Беларусы выступілі на прэстыжным забеге “Hood to Coast”

Каманда “Free Belarus” 26 і 27 жніўня прабегла эстафету даўжынёй 200 міль у Штаце Арэгон з беларускімі і ўкраінскімі сьцягамі.

Забег “Hood to Coast” (“Ад гары да Узбярэжжа”) з’яўляецца самым  вялікім і вядомым у ЗША. У гэтым годзе яму споўнілася 40 год. 

“Hood to Coast”  у народзе называюць маці ўсіх амэрыканскіх эстафет. Працягласьць эстафеты 200 міль, якія неабходна прабегчы за двое сутак. І каманда з 12 беларусаў ЗША меньш чым за двое сутак 26 і 27 жніўня пасьпяхова з гэтай задачай справілася. Свой забег спартоўцы зрабілі ў падтрымку Украіны і Беларусі.

“У кожнай камандзе эстафета займае розны час. Наша каманда прабегла яе за 30 гадзін і 20 хвілін. У ёй было шасьцёра жанчын і шасьцёра мужчын з розных мясьцін Амэрыкі. Атрымалася файна!” – кажа адна з удзельніц, кіроўца  мінібуса Надзея Пынкіна.

Сярод 1044 каманд з капітанам Кацярынай Машохай (Каліфорнія) беларусы фінішавалі 420-мі. А ў сваім дывізіёне са 135 каманд былі 40-мі.

Забег не спыняўся ні удзень, ні ўначы. Два мінібусы падвозілі беларускіх ўдзельнікаў да чарговага адрэзка дыстанцыі, дзе на фінішы і старце бегуны перадавалі адзін аднаму бел-чырвона-белыя і ўкраінскія сьцягі. 

Беларусы загадзя падзяліл дыстанцыю на 36 адрэзкаў. Бегуны прабеглі тры адрэзкі дыстанцыі ўдзень, уначы і раніцай агулам ад 15 да 20 міль. 

“Эстафета – гэта вялікая падзея. Увесь Штат Арэгон жыве гэтым некалькі дзён. Мы беглі праз сам Портланд, лес, горы, да акіяна. Было шмат удзельнікаў, якія памяталі нас з мінулага года. Да нас падыходзілі, віталіся і выказвалі словы падтрымкі. Людзі ведалі, што мы бяжым за свабодную Беларусь і Украіну і падбадзёрваюча крычалі “Go Belarus!” – распавяла Надзея.

Па словах актывісткі, ідэя стварэньня каманды “Free Belarus” пачалася з падарожжа БЧБ сьцяга. У 2020 годзе Асацыяцыя беларусаў Амэрыкі пад кіраўніцтвам Надзеі Нортан правяла такую акцыю ў ЗША. Тады адзін і той жа сьцяг жыхары розных Штатаў перадавалі адзін аднаму. Ён, падхоплены ініцыятыўнымі беларусамі, правандраваў нават па Канадзе і ў мінулым годзе дасягнуў Польшчы. 

Забегам у Арэгоне беларускія удзельнікі распавялі пра Беларусь і зрабілі грашовы збор на падтрымку палітвязьняў і  мабільнага шпіталя імя Пірагова ва Ўкраіне. Усе грашовыя сродкі праходзяць праз фонд “Human Rights Foundation”.

“Мы стомленыя, але вельмі ўражаныя. Для мяне гэта яднаньне з Радзімай. Таксама дапамога рэпрэсаваным беларусам і украінцам у іх сёньняшнім ваенным становішчы”, – распавяла Надзея. 

Забег у Арэгоне адзначыўся не толькі спартыўным азартам і ініцыятывамі, але агульнай салідарнасьцю і хатняй гасціннасьцю ўдзельнікаў і групы падтрымкі каманды “Free Belarus”.

Падрымаць ініцыятыву можна праз збор на Facebook:

https://www.facebook.com/donate/889258202054524/?fundraiser_source=external_url

Далучыцца і сачыць за падзеямі: 

https://instagram.com/belarussportus?igshid=Y2ZmNzg0YzQ=

Алесь Пазьняк

Здымкі прадастаўлены Надзеяй Пынкінай і Надзеяй Нортан