасьля гэтага ўсе прысутныя маглі пасьпяваць калядныя сьпевы на аснове евангельскіх гісторый, паспрабаваць калядныя стравы, падысьці адзін да аднаго і павіншаваць со сьвятамі.

“Каляды – сьвята вясёлае”, – прагучала з вуснаў аднаго з выступоўцаў на каляднай ялінцы.

І яно сапраўды так і атрымалася. Бо прысутныя былі ўключаныя ў інтэрактыў і маглі і насьмяяцца, і паўдзельнічаць у мерапрыемстве.

Само слова “каляды” мае паходжанне ад лацінскага calendae, “календы” – назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і “каляндар”), а так сама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола.

Сябры Нью-Ёркскага аддзела BAZA падрыхтавалі праграму для дзяцей, дзе былі такія пэрсанажы як дзед Мікола, каза, гаспадыня лесу, Зорачка, павучок і іншыя. 

Разам з дзецьмі весяліліся таксама і дарослыя, якія вадзілі карагод і гулялі ў “ручаёк”.

На працягу некалькіх гадзін у залі не сьціхаў дзіцячы гоман.

На прыканцы афіцыйнай праграмы дзеці расказвалі сьвятому Мікалаю вершы і пелі песьні. А той ў сваю чаргу дарыў ім падарункі.

Таксама ў гэты дзень свой дзень нараджэньня адзначаў сьвятар царквы Сьв. Кірылы Тураўскага пратаярэй айцец Іван Кухар. Стараста царквы Аляксандр Хомчанка ад імя парафіі павіншаваў яго з асабістым сьвятам.

18 студзеня ў царкве Сьв. Кірылы Тураўскага будзе адзначацца сьвята Вадохрышча, а таксама пройдзе асьвячэньне вады.

Алесь Пазьняк