Беларусы Нью-Ёрка адзначылі Дзяды. Выступіў Зянон Пазьняк

Беларусы Нью-Ёрка, а таксама госьці сабраліся суботнім вечарам, 5 лістапада, у Грамадзкай Залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага, каб  адсьвяткаваць Дзяды. Імпрэзу падрыхтавала Управа Нью-Ёркскага аддзела БАЗА.

Яе вядоўца Натальля Федарэнка агучыла назву мерапрыемства – “Ноч Расстраляных Паэтаў. Абрад ушанаваньня Продкаў, Дзяды”. Яна зьвярнула ўвагу прысутных на тое, што Дзяды з’яўляюцца старажытным беларускім сьвятам з глыбокім сэнсам і філязофіяй. 

“Сёньня мы будзем успамінаць ня толькі сваіх продкаў, якія адыйшлі. Але будзем успамінаць ахвяр рэпрэсій мінулага стагодзьдзя. У ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя 132 прадстаўніка беларускай эліты: паэты, пісьменьнікі, драматургі ды культурныя дзеячы карнікамі з НКУС. Беларусы ва ўсе часы будуць памятаць тых нявінна загіблых дзеячоў, асабліва ўсьведамляючы, што яны былі забітыя за сваю беларускасьць,” – сказала Натальля.

Пасьля ўступнага слова вядоўца перадала слова Зянону Станіслававічу Пазьняку, які распавёў пра геапалітычную сітуацыю вакол Беларусі і ва Украіне, а таксама ўзгадаў пра Курапаты і ўшанаваньне Дзядоў. У сваёй прамове ён зрабіў гістарычны экскурс, дзе паказаў карані сучаснага злачынства, якое адбываецца на Усходзе Эўропы. 

“Злачынства пачалося з XVII стагодзьдзя пры маскоўскім цары Аляксеі Міхайлавічы. Гэта час, калі пачала фармавацца новая арда. Яе палітыкай стала зьнішчэньне Вялікага Княства. У выніку войнаў з насельніцтва ў тры мільёны чалавек у Вялікім Княстве засталося толькі  паўтара мільёна. Фактычна палова была вынішчана. Тое самае робіцца ва Украіне сёньня. Працягваецца палітыка вынішчэньня ўкраінскай нацыі,” – зазначыў Зянон Пазьняк. 

Палітык засяродзіў увагу прысутных на тым, што сёньня Дзяды сьвяткуюцца ў незвычайных умовах у стане вайны з Расеяй. Па ягоных словах на сёньняшні дзень ёсць хоць невялікі, але шанец, дэзінтэграваць імпэрыю. І для гэтага недастаткова сіл адной Украіны. Гэта павінна ўсьвядоміць Эўропа. 

Таксама лідар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ дадаў, што Дзяды паказваюць злачынствы рэжыму, які працягвае панаваць у Расеі.

“За Саветамі Дзяды былі забаронены. Але калі ў 1988 годзе Дзяды пачалі сьвяткаваць, гэта сьведчыла аб адраджэньні нацыі. Гэта не магло не закрануць грамадзтва. Яно было глыбока ўскалыхнута. А камунізм пацярпеў паразу. А ўжо ў  1991 годзе Беларусь набыла незалежнасьць. Грамадзтва 70 гадоў выхоўвалася ў каланіяльнай сістэме думаньня. Людзі тады не да канца разумелі, што адбылося,” – падкрэсьліў палітык.

Пасьля прамовы Зянона Пазьняка кожны прысутны мог падзяліцца думкамі і прачытаць верш забітага ў 1937 годзе паэта ці верш аб тых падзеях, якія тады адбыліся. 

Сярод выступоўцаў былі Надзея Шыкаловіч, Аксана Раманюк, Гэнік Лойка, Ганна Сурмач, Міхал Чаропка, Ірына Хадарэнка, Алесь Пазьняк, Ігар Вырвіч, Галіна Пазьняк, Натальля Федарэнка. Уласнымі вершамі пра Радзіму падзяліўся Павел Надольскі. 

Вечар скончыўся гутаркамі і знаёмствамі з новымі людзьмі, якія завіталі, каб прыяднацца да адзначэньня Дзядоў.

Алесь Пазьняк