Дзьве падзеі адзначалі ў беларускім цэнтры ў Брукліне і сабралі падтрымку ваярам

Адразу дзве падзеі адзначылі ў беларускім цэнтры ў Брукліне ў нядзелю 5 лютага. “Зубр” паваеннай эміграцыі, 97-гадовы Анатоль Занковіч прэзентаваў кнігу уласных успамінаў “Лёс беларуса: паміж Эўропай і Амэрыкай”. А таксама адбылося ўшанаваньне 160-ых угодкаў паўстаньня Кастуся Каліноўскага.

Лёс беларуса

Анатоль Занковіч прыйшоў на імпрэзу сваёй кнігі разам з дачкой і трыма ўнукамі, якія ведаюць пра Беларусь па расповедах свайго дзядулі. 

Біяграфія спадара Анатоля цікавая для даследчыкаў ваенных падзей ў Эўропе ў 1940-ыя гады, бо нягледзячы на дасьледаванасьць, тыя гады яшчэ застаўляюць шмат цёмных плямаў, невядомых, альбо малавядомых дасьледчыкам. 

Пра Анатоля Занковіча грунтоўна распавяла Ганна Сурмач, рэдактар газэты “Беларус”. Яна прадставіла аўтара ўспамінаў, як апошняга, хто яшчэ можа штосьці распавесьці пра ваенныя часы ў Эўропе.

Анатоль Занковіч прыйшоў на сьвет у 1925 годзе ў сям’і сялянаў на Вілейшчыне, што ў той час была часткай польскай дзяржавы. Таму ў ягоных успамінах ёсьць і пра гэты пэрыяд, а таксама пра ўсталяваньне савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Але значная частка ўспамінаў Занковіча прысьвечаная жыцьцю пад нямецкай акупацыяй. 

Цікава, што ў 1944 годзе аўтар праходзіў навучаньне ў Менскай афіцэрскай школе Беларускай краёвай абароны. Потым ён апынуўся ў шэрагах войска Андрэя Уласава ў Расейскай вызвольнай арміі (РОА). Ён адзначае, што значную частку ўласаўцаў складалі беларусы, але пра тое вельмі мала ўзгадак. Навукоўцы амаль не ведаюць пра гэты факт.

Пасьля вайны былі часы вучобы ў еўрапейскіх універсітэтах, дзе спадар Анатоль набыў сьпецыяльнасьць хірурга. У Бельгіі ён пазнаёміўся з будучай жонкай Матыльдай. У 1958 годзе сям’я перабралася ў ЗША. 

Год таму ўспаміны Анатоля Занковіча ўбачылі сьвет на ангельскай мове. У гэтым годзе на беларускай. 

“Я хацеў данесьці старонкі свайго жыцьця сваім нашчадкам – дзецям, унукам і праўнукам. Там не толькі мой лёс, але і лёс нашай Бацькаўшчыны – Беларусі. Яе пакуты і яе выпрабаваньні”, – сказаў на імпрэзе аўтар кнігі.

Спадар Анатоль бацька трох дачок: Ан-Мары, Наташы і Ніны. Ён браў актыўны ўдзел у жыцьці беларускай грамады ў Чыкага. Там жа ён зрабіў выдатную кар’еру медыка – хірурга. 

Пасьля выступленьня Анатоля, тыя хто ўжо прачытаў ягоную кнігу, дзяліліся ўражаньнямі і рознымі момантамі з прачытанага. Таксама кожны мог задаць аўтару пытаньне і атрымаць адказ, а таксама набыць і падпісаць у аўтара ягоны твор.

Пасьля прэзентацыі ўсіх чакаў смачны абед, падчас якога можна было паразмаўляць і ўбачыць старых знаёмых.

Постаць Кастуся

У час абеду прысутныя маглі ўбачыць таксама кадры з перапахаваньня Кастуся Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе. 

Другую частку імпрэзы адкрыла старшыня BAZA Натальля Федарэнка.

Пасьля прагучаў выступ Алеся Пазьняка пра прынцыпы нацыянальнай ідэі Кастуся Каліноўскага паводле ягоных “Лістоў з-пад шыбеніцы”. Было агучана 10 тэзісаў, якія базуюцца на тэксце твораў Каліноўскага, якія выразна адлюстроўваюць ягоныя пагляды на Літву – Беларусь і яе становішча ў сучасным і ў будучым. 

“Постаць Каліноўскага з’яўляецца зоркай, якая ўказвае накірунак у сёньняшнім змаганьні за вольную Беларусь. І гэтая зорка сьвеціць ў цёмнай начы сёньня, якая апусьцілася на Беларусь”, – сказаў Алесь. 

Другі выступовец Міхал Чаропка выступіў з дакладам “Спадчына Кастуся Каліноўскага”. Спадар Міхал зьвярнуў увагу на тое, што і па сёньняшні дзень постаць змагара за свабоду не дае супакою акупацыйным уладам у Беларусі. 

“Я помню той час, калі на два тыдні Кастрычніцкая плошча ў Менску была празвана пратэстоўцамі і народам плошчай Каліноўскага. На жаль, плошча ў 2006 годзе доўга не пратрымалася”, – зазначыў актывіст.

Кансалідацыя на справе

Спадар Аляксандр Хомчанка, стараста царквы Сьв. Кірылы Тураўскага (БАПЦ), распавёў пра сітуацыю з беларускімі дабраахвотнікамі ва Украіне. А ў прыватнасьці пра параненага Паўла Шурмея і ягоных пабрацімаў. Ён паказаў здымак, дзе Павел сфатаграфаны ў шпіталі пасьля аськепачнага раненьня ў баі.

Пасьля Аляксандр Хомчанка аб’явіў збор сродкаў на дапамогу, лячэньне і рэабілітацыю ваяроў. У выніку было сабрана больш за тры тысячы даляраў. Сродкі ў хуткім часе будуць накіраваны ва Украіну.

“Нам патрэбна кансалідацыя і падтрымка адзін аднаго. Мы павінны памятаць пра тых, хто ваюе за Украіну ад вольнай Беларусі і яднацца вакол нашых нацыянальных сымбаляў”, – прамовіў Аляксандр. 

Скончыла імпрэзу старшыня Бруклінскага аддзелу BAZA Аксана Пятрашка, якая запрасіла прысутных зрабіць агульны здымак і ўскласьці кветкі да помнікаў Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага. 

На вуліцы было цудоўнае надвор’е, таму прысутныя яшчэ доўга стаялі звонку і вялі размовы. У гэты час на падворку царквы Сьв. Кірылы Тураўскага спадарыні Людміла Хомчанка і Валянціна Бардакова прадавалі ўкраінскі хэнд мэйд. Усе атрыманыя сродкі жанчыны перасылаюць на дапамогу ЗСУ. 

Алесь Пазьняк

Здымкі аўтара