Альманаху “Беларус” споўнілася 15 год

Марат Клакоцкі, заснавальнік і выдавец літаратурнага альманаха беларускіх пісьменнікаў замежжа “Беларус” прэзентаваў новы нумар выданьня за 2022 год.
Сустрэча і прэзэнтацыя адбылася ў грамадзкай залі Сабора Сьв. Кірылы Тураўскага 26 лістапада а пятай гадзіне вечара. Гэта 16 выпуск альманаха, які выдаецца са жніўня 2007 года. А само выданьне жыве ў літаратурнай прасторы ўжо 15 год. Пра гэта ўзгадаў Віталь Зайка, сталы аўтар “Беларуса”, кіраўнік Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня”, які і адкрыў сустрэчу.
Спадар Зайка падкрэсьліў, што “Беларус” працуе на карысьць беларускай культуры ў замежжы. І яго варта падтрымліваць тэкстамі і сродкамі. Дарэчы, сам Віталь Зайка прачытаў усе тэксты і зрабіў summary выданьня.

Марат Клакоцкі, падчас выступу сказаў, што альманах створаны для пісьменнікаў замежжа. І экзэмпляры “Беларуса” ёсьць па-за межамі Амэрыкі. Для прыкладу, ён рэгулярна дасылае выданьні ў вучэбныя ўстановы Польшчы – Варшава, Кракаў, Беласток.
Сярод удзельнікаў сустрэчы былі некаторыя аўтары “Беларуса”. Адзін з іх – гэта Віктар Едзіновіч. Ён прадставіў да друку два сваіх апавяданьні: “Апошні карчоўшчык” і “Ня тэхніка, а людзі!”, аб ваенных падзеях II Сусьветнай вайны.
Журналістка Тацяна Заміроўская, якая ў свой час супрацоўнічала з “Белагазетай”, “Радыё Рацыя”, “Музычнай газетай” і стала папулярнай пісьменніцай ў Расіі, але стала жыве ў ЗША, прадставіла сваё першае апавяданьне па-беларуску.
Пасьля гэтага Тацяна напісала ў Facebook:
“Гэты момант павінны быў настаць і ў маім жыцці! Упершыню ў жыцці напісала апавяданне па-беларуску, і вось яны, бонусы – надрукавалася ў альманаху “Беларус” побач з Зянонам, а таксама атрымала фота з Зянонам!”

Зянон Пазьняк выступіў у гэтым нумары “Беларуса” ў новай ролі. У альманаху выйшла ягоная тэтралёгія “Эвангельскія дзеі” (“Ірад”, “Хрыстос”, “Юда”, “Пётра”), напісаная ў сярэнявечным жанры міракляў, міралітэ, беларускай народнай драмы і батлейкі. Гэты жанр, на думку аўтара, можа перадаваць тонка хрысьціянскія і эвангельскія тэмы.
Але выступ аўтар пачаў з таго, што 26 лістапада распачаўся Слуцкі Збройны Чын і прыгадаў гістарычна падзеі 1920 года, сучасных ваяроў і абаронцаў Беларусі і Украіны. А потым распавёў пра свае новыя творы з прэзэнтаванага выданьня, якія калі-небудзь будуць пастаўлены ў тэатры.
Галіна Пазьняк распавяла пра пачатак вайны ва Украіне і беларускіх валанцёраў, якія кінулі працу, каб дапамагаць забяспечваць беларускіх вайскоўцаў ва Украіне неабходным рыштункам, сродкамі, вопраткай. У альманаху выйшла інтэрв’ю з адным з іх – Андрусём, які паказаў сваё бачаньне сітуацыі і працу на карысьць перамогі Украіны над агульным ворагам.
Зьміцер Левіт, чалавек, які распаўсюджваў незалежную прэсу ў Беларусі ў канцы 1980-ых да 1992 года, сябра БНФ, беларускі жыд, распавёў пра свой шлях да Беларусі для ўсіх прысутных. Ён 30 год стала жыве ў ЗША, працуе ў ахове і служыць у амэрыканскім войску. Але не згубіў беларушчыны ў сваім сэрдцы.

Падчас прэзэнтацыі і пасьля можна было задаць пытаньні любому аўтару, абмяняцца думкамі, ідэямі, набыць альманах, календары, ахвяраваць сродкі на ЗСУ.
Ганна Шарко, якая прадстаўляе беларускі бізнэс у ЗША і IT, а таксама вялікую суполку ў Facebook “Беларусы ЗША. Разам лягчэй” прыпаднесла торцік Марату Клакоцкаму ў гонар 15-годзьдзя выданьня.
Прысутныя таксама змаглі атрымаць аўтографы ад аўтараў, пагутарыць адзін з адным за кубкам кавы. Сёлета ў альманаху сабраныя творы 24 беларускіх літаратараў замежжа. Некаторыя з іх з’явіліся па-беларуску ўпершыню.
Беларусы ЗША могуць замовіць альманах у Марата Клакоцкага вось па гэтых мэйлах: mklakotski@gmail.com, zamova@e-krama.com
Алесь Пазьняк
Здымкі: Алесь Пазьняк, Віктар Дудараў



















