БЕЛАРУСКА Ў АМЭРЫЦЫ ЗЬБІРАЕ НАРОДНАЕ АДЗЕНЬНЕ З РАДЗІМЫ

Часам можна пачуць, што тых, хто з’язджае з роднай краіны і жыве за мяжой працяглы час, перастаюць турбаваць пытаньні самаідэнтыфікацыі. І людзі проста прыстасоўваюцца пад рэчаіснасць, губляючы свае карані. Але гэта не датычыцца Волі Дземкі, прадзюсаркі і рэжысэркі, якая каля 20 год жыве ў амерыканскім Сіэтле. Жанчына мае незвычайнае захапленьне – збірае беларускае народнае адзеньне мінулых часоў. Гэтым самым яна папулярызуе Беларусь далёка за яе межамі.

ПАЧАЛОСЯ ЎСЁ СА СЬПЕВАЎ
Яшчэ жывучы ў Беларусі, Волю цікавіла краязнаўства, старажытная гісторыя, а таксама народныя сьпевы. Яна брала ўдзел ў этна-фолкавым гурце “GUDA”, які быў утвораны ў 1996 годзе.
“Сьпяваць – гэта маё. Калі пераехала ў ЗША, то і тут пачала займацца творчасьцю. Разам з іншымі дзяўчатамі стварылі гурт “VOLYA”, дзе выконвалі народныя песьні. Ён існуе з 2009 года. У гурт прыйшлі знаёмыя дзяўчаты і нават адна не беларуска. Для прыкладу, у “VOLIA” сьпявае балгарка Дарынка, якая вывучала беларускія народныя песьні на факультэце этнаграфіі ў Санкт-Пецярбургу”, – распавядае Воля.
Дарэчы, Воля гэта ніякая ня Вольга, бо ў пашпарце яна таксама Воля. Гэтым жанчына ганарыцца.
Для выступаў дзяўчынам трэба было народнае адзеньне якога не было і жанчына пачала шукаць. Першую кашулю Вольга набыла на аўкцыёне “eBay”, на якім была выстаўлена «русское платье». Але пільнае вока сьпявачкі заўважыла, што гэта нешта зусім іншае. Вольга зьвязалася з прадаўцом і высветліла, што гэта ніякае ня “платье”, а вопратка бабулі прадаўца з Веткаўскага раёна.
“Гэта быў веткаўскі народны строй з Гомельскай вобласці. Хацела даведацца ў гэтага чалавека болей пра яго гісторыю, пра бабулю. Але ён нічога мне не сказаў. Ня выдаў ніякай інфармацыі. Акрамя гэтага прыгожага строю, набыла яшчэ ў яго рушнікі з Гомельскай вобласці, якія ён прадаваў, як “русские полотенца”. Гэта былі першыя зярняты маёй калекцыі”. Так што народнае адзеньне – гэта пабочка ад таго, чым я першапачаткова пачала займацца ў ЗША”.

Жанчына шукае аўтэнтычныя рэчы ў беларускіх вёсках і інтэрнэт-аўкцыёнах і набывае іх за ўласныя грошы. Штосьці з набытага трэба рэстаўраваць і абнаўляць. Штосьці прадаецца ў вельмі добрым выглядзе. Для некаторых строяў не хапае некаторых элементаў. Таму, зімовымі вечарамі, калі сын – школьнік Антось глядзіць мульцікі, жанчына дарабляе набытую прыгажосць. Але 90% ад таго, што мае калекцыянерка – гэта рэальнае народнае святочнае адзеньне мінулых часоў.
Зараз у Волінай калекцыі 234 элемента адзення, што складаюць поўных 32 жаночых строя ХІХ стагоддзя. Акрамя іх ёсць і 3 мужчынскія. Воля назьбірала шмат палескіх строяў – кобрынскі, жабінкаўскі, бярозаўскі, маларыцкі, альшанскі… Бракуе строяў з Віцебскай вобласьці, але этнографка спадзяецца, што ўсё яшчэ наперадзе.
Захапленне прывяло да таго, што прыйшла ідэя стварыць фотаальбом для таго, каб іншыя людзі змаглі ўбачыць гэтую прыгажосць.

