ГЕРАРХ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ НА КАЛЯДЫ ЗАВІТАЎ У НЬЮ-ЁРК

Архіяпіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі, першы герарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Сьвятаслаў Логін на сьвяты прыехаў з Канады ў Нью-Ёрк, каб правесьці сьвяточныя набажэнствы і сустрэцца з вернікамі.

На Ражство маліліся за палітвязьняў, палонных і за вольную Беларусь

У Праваслаўнай аўтакефальнай царкве Сьв. Кірылы Тураўскага тры дні запар, з 6 па 8 студзеня, адбываліся сьвяточныя набажэнствы прымеркаваныя да Ражства Хрыстовага па юліянскім календары.

Праводзілі набажэнства ў Нью-Ёрку Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін, пратаярэй айцец Іван Кухар і дыякан Мікола Шчэрба – сьвятарства Катэдральнага сабору БАПЦ у Нью-Ёрку.

6 студзеня адбылася Архірэйская Ўсяночная, або Сьвяты Вечар. А потым была Куцьця, якая сабрала за адным сталом пару дзесяткаў беларусаў. У сяброўскай атмасфэры вернікі раздзялілі сьвяточную вячэру і куцьцю. Людзі віталі адізн аднаго словамі: “Хрыстос Нарадзіўся!” і ў адказ чулі “Славім Яго!” Таксама гучалі віншавалі з Нараджэньнем Хрыстовым і Калядамі.

7 студзеня была Архірэйская Калядная Літургія, а таксама і ў нядзелю. 

Герарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы маліўся за палітвязьняў, палонных, за свабоду для Беларусі. Некаторых з людзей Уладыка ўзгадваў па імёнах.

У сваім сьвяточным звароце герарх напісаў: «Беларуская Царква моліцца цяпер і за Ўкраінскі народ, якому выпала пакутная роля выратаваньня Хрысьціянскай Эўрапейскай цывілізацыі, у тым ліку і Беларусі, ад барбараў. Таксама молімся за беларусаў, якія змагаюцца супраць маскоўскіх агрэсараў у братняй Украіне і супраць дыктатуры ў роднай Беларусі, і за тых, хто апынуўся ў розных кутках сьвету і іхныя сем’і». 

Кожнае набажэнства ў царкве Сьв. Кірылы Тураўскага як заўсёды, па даўняй традыцыі, заканчваецца духоўным гімнам беларусаў “Магутны Божа”.

Паніхіда

У царкве Сьв. Кірылы Тураўскага 8 студзеня адбылася паніхіда па Вітаўту Кіпелю. Правёў паніхіду Архіяпіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі Сьвятаслаў Логін. 

Нагадаем, што спадар Вітаўт Кіпель адыйшоў на вечны спачын 3 сьнежня мінулага года. Ён быў шматгадовым старшынёй Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНіМ), навукоўцам, доктарам мінералёгіі і дзеячам беларускай эміграцыі ў ЗША. Кіпелю было 95 гадоў. 

Многія людзі ў Беларусі і за яе межамі знайшлі свой шлях да Беларушчыны дзякуючы высілкам, нястомнай працы, уплыву спадара Кіпеля.

На паніхідзе прысутнічала сямейства і сваякі Кіпеляў, якія парупіліся аб ушанаваньні памяці свайго выбітнага дзядулі і бацькі. Пасьля паніхіды ў грададзкай залі царквы гучала шмат слоў ад людзей, якія ведалі памерлага. Адзін з прысутных распавёў, што знаёшоў шлях да Беларусі дзякуючы кніге Вітаўта Кіпеля. Хтосьці ўспамінаў ягоны характар і нястомную працу дзеля захаваньня беларускага эмігранцкага асяродка ў ЗША.

Сваякі Вітаўта Кіпеля ўдзячныя ўсім, хто прыйшоў на паніхіду. 

Калядная ялінка

Дзіцячае сьвята таксама адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю. Чакаецца праграма са сьвяточнай вячэрай, каляднымі песьнямі, гульнямі і падарункі для ўсіх дзетак. Арганізатарам сьвята выступае BAZA.

Сьвята адбудзецца 15 студзеня ў 12:00 у беларускім цэнтры пры саборы Сьв. Кірылы Тураўскага па адрасе 401 Atlantic Ave., Brooklyn.

Алесь Пазьняк

Здымкі аўтара