J:Mors і Volski зладзілі сумесны канцэрт у Нью-Ёрку

Генэралы айчыннага року J:Mors і Volski выступілі на адной сцэне перад беларусамі Амэрыкі.

Увечары, 27 кастрычніка, у клюбе DROM у Мангэтане было горача ад таго, што ў адным месцы сабралася шмат беларусаў.

Канцэрт “За нашу і вашу свабоду” распачаў журналіст, рэдактар эфіру “Еўрарадыё” Зьміцер Лукашук воклічам “Жыве Беларусь!” Яго падтрымала ўся заля. Пасьля гэтага некалькі англамоўных кампазыцый выканаў Антось з маладога гурта Graphotype. А калі на сцэну выйшаў Уладзімір Пугач са сваёй камандай, беларусы прыйшлі ў захапленьне. Славуты гурт выканаў шмат старых хітоў, а таксама новыя песьні, якія былі напісаныя пасьля падзей 2020 года на трох мовах – беларускай, рускай, украінскай.

Таксама Уладзімір Пугач і Лявон Вольскі выканалі сумесны хіт “Дыхаем зноў”.

Сам Лявон Вольскі, калі выйшаў на сцэну адразу запеў “Партызанскую”, якую голасна падхапілі прысутныя. А потым пасыпаліся хіты ўсіх часоў пачынаючы ад “Мроі”.

У канцы канцэрту Зьміцер Лукашук зладзіў аўкцыён. На ім выставілі першую (белую) кнігу “Беларуская нацыянальная ідэя”, якую ён адмыслова прывёз з Варшавы . У ёй ёсьць ідэі Уладзіміра Пугача і Лявона Вольскага. Дарэчы, яе лукашэнкаўскія кнігалюбы ў Беларусі прызналі “экстрэмісцкай”. Кніга была аздобленая аўтографамі дзьвюх легенд – Пугача і Вольскага. І была прададзена за 2 тысячы даляраў.

Акрамя таго за 500 даляраў была прададзена майка з аўтографамі музыкаў. Грошы ад дзьвюх продажаў пайшлі ў адмысловы фонд дапамогі Украіне.

Зьміцер Лукашук распавёў, што па адной такой кнізе будуць выстаўляць на аўкцыён у кожным горадзе, дзе будуць адбывацца канцэрты. На сёньняшнім канцэрце ў Філядэльфіі аўкцыённыя грошы пойдуць на дапамогу беларускім палітвязьням.

Таксама падчас і пасьля канцэрта можна было набыць тавары з беларускай атрыбутыкай, кнігі “Нацыянальная ідэя” і нават пернікі з бел-чырвона-белай афарбоўкай. Гэта рабілі валанцёры і прадстаўнікі розных беларускіх арганізацый ў Амэрыцы.

Старшыня ньюёрксага аддзела Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня “БАЗА” Аксана Пятрашка распавяла, што асабіста яна нагандлявала на 230 даляраў. Усе сабраныя сродкі пойдуць на патрэбы беларускіх добраахвотнікаў у ЗСУ.

“Я ўдзячна арганізатарам канцэрта за магчымасьць і за месца для продажу тавараў, каб падтрымаць беларускіх вайскоўцаў ва Украіне. Асабліва добра продаж пайшоў пасьля канцэрта, калі ўсе хацелі атрымаць на купленых рэчах аўтографы рокераў,” – распавяла Аксана.

У ЗША плянуецца пяць канцэртаў генэралаў беларускага року. Сачыце за праграмай ў сацсетках, бярыце сяброў і прыходзьце. Не пашкадуеце!

Алесь Пазьняк

Здымкі Сяргея Трыгубовіча, Зьмітра Лукашука, Алеся Пазьняка