ХВАРОБА І ВАЙНА НЕ ПЕРАШКОДЗІЛІ ФОТААЛЬБОМУ
“Калі ў краіне вымываецца ўсё беларускае, зачыняюцца выдавецтвы, чыняцца рэпрэсіі, патрэбна нешта рабіць, каб паказаць, што Беларусь існуе, не гледзячы ні на якія акалічнасці”, – распавядае Воля.
Першы фотаальбом прафесійная прадзюсэрка і відэаздымачка выпусьціла ў 2021 годзе. Для якога сама зрабіла ўсе кадры. У якасці жанчын у строях першапачаткова планаваліся прафесійныя амэрыканскія мадэлі. Але потым Вольга зразумела, што гэта будзе зусім не тое, чаго яна хоча. І тады прыйшла ідэя апрануць у старадаўнюю вопратку зводную сястру хрэсьніцы – Жэню. Атрымалася, на думку Вольгі, выдатна. Бо хударлявая юная Жэня змагла “ўлезці” ва ўсе касьцюмы невялікіх памераў, бо раней дзяўчыны шлі ў замужжа даволі рана, у 14 – 15 год.
“Першы альбом атрымаўся больш як каталог. У ім я паказала, што ёсць ў назбіранай калекцыі. Яго вельмі аздобіла сваёй прыгажосцю Жэня. Але другі альбом атрымаўся больш грунтоўны. У папяровай версіі ён мае 140 старонак на дзвюх мовах – беларускай і англійскай. Ёсць таксама электронная вэрсія, якую можна набыць у інтэрнэце. Калі ў першым альбоме была толькі мая сваячка Жэня, то ў другім бясплатна да працы далучылася сям’я з Беларусі, якая цяпер жыве ў Сіэтле – Антон і Дар’я Слабада”, – кажа калекцыянерка.
Выдаць фотаальбом аказалася справай няпростай, так як Вольга рабіла яго фактычна паміж сэансамі хіміятэрапіі. Тры гады, як яна ўжо змагаецца з рэдкім цяжкім аўтаімунным захворваньнем, пры якім на ёй тэстуюць пэўныя лекі. Таму нават інтэрв’ю было не так проста зрабіць, бо Воля толькі прайшла чарговы курс “хіміі”.
“Я адношуся да свайго захворвання так, як быццам у мяне вечны каронавірус”, – усьміхаецца Воля.
Яшчэ адна акалічнасьць – гэта вайна ва Ўкраіне. Справа ў тым, што другі альбом фактычна быў падрыхтаваны 23 лютага бягучага году. А 24 пачаліся баявыя дзеяньні. Вользе казалася бессэнсоўным выдаваць альбом, калі ўвага ўсіх, у тым ліку і яе, была прыкаваная да інфармацыйных паведамленьняў, а потым да рэальнай дапамогі ўкраінцам, апынуўшымся ў бядзе. Але яна пайшла на такі крок і альбом пабачыў сьвет, атрымаўшы самыя лепшыя водгукі.
“Мой занятак – гэта і аддушына, і тэрапія адначасова. Пры маёй хваробе – гэта пазітыўныя моманты, якія мяне натхняюць. Няма нейкага рэцэпту, каб захаваць беларушчыну. Я ўсё раблю не таму што трэба, а таму што не магу не рабіць, бо я – творчы чалавек”.

ПРЫПЫНЯЦЦА НЕ ЗЬБІРАЮСЯ
Частка калекцыі Волі Дземкі пабывала на дабрачынным вечары ў падтрымку Украіны, які ладзіўся 19 траўня і дзе яна прадставіла і украінскія строі. Падчас яго фондам “You Are The Angel” было сабрана 38 тысяч даляраў для ўкраінскіх уцекачоў і жыхароў прыфрантавых тэрыторый на медыкаменты, ежу, ваду і іншае. Часам валанцёры фонда дастаўляюць неабходныя рэчы людзям нават пад артылерыйскім агнём.
10 верасьня Вольга прадставіць назьбіраныя строі на ўкраінскім фестывале ў Сіэтле. Потым плянуецца “Metropolitan Fashion Week”, які пройдзе 24 верасьня таксама ў Сіэтле. 1 кастрычніка пройдзе паказ у Лос-Анджэлесе. Таксама ёсьць пляны і на іншыя амэрыканскія гарады.
“Калі пачала зьбіраць беларускія строі, стала прыліпаць нешта памежнае, блізкае. Так, акрамя беларускіх, паступова з’яўляліся ўкраінскія. Цяпер у маім куфары 15 жаночых і 3 мужчынскіх ўкраінскіх строяў. Усе яны будуць паказаныя на ўкраінскіх мерапрыемствах у Амэрыцы. Прыпыняцца я не зьбіраюся. Тым больш, што ўкраінскае зараз прасоўваць лягчэй, чым беларускае”, – падкрэсліла зьбіральніца.
У планах этнографкі стварэньне беларускага музэя ў Сіэтле. Але гэта толькі задумка. А пакуль Воля лічыць, што трэба рабіць усё магчымае, каб паказаць прыгожую Беларусь усяму свету праз колератэрапію народнага адзення.

Фатаздымкі з альбому Волі Дземкі
Паглядзець фотаальбом можна ТУТ
Размаўляў Алесь Пазьняк