БАЯВЫ ДРОН УЖО НА ЎЗБРАЕНЬНІ ПАЛКА КАЛІНОЎСКАГА

Цэлы месяц сябры Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларусь” наўпрост зьбіралі сродкі сярод беларусаў на набыцьцё баявога дрона для дабраахвотніцкага палка імя Кастуся Каліноўскага, што ў складзе ўзброеных сілаў Украіны змагаецца з рашысцкім агрэсарам і акупантам.
Вельмі дапамаглі ў зборы грошай беларусы Нью-Ёрка, Філадэльфіі, Сабор сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку, а таксама беларусы Канады (Суполка «Таронта» Руху «Вольная Беларусь» і Беларуская Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта).
Неабходныя сродкі былі сабраныя, і сябры Руху паехалі на завод вытворцаў ва Украіне, набылі баявы дрон “Кажан Е 630”, прывезьлі і 4-га студзеня перадалі ваярам палка Каліноўскага. (Перадалі таксама лекі.)
Жыве Беларусь! Слава Украіне! Сьмерць рашысцкім бандытам і маскоўскім акупантам!
Рух “Вольная Беларусь” заўсёды будзе падтрымліваць і дапамагаць героям і змагарам за вольную Украіну і вольную Беларусь.
Рух заклікае ўсіх беларусаў дапамагаць у камплектацыі палка Каліноўскага зброяй, транспартам, медыкаментамі і рыштункам. На аснове гэтай баявой адзінкі павінна фармавацца і вырастаць Беларуская вызвольная армія — надзея вызваленьня Беларусі.
10 студзень 2023 г.
Інфармацыя Руху “Вольная Беларусь”