Доўгі шлях да вынікаў

Марына Кражова

Яшчэ са студэнтскіх часоў у Беларусі, мне запомнілася лекцыя з заняткаў па псіхалогіі, дзе выкладчыца педагагічнага каледжу распавядала пра псіхалагічны стан вязьняў у параўнанні са станам закладнікаў канцэнтрацыйных лагераў. Сцвярджалася, што вязням лягчэй адбываць тэрмін за конт існавання пэўнай часовай межы.У той жа час, людзі якія не ведаюць тэрміну і нават прыкладна не могуць прадказаць час вызвалення, знаходзяцца пад большым эмацыйным ціскам і не маюць іншага выйсця, як існаваць надзеямі (чытайма фантазіямі).

Мэта – даволі часта становіцца рухавіком жыццядзейнасці чалавека, але нават самы ідэйны і адданы сваёй справе чалавек застаецца сквапным да вынікаў. Праца без вынікаў ставіць яго ў ступар, дэматывуе і расчароўвае, а недасяжныя вынікі, якія павінны былі б забяспечыць вызнанне, падтрымку, узнагароду, становяцца раздражняльнай ілюзіяй. На шчасце, не для ўсіх.

Адзінаццатага лістапада 1915 году нарадзіўся амерыканскі сенатар Вільям Проксмайер (Edward William Proxmire). Сваю палітычную кар’еру дзеяч у штаце Вісконсін падмацаваў дзіўнай заявай: 

“ Я вазьму няўдальцаў…

Калі тыя, хто згубілі ў бізнесе, каханні, спорце ці палітыцы прагаласуюць за мяне, за чалавека дасведчанага ў стратах, але здольнага працягваць барацьбу, то я з задавальненнем падтрымаю і сваіх апанентаў з электаратам удачлівых галасоў, якія ніколі нічога не гублялі.”

Акрамя электарату няўдальцаў, спадар Біл браўся і за няскончаныя, так бы мовіць, няўдалыя справы і прапановы, адной з якіх стала ідэя Рафаіла Лемкіна ў барацьбе за падпісанне і прызнанне Амерыкай значнасці Канвенцыі па генацыду. Лемкін нарадзіўся недалёка ад Ваўкавыску, ён прыдумаў само слова “генацыд” і прысвяціў усе свае жыццё на прыняцце неабходных законаў па супрацьстаянню і супэненню масавага вынішчэння людзей. Рафаіл памёр у Нью Йорку ў 59 гадоў так і не пабачыўшы вынікаў сваёй фундаментальнай працы. Тым не меней, спадар Біл Праксмайер вырашыў, што з амерыканскай настойлівасцю “дацісне” справу Рафаіла Лемкіна, польскага адваката, габрэя з-пад Ваўкавыску пра якога некаторыя амерыканскія дзеячы з пагардай казалі “прапагандыст замежнай краіны са зламанай ангельскай мовай”. (Насамрэч, Лемкін быў паліглотам і заслугоўвае асобнага артыкулу.)

Біл Проксмайер прамаўляў аб неабходнасці ратыфікавання  Канвенцыі па папярэджанню генацыду і адпавядальнасці за яго кожны дзень з 1967 па 1986 год. Колькасць прамоў сягнула 3211, калі ўрэшце законапраект быў прыняты 11 лютага 1986 года. Падпісаў яго Рональд Рэйган у 1988 годзе. Кожная з прамоў Біла была ўнікальнай і выдатна падрыхтаванай. Крытыкуючы ўладу за абыякавасць і адсутнасць логікі, пад час аднаго з выступаў ён заявіў: 

“ Сярод болей за сотню пагадненняў ёсць Канвенцыя аб тунцы з Коста-Рыка, … Канвенцыя аб палтусу з Канадай, …, Канвенцыя аб крэветках з Кубай, дагавор аб сяброўстве з Маскатам і Аманам і, нават самы маляўнічы і апетытны дагавор пад назвай “Пратакол ружовага ласося”. Я не хачу сцвярджаць, што любы з гэтых дагавораў не павінен быў быць ратыфікаваны… Але кожны з іх садзейнічае або прыбытку, або задавальненню.”

Акрамя гэтага, кожны месяц з 1975 году, сенатар выдаваў прэмію за самыя бязглуздыя вытраты грошаў. Першым намінантам і пераможцам, напрыклад, стала Акадэмія навук (National Science foundation), якая атрымала грант у памеры 84.000 даляраў на вывучэнне пытання “чаму людзі закохваюцца”. У 1976 прэмію атрымаў Нацыянальны Інстытут алкагалізму (National Institute of Alcohol Abuse), які вытраціў 102 тысячы дзяржаўных грошаў на вывучэнне ўзроўню агрэсіўнасці ў  п’янай і цвярозай рыбы. Было яшчэ шмат намінантаў, якія знаходзяцца ў агульным досягу на старонцы Гістарычнага таварыства Вісконсіну (Wisconsin Historical Society).

Агулам, справа Канвенцыі Генацыду ў ЗША распачатая Лемкіным і перахопленая Праксмайерам доўжылася 40 гадоў і ніхто з іх не ведаў тэрмінаў і не меў гарантый поспеху. Але ў іх была мэта і , як казалася вышэй, мэта даволі часта становіцца рухавіком жыццядзейнасці чалавека. 

 Сёння ўздымаецца праблема генацыду ўкраінскага народу. У Амерыцы, адным з найгучнейшых галасоў стаў гісторык, прафесар Ельскага універсітэта Цімаці Снайдэр. Ніхто не ведае, колькі прыйдзецца вытраціць часу, каб цэлы свет падтрымаў і выступіў з беззаганным агульным дакументам у дачыненні да масавага вынішчэння ўкраінцаў, але я не маю сумневаў, што той хто пачаў прамаўляць, не спыніцца нават калі яго/яе ўласнага жыцця будзе недастаткова, каб засведчыць чаканы вынік.

Adam Andrzejewski, 2021. U.S. Senator William Proxmire’s Golden Fleece Award Turns 46 Years Old. Forbes.  https://www.forbes.com/sites/adamandrzejewski/2021/06/30/us-senator-william-proxmires-golden-fleece-award-turns-46-years-old/?sh=6e6b8cb0283a

 Adam Bernstein, 2005. William Proxmire, Ex-Senator, Dies. The Washington Times. 2005/12/16/william-proxmire-ex-senator-dies/b913c817-27a0-434e-ab92-ffd8642f064e/

Power, S., 2013. “A problem from hell. America and the age of genocide.”, p.79, p.85.

Timothy Snyder: 6 steps to prove Russian genocide in Ukraine. Putin and Hitler act similarly. 10/24/2022. 

The perplexing Mr. Proxmire. New York’s times, May 28, 1978. p.208.

Wisconsin Historical Society. Golden Fleece Award, 1975-1987. https://content.wisconsinhistory.org/digital/collection/tp/id/70440

Photo https://www.senate.gov/artandhistory/history/common/image/WI_Proxmire_William_1963.htm