Беларусы паўдзельнічалі ў найбуйнейшым вулічным фэсце Нью-Ёрка

Нягледзячы на дождж, найстарэйшы вулічны кірмаш Брукліна  Атлянтык Антык (Atlantic Antic) прадэманстраваў лепшае з мясцовага бізнесу і забаў для жыхароў Нью-Ёрка.

Atlantic Antic з’яўляецца самым вялікім і найстарэйшым вулічным кірмашом у горадзе. У сувязі з пандэміяй каронавіруса ён не праводзіўся два гады запар. Аднак у гэтым годзе ён вярнуўся з музыкальнымі нумарамі, сямейнымі мерапрыемствамі і гандлем.

Уздоўж Атлянтык авэню, ў нядзелю раніцай 2 кастрычніка, узьняліся шапікі гандляроў з таварамі і ежай. А таксама дзіцячая пляцоўка з надзіманымі домікамі. І хоць надвор’е не спрыяла, усё ж жыхары горада прыйшлі пад парасонамі на сьвята, якое пачалося ў 12 гадзін.

Antic ахапіў 10 кварталаў Атлянтык авэню паміж Чацвёртай авеню і Хікс-стрыт (Hicks Street) з раёнамі Бруклін-Хайтс (Brooklyn Heights), Кобл-Хіл (Cobble Hill), Бурум-Хіл (Boerum Hill) і Форт-Грын (Fort Greene).

Нягледзячы дождж, які часам пераходзіў у лівень, ньюёркцы атрымалі асалоду ад музыкі маладых выканаўцаў і закусачных.

Па словах Сяргея Кудзеліча, аднаго з беларускіх актывістаў, мерапрыемства атрымалася даволі насычаным і шматлюдным. Таксама ён распавёў пра асаблівую цікавасьць да беларускай кухні з боку амэрыканцаў.

Наведвальнікі сьвята памятаюць беларускую кухню яшчэ з мінулых разоў. Мужчына, які падыйшоў да беларускага шапіка запытаўся адным словам: “Га-луб-цы?”. І пакаштаваўшы на месцы, набраў кантэйнер галубцоў дамоў. 

Адна з амэрыканак прызналася, што беларуская кухня вельмі смачная, бо ежа зроблена з натуральных прадуктаў. Амэрыканцы прывыклі да азіяцкай, італійскай ці мексіканскай кухні. Але ёй спадабалася, як прыгатавалі беларусы.

У гэтым годзе беларуская дыяспара прадаставіла на продаж галубцы, смажаную каўбасу, дранікі. Украінцы перадалі варэнікі з бульбай і капустай. 

Актыўны ўдзел у мерапрыемстве ўзялі сябры Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) сумесна з парафіяй Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы.

Аляксандр Хомчанка, стараста Катэдральнага сабора імя св. Кірыла Тураўскага адзначыў, што беларусы падчас мерапрыемства збіралі сродкі на ЗСУ і на падтрымку беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

“Усяго было прадана ежы на 1215 даляраў і 98 даляраў мы атрымалі як ахвяраваньне. У гэты раз мы сабралі толькі на 200 даляраў меньш, чым на мінулым фэсце. Гэта выдатна, улічваючы неспрыяльнае надвор’е! Мы ведалі, што будуць перашкоды, але не апусцілі рукі і з задачай справіліся. Дзякуй за гэта нашым дзяўчатам – Тацяне Красоўскай, Людміле Хомчанке, Аксане Пятрашке, Натальле Федарэнке і ўсёй нашай вялікай камандзе”, – выказаўся спадар Аляксандр.

Па словах Тацяны Красоўскай, якая адказвала за прыгатаваньне ежы, на адных украінскіх варэніках атрымалася зарабіць больш за 300 даляраў, але яны вельмі хутка скончыліся. Таму вырашана, што на будучыню трэба больш прадаваць украінскіх нацыянальных страў.

“Да мерапрыемства пачалі рыхтавацца з серады. А ў нядзелю парадавалі амэрыканцаў духмянымі толькі сьпечанымі беларускімі дранікамі”, – зазначыла спадарыня Тацяна.

Падчас фэсту ў адным з беларускіх шапікаў прадаваліся ўкраінскія тавары ручной працы для падтрымкі ЗСУ. Адказная за гэты аспект з украінскага боку выступае Валянціна Бардакова. 

Фэст Атлянтык Антык штогод праводзіцца Карпарацыяй мясцовага развіцця Атлянтык авэню (AALDC). Говард Колінз, выконваючы абавязкі выканаўчага дырэктара AALDC, распавёў прэсе, што нядзельнае мерапрыемства было традыцыяй раёна, напоўненае культурнай разнастайнасцю.

«Мы вельмі ганарымся Antic. Гэта шматкультурны, шматэтнічны вулічны кірмаш, які прадстаўляе шматграннасьць Брукліна – столькі формаў, столькі асаблівасцей, столькі колераў», – сказаў Говард Колінз.

У гэтым годзе фэсту Атлянтык Антык споўнілася 47 год. 

Алесь Пазьняк

Здымкі Алеся Пазьняка, Алега Гаркаўца, Аляксандры Станкевіч